Храм у Сталовічах–цэнтр радзівілаўскай камандорыі мальтыйскага ордэна.
Як вядома, сын Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі—Жыгімонт Караль быў камандорам першага на Беларусі ордэна Мальтыйскіх рыцараў. З гэтай нагоды бацька падараваў сыну шэраг маенткаў, з цэнтрам ў Сталовічах. Наш расповяд—аб галоўным храме Сталовіцкай камандорыі.
У 1610 г. на месцы помніка касцёльнай архітэктуры віленскага барока ў в. Сталовічы па загадзе уладальніка маентка–князя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі была ўзведзена драўляная капліца, прызначаная для рыцараў-шпітальераў і для прывезенай ім з Італіі скульптуры Божай Маці з прадвечным немаўляткам. Скульптура была зроблена з букавага дрэва велічынёй крыху болей за 1 метр, пакрыта срэбнай рызай, а галовы Божай Маці і немаўляці былі ўвенчаны срэбнымі пазалочанымі каронамі. Існуе паданне, як Ларэтанская мадонна была набыта князем Мікалаем Радзівілам Сіроткай. Князь, вандруючы па свеце, аднойчы трапіў у італьянскі горад Ларэта. Дачуўшыся пра розныя цуды, яўленыя ў Ларэтанскім касцёле скульптурнай выявай Божай Маці, ён пажадаў мець яе ў сябе дома. Пасля доўгіх упрошванняў і перамоваў мясцовыя духоўныя асобы пагадзіліся прадаць яе, пры ўмове аплаты золатам, колькасцю роўнай яе вазе. Статую паклалі на шалі і князь пачаў сыпаць золата на супрацьлеглы іх бок. Аднак шалі не падняліся, нават калі вага пакладзенага золата ўжо перавысіла сапраўдную вагу скульптуры. Князь Мікалай зразумеў, што выяву набыць не атрымаецца, і вырашыў вывезці яе з Ларэта патаемна. Зрабіць гэта ўдалося, але духоўныя асобы дагналі князя, і ён паплаціўся ўсім наяўным золатам. Скульптура ж была пакінута Радзівілу, у знак павагі да яго рэлігійнасці. З цягам часу чуткі аб яе цудадзейнасці распаўсюдзіліся і на беларускіх землях, пасля чаго ёй пачалі прыносіць прынашэнні.
У 1637 г. сын Мікалая Радзівіла Сіроткі, на той час ужо камандор Мальтыйскага ордэна Жыгімонт Караль Радзівіл фундаваў збудаванне у Сталовічах драўлянага касцёла Св. Марыі і Яна Хрысціцеля. “Штопанядзелак у касцёле мела быць імша па памёрлых магістрах і рыцарах Мальтыйскага Ордэна са спяваннем літаніі. Па памёрлых братах-рыцарах служылася ўсяночная на сырапусную нядзелю і наступны панядзелак. На аўторкі прызначалася служба і малітва пра захаванне каталіцкага касцёла, пра вынішчэнне яго ворагаў, ерэтыкоў і раскольнікаў, а таксама пра мір і згоду хрысціянскіх уладароў і пра зберажэнне Вялікага Магістра і рыцараў Мальтанскага Закона. На вялікія святы і штопятніцу мелі адпраўляцца хросныя хады за мір і зберажэнне Мальтыйскага вострава і Ордэна ад турак… Напярэдадні свята Панны Марыі (8 верасня) мела адбывацца абедня за братоў-рыцараў, што загінулі ў Вялікай аблозе Мальты, падчас якога востраў быў вызвалены ад турак”. Пробашч Сталовіцкага касцёла меў права насіць мальтыйскі крыж. Фундуш Жыгімонта Караля на ўзвядзенне касцёла быў зацверджаны кіраўніцтвам Мальтыйскага ордэна ў 1638 г. Каля касцёла ў 1637–39 гг. была вымуравана невялікая, прамавугольная ў плане капліца, асвечаная ў гонар Маці Божай Ларэтанскай. Туды была перанесена цудадзейная скульптура Божай Маці. Капліца ня мела вокнаў, аднак была з адтулінай у скляпенні – быццам у перайманне таго дома, у якім жыла Божая Маці (запрошаны з Італіі архітэктар зрабіў копію вядомай капліцы ў Ларэта). Пасля спусташальнай вайны 1654–1667 гг. касцёл у Сталовічах давялося адбудоўваць наноў, аднак Ларэтанская капліца ацалела. Там захаваўся і “слынны абраз цудоўны Найсвяцейшай Панны Марыі”.
У 1740 г. пачалося будаўніцтва галоўнага храма Сталовіцкай камандорыі Мальтыйскага ордэна – велічнага мураванага касцёла Яна Хрысціцеля, святога ахоўніка шпітальераў. Храм у Сталовічах узводзіўся на ахвяраванні (50 000 злотых) тагачаснага ўладальніка мястэчка, рыцара Мальтыйскага ордэна, камандора познаньскага Сымона Дамброўскага. Трэба адзначыць, што на той час сталіца шпітальераў Ла-Валета здзіўляла сваёй велічнасцю ўсю Еўропу, таму нават “шараговыя” храмы ордэна мусілі ўвасабляць яго сілу і магутнасць. Гэтым і тлумачыцца прыцягненне да будаўніцтва знакамітых дойлідаў: праект Сталовіцкага храма ствараў архітэктар італьянскага паходжання Іосіф Фантана. Паводле задумы архітэктара, старажытная Ларэтанская капліца была ўключана ў тэктоніку новай святыні, дакладней, далучана да яе. Згодна з праектам, капліца засталася ўнутры храма, з усходняга яе боку ўзвялі заалтарную прыбудову. Святло ў капліцу перадавалася цераз алтарную нішу. Скульптурная выява Божай Маці, якая знаходзілася ў прыбудове, была ўсталявана так, што цераз алтарную адтуліну яе бачылі і ў галоўным храме. Складаным было сячэнне апорных слупоў базылікі, запраектаванай І. Фантана: яны нагадваюць у плане васьміканцовы латарынгскі крыж.
Пасля смерці Фантаны ў 1741 г. будаўніцтвам сталовіцкага касцёла кіраваў Ян Глаўбіц (1743–1746 гг.), менавіта па яго праекце ў стылі барока выканана пышнае дэкаратыўна-пластычнае аздабленне храма: галоўны трох’ярусны алтар з ляпной кампазіцыяй “Глорыя” ў завяршэнні і скульптурамі Хрыста і Яна Хрысціцеля па баках і двух’ярусныя ляпныя алтары ў бакавых нефах. У цэнтры алтара над дзвярыма быў змешчаны барочны картуш з рэльефнай выявай адсечанай галавы Яна Хрысціцеля. Высокія ваконныя праёмы таксама былі аздоблены ляпнымі абрамленнямі. Ордэн іаанітаў на Беларусі быў скасаваны ў 1817 г., і далей храм найверагодней дзейнічаў як звычайнае прыходскае культавае збудаванне. Пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 г. каменны будынак касцёла Іаана Хрысціцеля на ўрадавыя сродкі (каля 10 000 руб.) быў перабудаваны і пераасвечаны ў праваслаўную царкву.
Падчас гэтай перабудовы былі страчаны ажурныя тэлескапічныя вежы і фігурныя франтоны на гарызантальных ярусах фасада, на будынку з’явілася пяцікупалле, у франтоннай частцы – званіца з 7 званамі. Падчас прыстасавання будынка пад царкву былі знішчаны таксама арган і амбон, а прастора апсіды стала вылучанай трыма драўлянымі іканастамі. Галоўны з іх налічваў 22 абразы, размешчаныя ў 4 рады, а два астатнія – 11 абразоў, размешчаных у два рады. Многія з абразоў былі ўпраўлены ў срэбныя аклады. За апсідай быў створаны прыдзельны храм, злучаны з малітоўнай залай бакавымі праходамі. Меліся тры прастолы: галоўны ў імя святога благавернага князя Аляксандра Неўскага, прыдзельны за галоўным алтаром у імя Успення Божай Маці і прыдзельны – з правага боку ад галоўнага алтара. Пры ўваходзе над невялікім нартэксам на двух калонах размесцілася галерэя хораў.
У храме быў багаты царкоўны рыштунак: срэбны літургічны посуд, срэбны напрастольны крыж, срэбная даразахавальніца і тры Евангеллі з прыгожымі срэбнымі і пазалочанымі ўпрыгожваннямі. Тут жа захоўваліся і два экземпляры старажытных нотных рукапісаў царкоўных песнапенняў з поўным тэкстам усіх вершаў. Большасць тых каштоўнасцей у пазнейшыя часы падчас шмалікіх ліхалеццяў знікла. У 1915 г. з храма была вывезена ў Расію і цудадзейная скульптура Маці Божай Ларэтанскай.На сённяшні дзень у будынку былога касцёла дзейнічае Царква Аляксандра Неўскага. У сакрысціі храма захоўваюцца некаторыя каштоўныя творы дэкаратыўна-прыкладнога культавага побыту: барочны рэлікварый (XVIII ст., пасярэбраная і пазалочаная латунь), пяціражковы падсвечнік (1900), міраносіца (ХІХ ст.)
Radziwill.by шчыра дзякуе Настассі Жарскай за напісанне артыкула спецыяльна для нашага сайта.





