Апошнiя хвiлiны князя ваяводы (Пане Каханку) Юзаф Ігнацы Крашэўскі Mors ita... Sicut vita. ...Нашага апошняга падарожжа зь вяльможным князем, а хоць бы сто гадоў я жыў, -- не забуду. Бо то ж была дарога, даруй Пане Божа, крыжовая. Князя ўжо, бадай, нават за тым часам, калi мы ў Берлiн i Ўроцлаў езьдзiлi да тамтэйшых iхнiх дактароў, якiя анiчым нам не дапамаглi, было ўжо не пазнаць. Ён страшэнна перамянiўся -- спахмурнеў, зрабiўся нудны, маўклiвы, пануры, забыякавеў да ўсяго. Сядзiць сабе ў крэсьле, рукi на жываце, пакручвае набрынялымi пальцамi, звесiць галаву на грудзi, сапе i маўчыць. Прыйдзе каторае з нас, кашляне, каб падаць знак пра сябе (бо ён ужо нiчога ня бачыў), дык пазнае па голасе, падыме часам галаву: А што там? -- спытаецца,--i не дачакаўшыся адказу, зноў занурыцца ў задуменьне. Мы дык ужо ўсе аж цi не занадта добра ведалi, што ён даўно нiчога ня бачыць; але сам ён нiколi гэтага не прызнаваў, хiба што самым-самым давераным; перад iншымi строiў зь сябе, што толькi недабачвае. У Нясьвiжы, пане лiтасьцiвы! -- ён меў усё, чаго толькi душа спрагнуць магла; але апанаваў яго нейкi неспакой, што ня мог князь уседзець у горадзе. Закарцела яму ехаць. Куды? У Белую? Чаго? -- ён i сам, бадай што, ня ведаў, небарака... Ат, у горадзе журба заядала... абы зь месца зрушыцца. -- Сьвятару сказаў, што хоча ў Лясную, наведацца да Найсв. Панны! Мараўскаму,-- што там паветра лепшае; мне -- што там вада здаравейшая; князю Геранiму,-- што ў Белай забыўся шкатулачку з паперамi, якiя павiнен забраць сам, бо паперы вельмi важныя: але ўсё гэта былi чысьцюткiя байкi; па сутнасьцi, яго ўжо забiрала перадсьмяротная трывога. Увечары ў чацьвер, як во цяпер памятаю, выйшла распарада зьбiрацца ў дарогу. Бралi i мяне, бо князь часам любiў пазводзiцца са мною. Першымi заварушылiся распарадца службаў i кухнi, пачалi запрагаць i перапрагаць цугi; цалюсенькую ноч усё кiпела, як у катле, беганiна па сходках то ўнiз, то ўгору, па надворку, па стайнях зь лiхтарамi -- бо от жа раптоўна ўсё гэта ўброiлася, нiхто i не спадзяваўся. Доктар толькi плячмi перасмыкаў. Пытаецца ў яго князеў сястранец, пан палкоўнiк Мараўскi, -- цi не зашкодзiць? -- дык доктар буркнуў на тое: А ўсё роўна, не зашкодзiць i не паможа, хай ужо сабе едзе, калi зарупела. Хто ведае? а раптам? зьменiць паветра, а можа, яго гэта якраз i развярэдзiць. Але дзе там! Ужо на першым начлезе так задумаўся, так занурыўся ў развагi, што слова дапытацца было нельга. Другога дня крыху нас усьцешыў, бо выглядаў жывейшым i еў лепей. Увечары прыйшла мая чарга дзяжурыць. Я прызасьцiў сьвечкi, сеў каля печы, чакаю, што Бог пашле. Князь крэкнуў: -- Ёсьць там хто? -- Я тут, вяльможны княжа. -- Так цёмна, што й ня бачу васана. -- Я нарочна прыцьмiў сьвятло, каб вяльможнаму князю ня дужа сьляпiла. Ён махнуў рукою. -- Каторая гадзiна?.. Я зiрнуў на гадзiньнiк-цыбулiнку -- пайшло ўжо на дзевятую. -- Па восьмай ужо, вяльможны княжа. -- Што там на дварэ? -- Слота, вяльможны княжа. -- Што там робiцца зь месяцам? бо я ўжо забыўся. Маладзiк цi што? -- Апошняя квадра. Ён шапнуў i замоўк. А я i тым, што пачуў, суцешыўся, бо князь даўно ўжо столькi не гаварыў. -- Цi ёсьць там якая газецiна з Варшавы? -- спытаў. -- Па дарозе ня бралi, а апошнiя ў Нясьвiжы. -- А я ж казаў, каб крэсы за мною iшлi: то ж бо той мне сеймавы час... I зноў замоўк, уздыхнуўшы. Гэтым вечарам ужо больш не азываўся; працягнуў толькi руку на стол па ружанец, якi застаўся яму пасьля Сiроткi, i пачаў малiцца. Скончыўшы малiтвы пажадаў легчы ў ложак. Мы распранулi, разьдзелi яго, i начное дзяжурства нёс ужо нехта iншы. Казалi, што спаў досыць добра, толькi праз сон некалькi разоў ускрыкнуў. Ранiцай пасьля куляшу -- карчма была агiдная -- мы рушылi далей у дарогу. Восеньская слота як на тое не адступалася; хоць цужных коней у запрэжцы было восем, мы мусiлi iсьцi, нагой за нагу чапляючыся. Не без таго, каб у гразi пасьля ўсiх гэтых нашых вярцепаў карэта ня хiлялася, хоць гайдукi ўвесь час падтрымлiвалi яе, а часам нават, можна сказаць, ледзь не на плячах вывалоквалi. I гэта давалася князю ў знакi, бо часам стагнаў. -- Цяпер бо i дарогi, як людзi, няма ладу як параскiсалi,-- бурчаў ён,-- даўней такiх ня бывала. Увечары, толькi мы былi спынiлiся ў плебанii, ён павiтаўся з ксяндзом i пасьпяшаўся ў ложак. У ложку вячэраў, у ложку, лежачы, сказаў пацеры (на што меў касьцельны дазвол) i неўзабаве задрамаў. Сон быў зноў неспакойны. Так вось мы i даехалi, а дакладней -- давалаклiся да Славацiчаў над Бугам. Нiчога на сьвеце ня ведаю больш сумнага за гэты заканурак у княскiх землях; хоць ён i надбужны, славуты край, але, далiбог i дапраўды,-- пустэльня, звылюднеласьць, толькi лясы i лясы, толькi сосны, балотныя купiны ды пясчаныя завалачы. Двор на аканомii стары, драўняны, -- зараней падчышчаны, вышараваны, абкураны, аерам пасыпаны, пазавешваны i высьцелены, як толькi можна было падрыхтавацца найлепей. Князь займаў вялiкi пакой, цёплы, зацiшны, бо нездарма ж мы трымалi Багушэвiча, якi ўмеў зь нiчога выстраiць палац. Князь, дабраўшыся да Славацiчаў, пачуўся стомленым i сказаў, што некалькi дзён адпачне тут; хоць i няшмат вёрстаў заставалася да Белай. Багушэвiч паехаў паперадзе ў замак, каб там усё падрыхтаваць; але ў нас пра тое ня было нiякага страху, хiба што трэба, каб загадзя прапалiлi ў печах, каб не напусьцiлi чаду. Зь Белай сюды загадзя, на выпадак, i для кухнi завезьлi ўсё, што было трэба; хапала ўсяго. Увечары славацiцкiя жыды зь вялiкай помпай прынесьлi на кухню велiзарнага дваццацiфунтовага шчупачыска, на драўляным падносе, абшытым кармазынавай кiтайкай, зь лiмонам у пашчы, за што князь загадаў выдаць iм пяць дукатаў, але тыя грошай не ўзялi. Было нам тут няблага, знайшоўся i забясьпечаны скляпок у Стшалкоўскага, якi сядзеў на гаспадарцы -- i добра яму сядзелася. Ды такi яно было някепска, толькi страх як нудна... А тут яшчэ i дождж завёўся -- цырк-цырк, пырсь-пырсь -- ад вiдна да цямна. Уздыхалi мы аж да самага бельскага замка -- цесната там, увесь двор у доме анiяк ня можа разьмясьцiцца; мы тулiлiся дзе i як каму ўдалося,-- у шопках, па хатах, па корчмах, па жыдоўскiх дамах, а конi пад павецямi i ў аборах, дзе гною па каленi даставала. Неяк аднаго вечара зноў прыпала мая чарга дзяжурыць. Ледзь толькi я сеў, як князь тут жа i пытаецца: -- Ёсьць там хто? -- Глiнка, вяльможны княжа. -- Каторая гадзiна? Я зiрнуў, было палова дзевятай, але мы ўсе былi радыя, што ён раней звычайнага лёг адпачываць, выцягнуўся, засьне i набярэ сiлы; я думаў, што не зграшу, калi крыху прысьпешу гадзiньнiк. I я сказаў, што дзевяць. -- Як ён цяпер той час ляцiць,-- пачаў ён,-- даўней, пане каханку, ого, езьдзiў i на раку i на сьлiмаку, а цяпер вось крылы сабе прыстроiў. Гм! а што на дварэ? -- Крыху прасьвятляецца. -- Зь якога боку? Адказваць было цяжка, бо князь ня любiў, калi яму хто не дагаджаўся веданьнем, асаблiва, калi заходзiлася пра пару i неба; ён заўсёды казаў, што шляхцiц як жаўнер, дзень i ноч павiнен ведаць, што на небе робiцца, адкуль вецер i якiя там ходзяць хмары. I я пальнуў па памяцi, што з захаду, бо ў нас амаль усё i заўсёды iдзе з захаду, i слота i пагода. -- А яно ж бо й няблага было б,-- сказаў,-- але ты, Глiнка, мабыць, ня ведаеш, дзе ў Славацiчах захад? трэба было папытацца ў жыдоў, яны ўсё ведаюць. -- Але ж я ведаю, вяльможны княжа. -- На здароўе табе, пане каханку. Калi ён гаварыў гэта, я заўважыў у голасе перамену, як бы памацнеў, як бы з гарачкi. I соп мацней. Праз хвiлiну зноў пытаецца: -- Што кажаш? ня чую! -- Я i не адзываўся, вяльможны княжа,-- шапнуў я цiха. -- То ж я, мусiць, задрамаў. -- Не, вяльможны княжа. -- Бо то ж вы цяпер, пане каханку, усе лежнi i сьпёхi; вочы вам ад пярэсыпу пазарасталi... гэ? -- Я нiчога не кажу, вяльможны княжа. -- А чаму ж ты не баронiшся? пане каханку,-- спытаўся ён, крыху ўсьмiхнуўшыся,-- га? Я i сам ня ведаў, што яму на тое адказаць, ды тут прыйшло ў галаву: што мы не жаўнеры, i што сапсавала нас добрасьць княжая. У голасе чулася нейкая сiла, якой я даўно ўжо ў iм не заўважаў. Яно б мяне i парадавала, калi б мне не здалося, што ў яго ўсё-такi гарачка; асаблiва таму, што яна заўсёды зьбiралася нападвечар, паводле фiзiкаў гэта нядобры знак. Ён уздыхнуў, паляпаўшы пяцярнёй па грудзях. -- А цi ня клiкнуць Фiнка? -- спытаўся я. Фiнке быў з намi ў дарозе за доктара. -- А на якое лiха? пане каханку! -- буркнуў ён.-- Ты думаеш, ён ведае больш за мяне i цябе? Памацае пульс, патрымае за руку, скажа паказаць язык, пакiвае галавой, скажа, што ўсё добра -- абы каб грошай далi. Што тыя дактары, што гэтыя, пане каханку; ды хоць бы той табе Тралес, якога на вагу золата купляць давялося, а аслым асёл, пане каханку, немец, слова табе па-польску ня скажа, як жа ён польскую хваробу лекаваць мае? -- Цi князю не зашкодзiць так многа гаварыць нанач? -- папярэдзiў я. -- Нешта ўжо й ты доктарам зрабiўся? -- абурыўся ён,-- табе што да таго? гэ! дзюбаў бы сабе носам пад печчу ды ня зьвягаў. -- Ай ды не, вяльможны княжа, я з клопату папытаўся. -- Бачылi вы яго, якi клапатлiвы. Маўчаў бы, пане каханку. Ён уздыхнуў, падпёрся кулаком i замоўк. Я ўгледзеўся ў яго; вачэй не заплюшчыў,-- але былi як бы замглёныя, нерухомыя, хоць на твары нейкае там жыцьцё iграла. -- Сьпiш, Глiнка? -- спытаўся праз хвiлiну. -- Не, вяльможны княжа, мяне ўвогуле сон не бярэ; у дарозе надрамаўся на запас, мне цяпер хоць цэлую ноч сядзi, i нiчога. -- Каторая гадзiна? Было па дзевятай, але аднаго разу схлусiўшы, я ўжо мусiў апярэджваць гадзiньнiк. -- Палова дзесятай, вяльможны княжа. -- Яно ўжо i спацi iсьцi выпадала б, кажуць бо, што сон да апоўначы самы моцны,-- забурчаў князь.-- Але хлусяць... ды i спаць ня хочацца. Якi сёньня дзень? -- Серада. -- Ано, праўда, пост! шчупак быў па-жыдоўску. Вiдаць, пачуўшы зь сеняў нашу гутарку, Фiнке ўвайшоў, дзьверы лёгка рыпнулi -- я адразу пазнаў яго па хадзе. -- Ты, эскулапе,-- азваўся князь,-- мусiць, хочаш загнаць мяне ў ложак. Дык жа не! Як толькi лягу, тут мне i пачынае ў грудзях душыць. Iдзi сабе з Панам Богам, я сядзецьму, а там i задрамлю. Фiнке тым часам падышоў i, узяўшы яго за руку, трымаў, мацаючы пульс. Князь, хоць i нiчога ня бачыў, па звычцы павярнуў да яго вочы. -- Княжа, можа б яно, цi ня выпiў лiманады?-- спытаўся Фiнке. -- Ага, зараз, дажыдайся, калi ж ты ў яе салетру сыплеш,-- абурыўся ваявода.-- Гэта, пане каханку, небясьпечная рэч. Мяне гарачка спалiла на вугольле, а дадай да вугалю салетры -- вось табе i шчыры порах будзе. Ад любой сьвечкi, пане каханку, як бабахне,i Радзiвiл -- пырх! -- у чыстыя нябёсы!.. Фiнке зарагатаў, а я за iм сьледам. -- Балазе табе сьмяяцца,-- падхапiў князь, -- а я ведаў аднаго гiшпана, дык у яго з такое прычыны трыбух лопнуў, ледзьве ж яму яго потым зашылi. Частку кiшак такi страцiў небарака, а што зьесьць, бывала, так i вырыгне. Фiнке зьдзiвiўся, а я радаваўся, што князь, як раней, пачаў свае штукi кроiць, а даўно ж таго ня было ўжо, але зьмецiў, што твар у доктара спахмурнеў. Ён падаў лiманаду. -- Лiманада без салетры, вяльможны княжа. -- Ну дык дай! абы адчапiўся! -- ён выпiў нават неяк прагна i, аддаючы шклянку, сказаў: -- Аднак жа, Глiнка, сьвечку трымай далей ад мяне. Фiнке без салетры кроку табе ня ступiць, так i рупiць яму лацiны ва ўсё намяшаць. Доктар адступiўся на некалькi крокаў. -- Iдзi спаць, эскулапе, пане каханку,-- дадаў князь. Фiнке пацiснуў плячыма. -- Вяльможны княжа, пасьля такой далеглiвай дарогi раньнi сон дужа ўздаровiўся б,-- дадаў ён,-- перад поўначчу сон самы моцны. -- Чуў, чуў,-- сказаў князь,-- не навiна. Iдзi ж i мацуйся iм сам, а мне ня хочацца. Вы гэтага ад курэй навучылiся, а курыца -- не чалавек... Дабранач табе! Глiнка,-- дадаў ён, звяртаючыся да мяне,-- папрасi пана доктара за дзьверы, пане каханку. Фiнке выйшаў чырвоны, я правёў яго за парог. -- У князя невялiкая гарачка,-- шапнуў ён мне,-- калi папросiць пiць, дык лiманада прыгатавана. Не давай яму лiшне гаварыць, бо са сну выб'ецца. Ледзь толькi дзьверы зачынiлiся, князь спытаўся. -- Пайшоў шлындра? -- Пайшоў, вяльможны княжа. -- Сядай i ня сьпi, а слухай сюды, бо мне хочацца патрызьнiць. А ўжо ж такi трэба кагосьцi мець, каб слухаў. Сказаўшы, тут жа i замоўк адразу; перамянiў толькi руку, абаперся на другую i бурчаў нешта невыразнае. Доўжылася гэта нешта з чвэрць гадзiны. Якраз бо тады куры, ня ведаю чым спалоханыя, да пары трывожна закудахталi. -- Гэ? што там такога? ужо i куры запяялi?-- ускрыкнуў князь як бы разбуджаны. -- Глянь-но на гадзiньнiк, што iм там зноў прысьнiлася? Ранiцай скажаш Стшалкоўскай, каб мне гэтых iнсургентаў усiх на калодку. Насуперак закону Божаму сьпяваюць да поўначы! А гвалтачкi, пане каханку! I што ж гэта мне за парода курэй такая, што без пары гарлаць сабе дазваляюць? I што тут д'яблы скажуць? а д'яблаў таксамака ж наклiкаць не гадзiцца. Глiнка! ня сьпiш? -- спытаўся. -- Ай не, вяльможны княжа. -- Хвалю, хвалю. А сьвечкi дзе, пане каханку? -- За шырмай, вяльможны княжа. -- Утры iм насы, бо, пэўна, на iх грыбы панарасталi. Толькi ня пальцамi. Я засьмяяўся. -- Але ж ёсьць шчэпчыкi, вяльможны княжа, i тое нават срэбныя,-- сказаў я iдучы за шырму. -- А што ж бо ты сабе думаў, у Радзiвiла павiнны быць жалезныя альбо медныя? На што на што, а на шчэпцы нас яшчэ сталася, хоць i высмакталi нас дужа. Але датуль шчэпцы, пакуль мяне... яны ўсё гэта ператопяць i патопяць. Ён пачаў бiць сябе ў грудзi i цяжка ўздыхаць. -- Княжа, можа, лiманады? -- спытаўся я. Ён даў мне знак рукою, што ня хоча. Праз хвiлiну раптам падняў галаву i выпрастаўся, як бы нешта ўбачыў перад сабою. Нiбы ад сьвятла засланiўся далоняй i цiха трывожлiва шапнуў: -- Глiнка, хто там стаiць? -- Няма нiкога, толькi я, вяльможны княжа, -- сказаў я. -- Бо ў цябе вачэй няма, пане каханку! -- буркнуў ён i замоўк, апаўшы на крэсла, але доўга яшчэ ўглядваўся ў адно месца. Незадоўга пасьля нейкiм дзiўным голасам пачаў, якбы да кагосьцi, каго я ня бачыў. -- Я ведаю цябе, ведаю! ты так,i як на карцiне ў Нясьвiжы, але чаго ж ты хочаш? Цi ўжо прабiла гадзiну. ...Га? Не. Мне яшчэ трэба прасiць прабачэньня, але гэтага мне ня дадзена... ...Ты прыйшоў па рахунак сумленьня? ...Што ж бо ёсьць больш за вас... двух, трох?! ...Во, яшчэ i Чорны, Лiздэйка... Рыжы... Багуслаў, Мiкалай; колькi вас тут панапрыходзiла!.. але гадзiна мая яшчэ не прабiла. Я абяцаўся спынiцца ў Белай -- i ўжо павiнна прыйсьцi сюды тая, перад якою я вiнаваты. Пан Бог прышле яе. Хацеў бы яшчэ пажыць, пакуль хопiць тых ста тысяч, якiя сейм дазволiў... ...Чаго ж вы галавой кiваеце? можа, думаеце, сейм дарма галасаваў i што нiчога ня выйдзе? Страх мяне браў, калi я чуў гэты голас, хацелася перапынiць яго. Я падышоў, пакашлiваючы i шаркаючы нагамi. -- Вяльможны княжа, нiкога няма. Той разгневана махнуў рукою, быццам адпiхваў, i голасна крыкнуў мне. -- Маўчаць, пане каханку... ...Ты сьляпы. Вунь жа Лiздэйка стаiць, арцыкапелан, сiвая барада па каленi, у руцэ пастарал, на галаве iнфула. Пакланiся яму... У голасе як бы сьлёзы, пачаў бiць сябе ў грудзi. -- M e a c u l p a! m e a c u l p a! Хоць я i Радзiвiл, але чалавек, i грэшны чалавек. Выпала мне нарадзiцца на лiхiя часы... Праўда, я часта быў сьляпы, пане каханку, арцыкапелане, за тое, мабыць, Пан Бог i пакараў мяне сьлепатою ў апошнiя днi мае, калi сама больш хацелася б дзiвiцца на сьвет белы, а вочы ня сьвецяць. Сьляпы я быў, але ж дарогi шукаў, а непачцiвыя людзi ашуквалi мяне, паказвалi няправiльную. Я заўсёды хацеў вызваленьня краю, хто ж мог ведаць, у кiм яно i дзе было? Ён хваравiта енкнуў, а мне валасы на галаве ўставалi i мароз па скуры шоргаў. -- Не глядзiце так на мяне! Сьлед вам было нарадзiцца не за часу Ягелаў i Жыгiмонтаў, а за Эканамчука, хадзiлi б, як i я, з завязанымi вачыма па гэтым лабiрынце. Куды нi павернецца чалавек, урвiшчы... ...I не засыпаць было iх радзiвiлаўскiм золатам, i радзiвiлаўскiмi сьлязьмi не залiць... ...Цэлы полк даў дзяржаве i гарматы, хай хоць тыя возьмуць, што ў Нясьвiжы. Ён прымоўк, а праз хвiлiну зноў: -- Кароль, Ягамосьць прускi, стрыечнiк, праўда, але я нiводнаму немцу ня веру. Вялiкi палiтык, на блiзiр удае, што няма ладу як нас любiць. Але дзе ж там можа любiць авечку той, хто ёй бакi павыгрызаў! Чалавек гладкi i ветлiвы, ананасамi мяне кармiць заляцаўся ва Ўроцлаве, а мне лепей дай польскiх салоных гуркоў, чым прускiх ананасаў... Ён прыклаў дрыготлiвую руку да лоба i глядзеў, ледзь бачыўся мне ў змроку. -- Валадковiч! а ты там што робiш за iмi ў лiсiнай курце? на паляваньне ў Налiбокi выбраўся? чаго прыйшоў? па мяне? Не магу, прыяцельку, пане каханку, як бога кохам, не магу. Ты ж гэта добра ведаеш... ад яе няма дараваньня, а безь яго на суд паўстаць не магу. Куры тыя, што мне сьпяваць павiнны, не пяялi яшчэ... Чакай, каханьнейка! Ужо нядоўга, ужо ж не забаўлюся. Пасьля такiх намогаў галава яго апала, а я, слухаючы, дрыжаў, бо i мне пачалi мроiцца ў мораку нейкiя ценi. А найбольш уразiла, што аж два разы князь згадаў пра дараваньне, якога хацеў ад яе. Я галаву сабе круцiў -- ад каго? А тады як крыкне: --Глiнка! сьпiш? Аж я падхапiўся. -- Ды не, вяльможны княжа! -- Бачыў iх? -- Нiкога тут ня было. -- Так! Табе нiкога, а мне кога. Не табе глядзець у i твары; не да цябе яны прыходзiлi, i вачам тваiм яны недаступныя... -- А яе бачыў? -- дадаў. Такая ж прыгожая, як i была, такая ж ганарыстая, што i прыступу няма! Не даравала мне, пане каханку! не! я павiнен чакаць, i душа не пакiне цела, пакуль яна зь мяне грэху ня здыме. Уздыхнуў. Мне здалося нават, што сьлёзы па твары пабеглi. Я ня ведаў, што рабiць; доктар наказаў, каб князь не гаварыў шмат, а перапыняць яго не гадзiлася. Калi быў крыху запнуўся, я падумаў, што, можа, на тым i скончыць, i падаў яму шклянку зь лiманадай. Дакрануўшыся да яе рукою, князь схамянуўся. -- Што гэта? труцiзны даеш? -- Лiманада, вяльможны княжа. Ён лёгка павёў плячыма, здавалася, вяртаўся да памяцi. -- А, так! зьехаў на аўсяны ўзварчык i на лiманаду, на лацiнскую кухню i на валошскi скляпок, княжа ваявода, дажыўся! Гэта -- бабам. Каб тое далi мне старога вiна, адразу палепшала б, але вiно самому доктару ў смак. Лiманаду толькi валохi спажываюць, а яны ж усе садамiты; адчапiся ты мне са сваёй лiманадай i марш пад печ. Я паслухмяна адступiўся, i ўжо праз хвiлiну якую быў пэўны, што яго на сон забiрала. Абапершыся на руку, князь заплюшчыў вочы i спачываў, было толькi чуваць, як цяжка дыхаў. Тады толькi зноў лёгкi пошумак дайшоў да маiх вушэй, князь нiшкам гаварыў сам з сабою. -- Зноў прыйшлi! Маёй скрухi мус вам! Вiнаваты, вiнаваты, такi мая вiна, мая вялiкая правiна, продачкi, бацечкi, пабожны бiскупе мiладайнiчку, i ты, Ежы, пурпурнiча рымскi, сьвяты войча, i ты, княжа канцлер, i ўсе вы, што запабеглi мяне на сьвеце, m е а c u l p a ! Спавядаюся перад вамi... Жыцьцё было вой якое грэшнае, але ж, пане каханку, я нарадзiўся пад слотай... па гразi ступаць i не загразнуць -- гэта хiба анёльская рэч; у мяне крылаў ня было, я граз па каленi. M e a c u l p a ! ...Я за ўсё заплацiў зь лiшкам: грашыма, крывёю, сьлязьмi, туляньнем-бадзяньнем, гаротаю, пане каханку. Пасьля Барскай досыць нагледзеўся на трагедыю, якая пачвартавала нас, i гэтага вы мне не залiчваеце? Радзiвiл пасьля Эканамчуку мусiў кланяцца i ў руку яму цалаваць, пане каханку, i Чартарыйскiх да грудзей цiскаць мусiў! ...I штогод пасьля iшлi паразы i ўпакорваньнi. Якраз у час асьлеп, каб ня дзiвiцца мне на чэзлыя рэшткi, пане каханку... ...Што мог, чым Бог успасобiў, тое i рабiў! У Альбе* не далi мне выкапаць мора; а цяпер высахне, i ўюны ў iм, печкуры ў iм будуць вадзiцца. З палком таксама ня ведаю, што станецца... Хто ведае, што i з самымi Радзiвiламi? Ужо тое бяда, калi пень усохне, а ад карэньня пушча пойдзе, бо тады яна заўсёды карлiкавая, пане каханку... ...Налiбоцкая пушча зь мядзьведзяў на кратоў звядзецца. Хто ведае, што зь Геранiмавага груда вырасьце... Мяне Вiсьнёўская нарадзiла, а яго нейкая Таксiца... iншая кроў... Я мядзьведзяў у карэту ўпрагаў, а ён хiба што казу да воза прывяжа... найбольш хiба-- асла? Унукi пешкi хадзiць гатовыя, пане каханку. Ён заплюшчыў вочы i цiха заплакаў. -- Кардыналы, бiскупы, ваяводы, канцлеры, удзельныя княжаты, каралеўская кроў у жылах, на тронах мы сядзелi... заўтра, можа, слугавацьмем тым, што нам кланялiся i бралi ў нас мiласьцiну, а пасьлязаўтра -- жменька пылу, якую вецер развее i нават памяцi не застанецца. Я дрыжаў, слухаючы, але мяне разьбiрала грэшная цiкаўнасьць да гэтай споведзi i ламентацый, i таму не хацелася нi перабiваць яго, нi каго клiкаць. Пасьля гэтага, быццам зьлiтаваўся зь яго i ягоных пакутаў, сон апаў яму на павекi, ён заснуў i страшна соп. Потым той храп, што ледзь не ва ўсiм доме чуваць быў, зьмянiўся сьмехам. Сьмяяўся князь у сьне так, як быў звыклы даўней, калi каму ўдавалася добрая штука, альбо сам казаў што-небудзь вельмi трапнае. I гэты сьмех разбудзiў яго самога; але ён не апрытомнеў, гарачка увесь час, здавалася, толькi больш разгаралася. -- Гэй там угары, капэла... на слых iграйце, пане каханку... i на трубы губ не шкадаваць... Выкацiць срэбную бочку са скарбца, накрыць яе тыгровай скурай. Мне не пашкодзяць кармазынавыя гайдавэры, магу i ў iх бочку вiна, як Бахус, убухаць, гайдукi хай цягнуць у залу... альбо запражы мядзьведзяў, хай бабы патрухлеюць... Ведай, Лiтва, Радзiвiла! Хто мне стане на дарозе, лоб таму расквашу i заплачу. Меншай сьмердзi па сто бiзуноў, бiзун па дукаце! пане каханку! Жыда, шэльму павесiць на япручынай кiшцы, а не -- дык у суботу салам вышмараваць... Гуляй душа! Валадковiч, каханьне, Рэйтане, душка мая, падайце мне рукi... вось так! Труцiмцеся... а хто ня вып'е! таго ў чатыры кii... пане каханку... ...Панятоўшчыка* прэч зьмяцём з трона, спаскуджаны пасьля яго трон вышараваць. Даць яму дзьвесьце злотых, хай пiсарыць у фальварку, бо руку мае добрую, крамзае нiчога сабе... ...У Альбе порт зладзiм, пане каханку... Туркi па сьвiнiну прыязджацьмуць, а гiшпаны па дзёгаць, якога ў самiх дома няма... Панавязуць сюды фiгаў шляхце, i лiмонаў панам сенатарам... i ражкоў дзецям... Курдэш над Курдэшамi!... ...Чаму ня грае музыка, пане каханку, струны iм палопалiся цi рукi? Сьвятло патухла... Ноч, а я босы... пане каханку... Хто жывы, ратуйся! дзе мае халявы? Што гэта? Нiчога ня бачу... ..Хай мне цяпер Тралес заслону з вачэй здыме... альбо, альбо... дам яму мястэчка i вёсачак зь дзесяць пажыцьцёва... мала? дадаць цаглiну золата i аднаго апостала... але Юду... хай ведае Радзiвiла... Як яму ня ўдасца... сьцяць галаву шахраю на рынку... пане каханку. I тады, калi я ўжо думаў, што настаў канец гэтаму страшнаму дыялогу зь лёсам, голас ягоны зьмянiўся. -- Адыходжу без нашчадкаў! Ты таму вiною, ты... што пракляла мяне! За цябе адмучыўся цэлае жыцьцё, i памерцi спакойна не магу... А на каленях жа прасiў... не хацела дараваць, а калi я вiну ўчынiў... ня быў пры памяцi. Фэлся... сэрца маё... празь цябе гiну. Князь эаплакаў, прачнуўся i як перапалоханы крыкнуў: -- Ёсьць там хто? гэй! -- Глiнка, вяльможны княжа. -- Што гэта? каторая гадзiна?-- ажывiўся князь,-- можа, я што ў сьне гаварыў? Дай вады! пiць хачу, усярэдзiне гарыць... Гадзiна? каторая гадзiна? Было яшчэ да поўначы, але я не задумваючыся адказаў:. -- Ня чуваць, каб першыя пеўнi сьпявалi. -- А ты iм што, каманду iм даў! -- сказаў князь.-- Адкуль ведаеш, калi запяюць? Ён узяў шклянку, скаштаваў лiманады, але адразу выплюнуў. -- Горкая, як жоўць, дайвэльдрэку 4 немец намяшаў, цьху! -- Княжа, даўно пра ў ложак!-- сказаў я. -- Гэ? дык ты хочаш мне, як пеўням, камандаваць? Але ж дай мне сьвятога спакою з тым тваiм ложкам! Цi, можа, ты хацеў бы ўмарыць князя ваяводу за тое, што табе спаць не дае, надакучыў... А мне яшчэ пажыць ахвота, а ў ложку душыць, i пад ложкам сьмерць затаiлася, цiкуе. I адразу мац-мац па кiшэнi, нiбы грошай шукаючы, i, нiчога не знайшоўшы, уздыхнуў. -- Гроша жывога ў Радзiвiла няма за душою, высмакталi ўсенька... а ўжо ж колькi цырографаў панападпiсваць казалi... тое толькi адзiн Бог ведае, а другi ня цалкам паўнамоцны. I зноў сам сабе: -- Усе мае даўнiя прыяцелi i таварышы сьпяць у трунах... на другi бок перавярнулiся, мабыць, а я праз гэтую валаводку Фэлiсiю, якая зьняць зь мяне грэх не сьпяшаецца, мушу чувацца за грахi мае, аж пакуль пасьля апошняга ўздыху ня ўдараць у мажджэры на рэзырэкцыю i на трыумф... А тады прыляцiць мой анёл, i як Товiю вочы пратрэ мне, каб я на радасьць i шчасьце глядзеў... А сёньнека лепей сьляпым быць. Вiдаць, князеў голас, даўней такi зычны, разбудзiў i занепакоiў тых, што спалi ў сенях i чувалi ў iншых памяшканьнях, бо цiха рыпнулi дзьверы i ўвайшоў стары Вiсьнёўскi, шляхцiц, якога князь любiў, бо той быў пры iм прыдворным зводмаладзь i перажыў зь iм усе нягоды, нядолi i бадзяньнi, кроку ад князя не адступаючы. Так i ўвайшоў, у палацяных споднях i кашулi, як падвёўся з ложка, стаў у парозе, рукi ў кiшэнях, пачаў разглядацца навокал. Князь як бы пачуў, што нехта тут яшчэ быў, падняў галаву. -- Вiсьнёўскi?-- спытаў ён. -- Слуга, вашай княскай мосьцi. -- Заўсёды цябе на нюх пазнаю, конскiм потам ад вашэцi тхне, а я яго люблю. Чаму ж ты, старэнькi, ня сьпiш? -- Ну, я дык я, але чаму князь ваявода ня iдзе ў ложак? -- Скажу табе, Вiсьнячку, чыстую праўду, баюся я ложка, ня хочацца мне памiраць. -- Э-э! Што пра тое думаць i талкаваць! -- спакойна сказаў стары.-- У князя ў самога ў сабе бадзёру болей чым досыць, будзеш здаровы, i зрок каля цудадзейнай iконы здабудзеш, i папалюем яшчэ на мядзьведзяў. -- Тэрэ-фэрэ-куку! сера баба ў руку! Папалюем! Якi ты добры! так, так, разам са сьвятым Губертам, у тым самым гайку, дзе Абэсалом павiс!-- закрычаў ваявода.--Ты, стары, ужо толькi ў пяты цаляеш. А я ўжо i блыху не ўпалюю. Кажаш пра цудадзейную ваду цi што... калi б тое Богу вады было трэба, каб цуд учынiць, калi б хацеў... пане каханку; але няма яго волi на тое, Радзiвiл яго даеў, плюе на яго! У голасе чуваць была часам гарачка i непрытомнасьць. Князь застагнаў i сказаў: -- Як табе здаецца, Вiсьнячку? што выйдзе з гэтага мальца? -- Зь якога, вяльможны княжа? -- А з Дамiнiчка? Кепскае iмя яму далi -- уздыхнуў князь,-- а тож бо апроч яго ня было нiкога з Радзiвiлаў Дамiнiкам, бо ўсе на поўную губу былi d o m i n i. Ужо той лiхi о m e n, бо на iм i род змалее, як i iмя. I зноў як бы сам сабе: -- Галовы iм завернуцца-закруцяцца; працьвiртуюць дашчэнту Радзiвiлаўшчызну, разьлезецца ўсё, распарушыцца, шчэзьне. Пад канец пойдуць мiласьцiну жабраваць, зь гербам на торбах... Добра, што тыя ў трунах, тыя Крыстофы, Станiславы, Мiкалаi, Альбрэхты, Юр'i. Вочы мае i ў пазамагiльлi бачаць, хоць i сьляпыя... Чорна там будзе, чорна... У Нясьвiжы совы й кугiкалы канцэрты вераб'ям спраўляюць. Запусты скончылiся, папялец i пост, сьледзь у прускiм мундзiры едзе. Тым часам, пачуўшы размову, надышоў i ваяводаў сястранец, палкоўнiк Мараўскi. -- Можа, Фiнке што на сон парадзiў бы? -- спытаў ён. -- А так,-- азваўся князь,-- на сон, асаблiва на вечны, у iх на тое дасканалыя рэцэпты. Гэта няцяжка. Але мне яшчэ ў Белай ёсьць што рабiць; пачакайце, чаго вам так зарупела? Ня было спосабу; абступiлi хворага, але анi да ложка, анi да сну яго змусiць нельга было. Ужо ён нават пачаў сам на весялосьць узьбiвацца, каб неяк раззброiць нашу настырнасьць. Шкада нам было яго, аж нарэшце Фiнке, якi таксама надышоў тым часам, не сказаў, каб не дражнiлi яго i даверылiся ягонай волi; так i зрабiлi. Праз хвiлiну Мараўскi, пацалаваўшы яму ў руку i дабранач аддаўшы, пайшоў; разышлiся i астатнiя; Вiсьнёўскi сеў са мною каля печы, i мы задрамалi дуэтам. Князь у крэсьле таксама моцна заснуў, час ад часу ў сьне прамаўляючы кавалкамi лацiнскую ларэтанскую лiтанiю. Пад канец мы ўсе пазасыналi, як байбакi, i ўжо толькi калi добра развiднела, толькi тады заспанага ваяводу пад рукi занесьлi на ложак, i як упаў, так да дзесятай i не прачынаўся. З ранiцы дзень выдаўся хлябiсты, мы нiбыта мелiся ехаць у Белую, але i запозна было ўжо, i дождж перцаваў такi, што нiхто ахвоты ня меў, каб яму за каўнер лiлося. Мне з галавы ня выходзiла тая нейкая Фэлiсiя, пра якую князь некалькi разоў успамiнаў разам зь праклёнам i прабачэньнем. Хоць я ўжо з пазьнейшых гадоў дасканала ведаў усе нясьвiжскiя падзеi, але дадумваўся, што тое нешта мусiла быць яшчэ з гуляшчых часоў пана мечнiка, калi мяне там ня было. I я рашыў сабе, скарыстаўшыся слотным днём, узяць на распыткi старога Вiсьнёўскага. А ён, я быў упэўнены, павiнен быў ведаць усё. Ужо адно тое мяне падсьцёбвала, што не дазвалялася гаварыць нi пра якую Фэлiсiю, а тым часам сам князь пра яе ўвесь час успамiнаў, як бы меў яе на сваiм сумленьнi, як бы праз столькi зышлых гадоў ня мог пазбыцца нейкага цяжару. -- Дабрадзею мой пане лоўчы,-- учапiўся я за старога,-- хто такая тая Фэлiсiя, пра якую князь ноччу ў сьне спамiнаў?.. Вiсьнёўскi паглядзеў на мяне з увагай, пацiснуў плячыма, пачухаў чупрыну, пакiваў галавой i, ня кажучы нi слова, адышоў, нiбыта толькi зьдзiвiўся, што я задаў яму такое пытаньне. Гэта, прызнаюся, толькi дадало яшчэ большай цiкавасьцi. Таму я перадпалуднем, атаварыўшыся ў пана карчмара, даўшы яму дуката за некалькi пляшак выстаялага вiна, сказаў хлопцу падрыхтаваць памяшканьне, асобнае, праўда, халоднае. Але, пазатыкаўшы вокны, можна было трываць; i мы засталiся там адныя. Хлопец знайшоў што трэба было, каб зрабiць памяшканьне бытавым, паставiў стол зь нейкiх дзьвярэй i лавачкi; пастараўся пра ўсё, бо быў жвавы i растаропны як нiколi. Праўда, пазьней ён блага абышоўся з тым сваiм завялiкiм на свой стан розумам, бо, забраўшы ў мяне частку гардэробу, пару пiсталетаў i каля ста талераў, драпнуў у Прусы, а там яго застрыглi ў войска, i ён мусiў насiць карабiн дзеля прускага караля. Хлопец загадзя дамовiўся з кухарамi, каб было нам чым закусiць. Вiсьнёўскi спачатку маўчаў, балбаталi пра звычайныя рэчы, я чакаў, каб стары разагрэўся, разышоўся, i, убачыўшы яго ў добрым настроi, я пачаў: -- Вы ведаеце мяне за вернага слугу Радзiвiлаў, i што пану лiтасьцiваму i дому ягонаму я ня здраджу; каб жа тое яшчэ вы маю цiкаўнасьць хацелi задаволiць,-- а i што гэта за такая за Фэлiсiя, якую князь згадваў, а я пра яе нiчога ня ведаю? -- А навошта табе ведаць?-- спытаў Вiсьнёўскi,-- навошта? цiкаўнасьць -- гэта першая прыступка ў пекла. Я кажу яму: -- Пане лоўчы, калi гэта i праўда ж прыступка ў пекла, дык я ўжо на ёй даўно стаю. Такiм ужо мяне мацi на сьвет прывяла, што заўсёды носа ўтачу, цi тое яно трэба дзе, цi не. Вiсьнёўскi засьмяяўся, узяў кiлiшак, выпiў, а я яму хуценька падлiў яшчэ, i ён завёў сваё: -- Бачыш, ёсьць такiя справы на сьвеце, ба! i ў Радзiвiлаў, пра якiя лепей ня ведаць, а хто пра iх ведае, хай забудзе. Навошта табе? шмат чаго ў памяцi цяжарам ляжыць, бадай так, як на сумленьнi! -- Пане мой лоўчы,-- сказаў я,-- а i сорам было б табе ня ведаць гiсторыi нават свайго каханага пана. Часам гэта i на тое прыдасца, каб адбаранiць яго ад людзей. -- Вядома ж! -- адказаў Вiсьнёўскi,-- я вашэцi ведаў яго яшчэ калi маладое пiва толькi забрадзiла; мы! -- мы памятаем iншыя часiны. Лепей бы мы пра тое не гаварылi, бо i доўгая гэта гiсторыя i журботная; у двух словах расказаць яе, дык яшчэ чарнейшай здалася б, а калi так, як трэба, усё па-парадку, дык i да вечара ледзьве скончым. -- А, нуж! -- сказаў я,- альбо нам ёсьцека нечым лепшым заняцца? Дзяжурыць каля князя сёньня iншым чарга прыйшла, нам i тут нязгорш, i дзьве бутэлькi яшчэ маю старога, сорам было б не паласавацца. Я так да яго прыставаў, што ўжо пад канец той i супрацiўляцца ня мог; а што расказваў мне, я запiсаў адразу, каб пазьней ня было нарокаў на памяць. За часу, калi князь, яшчэ малады, быў лiтоўскiм мечнiкам, двор у Нясьвiжы i жыцьцё ў iм ня былi падобныя на тое, якiмi яго вашэцi бачыце сёньня. Кроў князевая так i закiпела, ва ўсiм сьвеце было яму цесна, а што вакол яго тлумiлася моладзь, у якой таксама грала буйнае жыцьцё, тварылiся ў нас часамi рэчы, якiя сёньня цяжка ўспамiнаць. У навакольлі Нясьвiжа ўсё дрыжала перад намi, а калi князь з прыяцелямi i дружынай спыняўся, едучы на паляваньне альбо ў iншыя маёнткi праз шляхецкую вёску, усё жывое ўцякала ад яго, бо пад гарачую руку, у першым iмпэце ён мог даказаць, што ўпоперак яму лепш не станавiся. Бывалi ў нас i такiя запусты, калi мы ня мелi часу адрозьнiць дзень ад ночы, не адзiн з нас нават жыцьцём прыплацiў. Тут Вiсьнёўскi перахрысьцiўся, уздыхнуў i, пабожна ўдарыўшы сябе даланёй па грудзях, кульнуў кiлiшак. -- Таго я i на валовай скуры не запiсаў бы, якiя ў нас былi ўцехi i колькi там набiралася грахоў на велiкодную споведзь. Князя, калi ўжо ён адзiн раз папускаў сабе цуглi, ужо нiшто яго стрымаць не магло, а калi хто спрабаваў прытармазiць,-- сам жа i папiхаў яго, бо дзеля пункцiка гонару гатовы быў на ўсё. Аднаго разу, як цяпер памятаю, мы вяртаемся з паляваньня, усе падхмеленыя, скажу праўду -- п'яныя, сьпяваючы: "Сядзiць сабе заяц на ўзьмежку"... Верце ня верце, было ўсё так, як раскажу. Ехалi мы на брычках, бо верхавыя конi стамiлiся; у кожнай брычцы запрэжана было па чатыры пары. I вось першая, у якой сядзеў князь з Валадковiчам, стала. Было тое над Нёманам. Паром па той бок ракi, а перавозьнiк, прылёгшы недзе ў кустах, заснуў. Давай гукаць, давай страляць. Ага, дагукайся, дастраляйся! Цi п'яны быў, цi аглух,-- парома як ня было, так i ня было. Князь пачынае ятрыццаа. I тут раптам як ня крыкне фурману, як ня ўлепiць яму ў карак: -- Сьцягвай лейцы i плавам! Той з хвiлiну думае, а князь зноў: -- Плавам! Чуеш!.. Бераг быў досыць высокi, рака шырокая, глыбiня бяздонная, але калi князь загадаў, дзе ж ты адступiшся, павiнна быць так, як павiнна быць. Ня доўга думаючы, фурман перахрысьцiўся, нацягнуў лейцы, коням -- пугi i ў ваду. Абабiтая скурай брычка ўсплыла, конi таксама, яны былi вельмi дужыя, рвалi жах як, дык прысталi да берага шчасьлiва. Другая брычка таксама перабралася, трэцяя перавярнулася, на шчасьце ў ёй усе плаваць умелi i, хоць коней вадой зьнесла, людзi ўратавалiся. Рэшта на беразе дачакалася парома, але перш чым яго па iх паслалi, перавозчыкi дасталi па пяцьдзесят бiзуноў, ледзь толькi раскатурхалiся з гарэлачнага сну. Каторыя даказалi сябе ў такой штуцы, ад такога аздараўленчага заплыву i страху аж працьверазелi, нiбыта на той бераг перабралiся як бы ўжо й нашча. Iншым разам, вяртаючыся з паляваньня, на маiх вачах п'яны Салачынскi звесiў з вазка галаву, з кола сарваўся абруч i зьнёс яму чэрап, Салачынскi -- о, Езус! -- анi пiкнуў. Так i прывезьлi яго да ганка са зьвiслаю галавою, але ў ёй ужо i мазгоў ня было. Жыў за тым часам на Случчыне адзiн шляхцiц, немаетны, але роду старога, павагi вялiкай, Вайжбунам яго звалi, а iмя Мiкалай, а ў тытуле -- войскi. Меў адну вёсачку, называлася яна Чырвоная Рабка ў адрозьненьне ад Рабкi Чорнай, якую спадкавалi Сулiстоўскiя. Павядалi людзi пра тых Вайжбунаў, што род iхнi калiсьцi, мусiбыць, быў дужа заможны, што валодалi яны цi не паўтара дзясяткам вёсак, але не павялося iм, i спаўзьлi яны на тую адну Рабку. Войскi жанаты быў на Стшамiнскай, незаможнай шляхцянцы, а заўчасна страцiўшы яе, ажанiўся другi раз з таксама немаетнай паннай Ласкай. I тая другая жонка таксама заўчасна памерла, пакiнуўшы яму дачушку. Гадавалася яна пры бацьку, стары Вайжбун ледзь не на руках яе сам выкалыхаў, вымамчыў. I выйшаў зь дзiцяцi шчыры цуд хараства i прыгажосьцi, але ад Вайжбунаў i Ласкiх прыбрала яна гордасьцi i пыхi, сьмелая была, фанабэрыстая,-- не падступiццаа, нешта амазонскае i рыцарскае насiла ў сабе. Людзi пра яе павядалi неверагоднасьцi ўсякiя, пра розум яе, прыгажосьць, адвагу i зухваласьць. Няма што на той час была яна яшчэ зусiм маладзюсенькая, а казалi, што ўжо запiтая-засватаная, i ў нарачоных хадзiў нейкi Томак Дулемба, бацька якога спадкаваў непадалёк неблагiя добры. Расказвалi, як яны двое кахалiся, зь якiм нясьцерпам чакалi, калi бацькi дазволяць шлюб. Стары Дулемба загадаў яму адслужыць у кавалерыi i купiў сыну падхаружаства, даў почат абслугi, каб хлопец ня цураўся рыцарскiх ухватак i паацiраўся сярод прыстойных людзей. Нямала тое ацiраньне каштавала, але ж i дабру навучала ды i стасункi завязвалiся не абы-якiя, бо i ў кавалерыi ня служыў абы-хто. Дулемба, стоячы з палком непадалёк, часта, калi заядала сумота, сядзе, бывала, крадком на каня i чвалуе напралёт пяць вёрстаў, каб хоць здалёк убачыць тварык мiлай ненагляды, пакланiццаа ёй -- i зноў назад у лагер. Зайздросьцiлi гэтаму хлопцаваму шчасьцю, хоць ён i варты яго быў, бо i гожы, i ладны, i ўвiшны, на ўсё здатны i сэрцам шчыры, i што да выпiтай, тое да выбiтай,-- любiлi яго ўсюды. Паненка таксама, змалку прывыкшы да яго, бо тое ж разам у суседстве i гадавалiся, бяз памяцi кахала яго. А вось старыя абодва лiчылi, што са шлюбам яшчэ не да сьпеху, яшчэ хай падрастуць i сiлы на жыццаё набяруццаа. Дулемба больш з усяго баяўся, каб сын лiшне рана не здамашнiўся, а, значыццаа, калi ажэнiццаа з каханай, ужо за парог ня ступiць ад свайго шчасьця i гнязда. Па навакольлi слава пра панну Фэлiсiю насiлася шырока i далёка, казалi, што другое такое адмысловае прыгажосьцi iдзi па ўсёй Кароне i Лiтве пашукай, а ня знойдзеш. Балабонiлi пра яе часта i пры нясьвiжскiм двары, неразумна забiваючы князю вушы ўсялякай лухтою. Бясконца плявузгаў Валадковiч, бажыўся-хрысьцiўся, што прыгажэйшай не, ня бачыў, падбухторвалi iншыя, аж цiкавасьць князя мечнiка лiтоўскага распалiлi веры не дасi як. А разьятрылi яго яшчэ i тым, што намякалi i на шчасьлiвага Дулембу i на старога Вайжбуна, што нелагодлiвы быў, што непрыступны быў i што ў дом свой неахвотна пускае. Памятаецца, ужо мне ўсё тое не падабалася, калi аднаго разу падчас вечаровай п'янкi, узялi на зуб Вайжбунуўну, i доўга языкамi перакладалi, што такi княжацкi кавалачак, а дастанецца простаму шляхцючку, i вось якраз тады мечнiк наш i зацяўся, i крыкнуў: -- Памаўчаў бы, пане каханку, яны ж яшчэ й не пашлюбiлiся, а хоць бы i так было, дак калi б захацеў... Валадковiч засьмяяўся. -- Не на ўсякiя хошчы можна... -- Маўчы! --грозна тупнуў князь,-- я такога, пане каханку, ня ведаю... чаго нельга. На тым усё i скончылася, але памяць у князя была добрая, а людзi таксама ж, неабачлiвыя такiя, увесь час напамiналi. Надышла восень, было тое недзе перад Найсьвяцейшай Паннай Зяленяй, аднаго вечара таксама пiў жахлiва, шляхты рознай было як гразi. Мечнiк вузкiм колам са сваiмi выбранымi засеў у кабiнеце. I зноў таго вечара завёўся пан Валадковiч апiсваць цноты Вайжбунуўны, i каб жа наўмысна распаляў цiкавасьць князя, iнакш бы век не пачынаўся. Расьпiсваў усё дэталёва, бо нядаўна яе дзесьцi якраз бачыў: а якая ручка, я якая ножка, а якiя косы чорныя, а якое лiчко белае... а як глядзiць, а голас якi салодкi, а розум якi чысты, а адвага рыцарская... -- Але ж бо вы яе, пане каханку, перахвальваеце,-- сказаў князь. -- Анi на калiўца! Калi б пан князь пабачыў яе хоць адным вокам, сказаў бы тое, што i мы... калi ня болей... Мы ж бо ўсе згодныя, што другое такое няма. Бяда толькi, што не спаткацца зь ёю, нават пабачыць яе цяжка; з дому выбiраецца рэдка, толькi ў касьцёл... Князь спытаў: -- А дзе парафiя? Валадковiч назваў касьцёл, пачалi спрачацца, аж нехта падахвочаны ўкiнуў слова: -- Ды адчапiцеся; хоць i Радзiвiл, але i яму не падгледзець. Мечнiк падхапiўся з крэсла, вочы агнём, павярнуўся да таго i крыкнуў: -- Хто гэта, панове, сказаў, пане каханку? Восень была пекная, паляваньнi iшлi адно за адным. Перад самай Н. Паннай Зяленяй распарадзiлi цэлыя абозы, сеткi i намёты i лавецтва ў лясах... Цi тое наўмысна, цi выпадкова сталася так, што лагер раскiнулi ў мясцовасьцi, непадалёк ад парафiяльнага касьцёла, да якога належала Чырвоная Рабка. I атабарылiся там не на дзень, не на два, а на тыднi... У дзень на сьвята нiколi не палявалi, адпачывалi. Князь, апранены не па часе, як бы не хацеў, каб яго пазналi, выбраўся на набажэнства, ужо добра ведаючы, што там Вайжбунуўну ўбачыць. Прызнаюся, дадаў Вiсьнёўскi,-- што я быў з князем у касьцёле, бо ён загадаў мне ехаць зь iм. Заехалi мы пад малы касьцёл, драўняны, наўзбоччы пад сасьняком, у зарасьнiку ядлоўцу, убогi, але зграбны i чысьценькi. Людзей у iм i на цьвiнтары натаўклося мноства... З фурманак, на якiх паназьязджалiся сяляне i шляхта, як бы кiрмаш утварыўся. Навезьлi шмат зелянiны, кветак, збожжа, вянкоў на асьвячэньне, у касьцёл нават на прычасьце ледзь працiснуцца было. Ксяндза ня вельмi хто там у навакольлi ведаў, а i князя ў той апанчы, у якую ён наўмысна прыбраўся, мала хто мог пазнаць. Мы неяк такi ўшылiся i дабралiся да заслоненага кута за бакавым алтаром, каб нас не адразу маглi ўбачыць i выкрыць. Рознай шляхты, нават i такой, што ў пасталах ходзiць хай сабе i пры шаблi, было процьма; мы зьмяшалiся сярод яе i зьнiклi з вачэй... Якраз насупроць нас, на першай лаўцы, сядзела з бацькам Вайжбунуўна. Бацька стары, сiвы, постаць паважная, хоць i ўбогасьць засьцянковая, а выглядам цягнуў на сенатара. Ён заўсёды хадзiў у шарачку, як гэта прынята ў старых лiцьвiноў, у макавым кунтушы. Лоб лысы, валасоў ужо амаль i не засталося, пiсяга ад палаша праз увесь чэрап такая, што мала б у ёй палец не схаваўся. Вiдаць замалада сечку любiў. Побач зь iм кленчыла дачка: хоць ты малюй -- такая ў ёй краса... уся такая слушная, шыкоўная, позiрк сьмелы, вочы чорныя, вусны гардзелiстыя. Панна глядзела ў вялiкую кнiжку, разгорнутай перад ёю, i за ўсё набажэнства вачэй амаль не адвяла. Пан войскi, таксама ж склаўшы рукi, у якiх трымаў вяночак, чытаў пацеры па памяцi. Князь так задзiвiўся на панну, што i пра малiтву забыўся; за ўвесь час вачэй не адляпiў, нават пасьля суплiкацый, калi ўжо людзi паўставалi, ён усё яшчэ глядзеў на яе. Калi парафiяне рушылi да дзьвярэй, пракладаючы сабе дарогу праз тлум, працерабiўся малады i прыгожы мужчына ў кавалерыйскiм мундуры i пакланiўся бацьку i паньне. Стары прывiтаў яго ўсьмешкай, а Вайжбунуўна падала руку, i яны разам выйшлi з касьцёла. За iмi пасунулiся i мы, неапазнаныя. Просьценькi вазок, а бадай што, каламажка, пара коней, чакалi iх; малады Дулемба сеў на каня i так усе разам паехалi да Рабкi. А мы толькi прыглядалiся,-- як хлопец з каня да панны схiляўся i весела гутарыў зь ёю. Князь таксама адразу пасьля гэтага падаўся да сваiх коней i -- назад у лес. За ўсю дарогу не сказаў анi слова, задуменны быў нейкi i пахмуры. У лесе, як я казаў, мы табарылiся цэлым лагерам, як бы ў паходзе супроць непрыяцеля, мала што не акопвалiся... Зрэшты, нiякай такое патрэбы i ня было, але нанач, больш дзеля фантазii, чым з асьцярогi, выстаўлялi варту, а ранiцай трубiлi пабудку... Пасярэдзiне лагера стаяў вялiкi вiзiраў намёт з-пад Вены, у якiм былi пакоi зь перагародкамi i дастаткова месца для дворнi. Тут мы з князем елi, калi слота альбо холад ня пускалi вынесьцiся на паветра. Крыху зводдаль стаялi намёты меншыя пад службы i дворню, буданы чэлядзi, павецi для коней, на скорую руку зладжаныя кухнi i сьпiжарнi... Колькi з намi i за намi iшло падвод, колькi людзей, колькi коней, колькi запасу ўсякага патрэбна было, каб усё гэта часам па тыднi i па два кармiць i паiць, цяжка палiчыць. Такiя ловы, такое мысьлiўства пазьней мы ўжо мала калi бачылi. Кожнага дня iншы, загадзя нагледжаны абшар, абстаўляўся аблавамi i сеткамi. Пропадзь халопства, сагнанага з навакольных вёсак, бывала, па некалькi сотняў, -- хто пад голым небам, хто ў буданах -- таксама покатам ляжала крыху зводдаль... Хлеб, гуркi, пiва, гарэлку для iх звозiлi фурамi. Вечарамi было i сьмеху, i гулянак, i фiгляў-мiгляў, i гамонак дапозьняга, бяз частых папоек таксама не абыходзiлася. А таго дня, як што было ўрачыстае сьвята, i стралкi, i аблава, i госьцi адпачывалi ў намётах, i князю было сыта... Вярнуўшыся з касьцёла, калi мы ўвайшлi ў намёт, засталi ўжо ўсiх за бiгасам -- чакалi толькi гаспадара. Яшчэ здалёк нас заўважылi кухары, i -- мы ўваходзiлi ў дзьверы, а ў другiя ўжо ўносiлi дымныя мiсы. Князь павярнуўся да Валадковiча i сказаў з усьмешкаю на твары: -- Ну, пане каханку, што праўда тое праўда, ты меў рацыю, няма, ня было i ня будзе прыгажэйшай за Вайжбунуўну! Раз толькi незнарок мне ў вочы зiрнула, а дагэтуль той позiрк сядзiць ува мне i няскора яго забудуся. Прабiла мяне, як штылетам, наскрозь... Пачалi сьмяяцца, вiншаваць i жартаваць, i дапякаць, як тое бывае пад кiлiшак. Адзiн скажа, другi ўточыць слова, што не, i патыкацца туды ня сьлед -- марная рэч, пустыя залёты, ай што ты, ай што ты... -- Радзiвiл з Вайжбунуўнай не ажэнiцца,-- сказаў Валадковiч,-- а да яе, калi б нават таго Дулембы ня было, iншай дарогi, як праз касьцёл, нямаш... Мечнiк толькi вокам працяў гаваруна i сказаў: -- Дужа мяне запазычыў бы той, хто, пане каханку, настрэнчыў бы мне аказiю, каб гэта i я мог зблiзку пабачыць маю прыгажуню вайшчанку, пана войскага доньку, слоўкам зь ёй перамовiцца. -- Гэта няпроста,-- адказаў Валадковiч,-- бо нiкуды ня ходзяць, з дому iх выдабыць цяжка, пернiкам вынадзiць нельга; але, хто ведае... можа i надарыцца... Пачулi гэта людзi, i давай князю кожнае дагаджаць ад шчырага сэрца, давай прыкiдваць,-- дзе i як паказаць панну вайшчанку пану. Нагода такi надарылася аж толькi недзе пад запусты. Здаецца, там нават нехта i пастараўся. Здаўна рупела пану судзьдзю Забэлу, каб хоць раз залучыць Радзiвiла да сябе. Былi тыя Забэлы людзьмi, вядома, колiсь даволi заможнымi i выдатнай крывi, але няўдала фартуну ўпусьцiлi. Яна яшчэ памахвала крыламi, нягледзячы на даўгi, працэсы i розныя магчымыя ратункi, якiя толькi адцягвалi поўнае руйнаваньне. Судзьдзя часта бываў у Нясьвiжы. Насiўся па-французску, хоць мовы гэтай ня ведаў i ня скора пад моду падладзiўся. Смакавалi яму княскiя ласункi i рады быў патрымацца за панскую клямку. I хоць маёнтку -- колькi таго там маёнтку было, а пры нагодзе выступаў так, каб дараўнацца з Радзiвiламi. Князь мечнiк толькi пасьмiхаўся з таго, сьмяялiся сябры, але пыха пыхцела. Судзьдзя шасьцю коньмi езьдзiў, зь якiх i аднаго ня было без калецтва, слугi насiлi парадныя барвы, хоць i латаныя-пералатаныя, дваровых увiвалася процьма, якiя, калi прывёз iх з сабою ў Нясьвiж на пракармленьне, дык згаладалыя саранчою кiдалiся на ўсякую ежу, пасьля iх нiхто ўжо нi пад'есьцi ня мог, нi вылiзаць мiску. У запусты падгаварыў нехта Забэлу, каб выстраiў вечар, паручыўшыся яму, што i Радзiвiл прыедзе, калi толькi судзьдзя здолее пераканаць, каб i Вайжбунуўна была ў iх, бо мечнiк хацеў пабачыць яе зблiзку. Судзьдзя закапылiў губы, калом упёрся i пабажыўся, што войскага ўгаворыць, упросiць, а хай хоць укленчыць перад iм давядзецца. I адразу паехаў адзiн; але дарма благаў, мучыў, кленчыў, войскi даў адлуп. Судзьдзя не дамогся нiчога; паехала назаўтра панi судзьдзёвая ў надзеi, што ўжо кабеце не адмовiць. Сядзела цалюткi божы дзень i ўжо так таму Вайжбуну душу дастала, што ён нарэшце згадзiўся прыехаць з дачкою. Забэла тут жа галопам у Нясьвiж запрашаць князя, якi ня любiў заўчашчаць у такiя дамы, дзе цырымонiй было шмат, а свабоды мала, i нарэшце ўсё скончылася тым, што яшчэ i прыплацiць мусiў. На першым этапе судзьдзя паведамiў, што пан войскi з дачкою паабяцаўся прыбыць у той дзень таксама. -- Казалi мне, што вяльможны князь цiкавы зблiзку прыгледзецца да таго нашага дамарослага цуду, якi рэдка паказваецца ў сьвеце. Вось жа, можа, хоць на гэтую прынаду пекнотаў панны вайшчанкi заваблю князя да сябе. Князь пачырванеў. -- Мае мосьцi дабрадзею, пане каханку,-- азваўся ён,-- заўсёды мне прыемна здабыць у скарбнiцу дабра людзкiя сэрцы... i ня дзеля панны вайшчанкi, а дзеля служэньня людзям, прыеду. Узрадаваны Забэла сабраў сапраўднае паспалiтае рушэньне вёрстаў зь дзесяцi навакол. Дом у iх быў ладны, стары, драўняны, пакояў у iм шмат, хоць i нiзкiх, але даволi прасторных; а на такую ўрачыстасьць дык не хапiла б i ў два разы большага. Вызвалiлi i нанава перабялiлi ўсе пакоi, зь якiх павыкiдалi ложкi i пасьцелi, каб тых гасьцей сяк-так-такi разьмясьцiць. Капэлу Забэла даставiў з самага Слуцка, на дзядзiнцы каля саду выставiлi чатыры мажджэры, дзеля ўзмацненьня вiватаў. Адкуль на гэтакую выправу пан судзьдзя грошай узяў, Богу толькi i жыдам вядома было. Даволi таго, што дзень той абставiць зьбiралiся парадна. Мароз стаяў траскучы, а ў двары як у лазьнi; пакоi поўныя, аж дзьверы зачынялiся ледзь, столькi народу натапталася. Дзеля таго, што меўся прыехаць Радзiвiл, зьбеглася шляхта, а той таксама ехаў зь вялiкiм дваром. Калi мы над'ехалi недзе падполудзень, гаспадары ўжо чакалi каля ганка, хоць i холад стаяў, а мажджэры бабахнулi радасную навiну. Не абышлося i без прамоваў: адну сказаў сам судзьдзя, другую рэгент Пацэвiч, ня лiчачы даўжэзных i вывучаных камплiмэнтаў. Штурхатня i цiск, што ледзьве было даступiцца да таго князя. Кабет адна адной прыгажэйшых было навалам, а найперш дзьве паненкi судзьдзянкi, гожыя i сьлiчныя, як тыя ружы, але ўсё гэта гасла перад Фэлiсiяй Вайжбунуўнай, якая была ўбраная хоць i просьценька, а тым часам пасьля яе нi на водную глядзець не хацелася. Князь толькi ўвайшоў i адразу ўбачыў яе, але наблiзiцца ня мог. За стол яго пасадзiлi каля старое гаспадынi, з другога боку касьцельны iнфулат. Вайжбунуўна сядзела воддаль. Я зьмецiў, што князь еў мала, толькi ўвесь час вачыма ў яе страляў, пра што яна, здавалася, анi ня ведала, анi здогадзi ня мела. Прагучаў першы тост з сурмамi i мажджэрамi за князя мечнiка, потым пайшлi iншыя. Такая ахвота ўсiх разабрала жахлiвая, што пасьля ўжо ракам пiлi за здароўе, раз за разам -- на забой, i канца таму здароўю ня было. Князь нават хацеў ужо быў неяк ухiлiцца, але ўсё скупiлася вакол яго, так што яго дапозьняга ня выпускалi. Адно ўжо калi капэла ўвалiла паланеза, ён устаў, запрасiў на першы танец гаспадыню. Тады пайшлi iншыя скокi, ад якiх ужо пан мечнiк адмовiўся, але не адкруцiўся ад кiлiшкаў. Другi, трэцi раз паўтарылi за яго здароўе, i за ўсе мусiў дзякаваць i тое вялiкiм куфлем,-- сёньня аднаму такому мала хто з нас рады даў бы. А на той час -- напарсткамi яны нам здавалiся. Неадразу яго вызвалiлi Валадковiч i я, бо мы яшчэ трохi маглi прайсьцi памiж гасьцей. На бяду тую тлум усюды быў такi, што нам цяжка далося працерабiцца. Дзеручыся, як праз гушчар у лесе, мы ўсё-такi прабiлiся туды, дзе стаяла Фэлiсiя Вайжбунуўна, а каля яе некалькi паненак. У гвалце нават размаўляць было цяжка, мы мусiлi пачакаць, калi ацiхне музыка i танцоры разыдуцца адпачываць. Вайжбунуўне ўжо сяго-таго ўвялi ў вушы пра князя, як тое людзi звычайна плятуць,-- што князь аж колькi разоў казаў: няма такой, як Фэлiсiя Вайжбунуўна; i калi князь падышоў да яе, у дзяўчыны кроў да твару прылiла i па вачах было пазнаць, што яна стрымлiвала ў сабе гнеў. Нi князя не прадстаўлялi, бо ўсе яго там ведалi, нi панны, бо прыгажосьць яе i так вядомая ўсiм. Дык вось князь наблiзiўся, падкручваючы вус, i сказаў: -- Нiколi ў жыцьцi не танцую i ня маю ахвоты да iншага, хiба што да татарскага танца; але калi б далося мне шчасьце пайсьцi з паннай вайшчанкай, дык гатовы ня толькi ў танец, але хоць бы i ў пекла... Яна паглядзела на яго тымi чорнымi ўгневанымi вачыма, хвiлiнку памаўчала i азвалася так адважна, як бы гаварыла зь якiм заваляшчым шляхцючком: -- Не аб-якi гэта мне гонар, што вяльможны князь зрабiў ласку зьвярнуць вочы на бедную шляхцянку... але я таксама танцую мала i тое толькi з тымi, каго блiзка ведаю... а хай хоць з найвялiкшым панам, хай хоць на неба, а не пайшла б дзеля фантазii... Князь, якi не чакаў такога ганарлiвага адказу, памаўчаў хвiлiну. А тады ўжо, крыху цiшэй: -- Рэдка калi такое з Радзiвiламi здараецца, каб iх адпраўлялi пад квiток зь нiчым; асабiста я ня прымаю гэтай зьнявагi, якое мне ўтачыла панна вайшчанка, але ў сэрцы памяць пра яе захаваю. -- Гэта нiякая не зьнявага,-- холадна азвалася Вайжбунуўна, захоўваючы ўсю сваю прытомнасьць,-- калi ў пана князя фантазiя паскакаць сёньня, дык тут ёсьць з чаго выбраць да пары сабе. -- Уласна, вяльможная панна, я з тых, каму, пане каханку, найлепей смакуе якраз забаронены плод,-- азваўся Радзiвiл,-- ну, i з тых, што не баяцца рваць яго, як бы нi цяжка было ўсьпiнацца на дрэва. Памаўчала трохi Вайжбунуўна, i дзiўна яе хараству пасаваў той гнеў, якiм палала... Павяла плячыма. -- Не разумею вяльможнага князя,-- сказала. -- А як жа мне гаварыць, каб васпаньне заўгодзiлася мяне зразумець? -- Ня так, як у палацах гавораць з прыгожымi i вывучанымi панямi, а так, як з намi, простымi шляхцянкамi, браты нашыя гаварыць прывыклi. -- Гэтакае мовы мне, пане каханку, вучыцца не выпадае,-- азваўся князь, усё больш жвавеючы,-- мы ж таксама бо шляхта з касьцьмi i скурай, а ня нейкая там чужаземская дзiчына... -- Радзiвiлы -- гэта ня тое, што мы, дробная шляхта,-- сказала вайшчанка,-- кожны мае сваё месца на сьвеце i свайго пiльнавацца павiнен. Канарэйкi зь вераб'ямi ня йдуць у танок... а мы -- шэрыя вераб'i. У князя шчокi запунсавелi. -- Страшэна мяне, панна вайшчанка, хвошчаш за не маю вiну,-- азваўся,-- бо калi б я хацеў паслухацца панны i вадзiцца толькi са сваiмi, дык мусiў бы перабрацца ў фамiльныя скляпы, дзе продкi ляжаць. Чаго-чаго, а гэтага яшчэ сабе ня зычу, пане каханку... як на мой розум, прыгажосьць у кабеце трону вартая. Паньне Фэлiцыi ў нябеснай кароне хадзiць бы. -- Вольныя жарты, вяльможны княжа, а я нават мiтры сабе не жадала б,-- запярэчыла Вайжбунуўна,-- цярновыя гэта кароны... Князь азiрнуўся на Валадковiча i шапнуў: -- З такою няпроста гаварыць... Вайжбунуўна, як бы хочучы адысьцi i запабегчы далейшым зачэпкам, пасунулася на крок, але мечнiк заступiў ёй дарогу. -- Цi ж бо мы ўжо з панам Валадковiчам аж так васпаньне спрыкрылiся, што ад нас панна ўцячы намысьлiла? Нам таксама на сонца падзiвiцца хацелася б... -- Вяльможны княжа,-- перапынiла яго Вайжбунуўна,-- завялiкi мне гонар забаўляць вяльможнага князя, але я анi сiлы на тое ня маю, анi гумору... -- А што ж паньне гумор сапсавала?-- спытаўся мечнiк,-- цi ня скруха сардэчная па кiм-небудзь? -- Магло быць i такое,-- азвалася спора вайшчанка,-- але ня ведаю, цi ў запусты я абавязана спавядацца. Мечнiк закусiў губы. -- Досыць таго,-- сказаў,-- што ў гэтым гасьцiнным доме пана судзьдзi панна вайшчанка не ласкавая са мною... -- Анi ласкавая, анi неласкавая,-- адрэзала Вайжбунуўна.-- Князь бачыць мяне першы раз, я вяльможнага вашэцi князя толькi зь людзкiх слоў ведаю, адкуль бы ж тая ласка цi няласка ўзяцца мела? -- I за якога ж мяне зь людзкiх слоў ведаеш, пане каханку? -- спытаўся князь,-- за добрага цi за нядобрага? Вайжбунуўна сьмела зiрнула яму ў вочы... -- Я ня прывыкла залiшне давярацца людзям,-- сказала яна. Князя ўсё больш i больш бянтэжылi яе сьмелыя адказы, ён круцiў галавою i торгаў вусам. -- Са слоў пазнаю, што абгаварылi мяне перад паннай,-- сказаў ён далей,-- ня была б да мяне такая -- (тут князь зацяўся i, не знайшоўшы адпаведнага выразу, бухнуў) -- такая.. жорсткая. Вайжбунуўна, пачуўшы такое, холадна засьмяялася, а мечнiк, яшчэ больш сумеўшыся, насупiўся. -- Князю цi мая ветлiвасьць, цi мая прастата хай няшмат абыходзiць,-- адказала яна,-- праз хвiлiну ўсё забудзецца. -- Ня так яно проста! пане каханку! о, ня так проста,-- сказаў мечнiк,-- ну, яшчэ добрае слова магло б хутчэй сьцерцi з памяцi прыкрасьць, а вострае... нiколi... -- А вострага я i не сказала. -- Лiчыце, мала?-- спытаў мечнiк. -- Вяльможны князь залiшне прывык, каб перад iм выдыгалi i нiцма падалi, а мы таго ня вучаныя... не патрафiм. Паварушыла плячамi, зноў хочучы адысьцi, мечнiк ня пускаў... -- I так мяне васпанна хочаш адправiць бяз добрага слова?-- сказаў. Яна паглядзела на яго... -- Калi таго даволi,-- пакорная слуга вяльможнага князя. Кажучы гэта, яна нiзка пакланiлася, падняла вочы i крыху з пакепам дадала: -- Цалую ногi вяльможнаму князю... Калi, сказаўшы гэта, памкнулася iсьцi, мечнiк яе больш ня трымаў, але мы, ведаючы яго, па твары бачылi, як страшна быў узрушаны. Неўзабаве пасьля, нягледзячы на настойлiвыя просьбы Забэлаў, нягледзячы на божбы гасьцей, што яго абступiлi, зацяўся князь ехаць, а на ад'езд пайшоў шукаць Вайжбунуўну, каб разьвiтацца. Калi яна ўбачыла, што ён наблiжаецца, твар яе запалаў гневам. -- Не хачу ехаць не разьвiтаўшыся,-- сказаў князь,-- а на ад'езд я хацеў бы запэўнiць панну вайшчанку, што хоць панна i не ласкавая са мною, я не дазволю так абыходзiцца са мною i буду паньне дакучаць, аж пакуль не дапрашуся, пане каханку, лепшага прыёму... I нiзка пакланiўся. -- Я магу запэўнiць вяльможнага князя, што якою мяне сёньня бачыш, такою буду заўсёды... бо я ўпартая... -- А я таксама! я таксама! -- падхапiў Радзiвiл,-- i няпроста мяне пазбыцца. Вайшчанка скроiла рэверанс. Ледзь толькi мы селi ў санi, князь крыкнуў: -- Я гатовы на ўсё, а гэтую ганарыстую яемосьць трэба ўсьцiплiць i ўскромнiць траха! Прыгожая, як багiня, але ж такога сабе тону задае... Ня мецьму спакою, пакуль не пастанаўлю на сваiм! Я i Валадковiч, i колькi нас там было, пачалi малiць i прасiць, каб выкiнуў благое з галавы, гаварылi пра гонар Вайжбунаў i Ласкiх, пра хлопца, якога панна кахала, пра няпрыстойнасьць зблiжэньня; але ўсё гэта было гарохам аб сьцяну, ён маўчаў, колькi разоў нешта азваўся, i толькi сваё права правiў, ня хочучы слухаць нiкога. На ранiцу тая самая лiтанiя: Вайжбунуўна на сьнеданьне, на абед i на вячэру, не гаварыў нi пра што, нi пра каго, толькi пра яе. Ведаючы, што нi я, нi Валадковiч, нi хто з нашых яму ў той справе не паслужыцца, трэцяга дня, як мы даведалiся, паклiкаў iтальянца, якi быў пры нясьвiжскiм тэатры, зваўся Трамантана... Чалавек быў вясёлы, штукар, на ўсё гатовы, а як што ўжо каторы год пры двары ашываўся, выконваючы розныя функцыi, дык ведаў усiх суседзяў, выбiўся ў людзей на ласку, бо забаўляў iх i ўвiнчваўся ўсюды дзе мог. Князь недалюбваў яго, хоць i карыстаўся iм, i жартаваў зь яго, i штукi ўсякiя чынiў зь iм бязьлiтасна. Але валох той меў у сабе i добрае, што, будзь той жарт мокры, гарачы, сьмярдзючы цi балючы, а ён нiколi ня крыўдаваў, да сэрца ня браў i ў хамут ня бiў; усё пераносiў бяз злосьцi, быў пэўны, што кожная рэч, якою прыкраю нi была б, аплацiцца стакроць. Трамантана нiколi не вагаўся ўзяцца за што хоч, не саромеўся нi самое справы, нi сродкаў. Яшчэ не стары, але ўжо лысаваты, з валасамi i вачыма чорнымi, здаровы мацак, зь як бы набухлым целам, бледна-жаўтлявай скурай, заўсёды манерны i мiтусьлiвы, хвiлiны спакойна не пастаiць. Ён умеў спрытна паказваць розныя штукi, калi было трэба, з картамi ўпраўляўся адмыслова, рабiў што хацеў, скакаў, хоць i тоўсты, лёгка, як матылёк, быў вясёлы. Гаварыў па-польску кепска, але разумеў добра, а калi яму не хапала слоў, жэстыкуляваў па-iтальянску выдатна. Жывыя сьмехi зь яго, калi нам гумору не ставала. Невядома, з чаго князю ўехала ў галаву паслужыцца такiм -- з дазволу сказаўшы -- блазнам; вiдаць, дзеля таго хiба, што ад iншага такое службы ня прыняў бы. Даволi таго, што, як я пазьней даведаўся ад самога Трамантаны, князь паклiкаў яго ў кабiнет i гаварыў зь iм, на свой спосаб: -- Слухай ты, курдупель, пане каханку, розуму i спрыту табе не бракуе -- паспрабуй жа, цi зможаш мне так зрабiць, каб у запусты завалачы ў якi-небудзь дом пана войскага Вайжбуна з дачкою. Нiдзе ня бываюць, а я хачу пабачыць панну; да iх мне яшчэ ня час езьдзiць... Разумееш? Валох прасiў iнструкцый -- куды i як? але князь адмахнуўся: -- Калi б я ведаў -- куды i як, дык бы, пане каханку, скурчыпалка, ня было б i патрэбы ў табе. На тое твой розум, альбо калi табе яго не стае, дык хоць у д'ябла пазыч. А яшчэ табе толькi таго i скажу, што калi хто захоча зладзiць гасьцiну, каб на ёй была Вайжбунуўна, дык колькi б тое чаго нi каштавала, а я заплачу i яшчэ зверху накiну... Валох не адважыўся адмовiцца, але пайшоў, павесiўшы носа на квiнту, такой цяжкай задалася яму справа. Раiўся з прыяцелямi пры двары, але нiхто нiчога людзкага не нараiў, i тады другога дня ён загадаў падаць конi i паехаў. Ня было яго дзень, ня было яго два i тры. А ўвечары трэцяга, калi ў пакоях быў канцэрт, бо князь на той час i сам паiгрываў, як гетман Агiнскi, але фальшаваў, аж вушы пухлi, -- дык вось, бачым, валох стаiць у парозе, рукi на грудзях i нiбы зь вялiкай пабожнасьцю i захапленьнем прыслухоўваецца да княскага музыкаваньня. Свавольнiк заўсёды, зыскуючы сабе княскiя ласкi, упадаў у цiхi экстаз, калi мечнiк пачынаў iграць. I гэтым разам ён выварочваў i закочваў вочы, аж бельмы сьвяцiлiся, уздыхаў i выцiраў сьлёзы, якiх ня было. Заўважылi мы яго раней за князя, якi стаяў сьпiнаю да дзьвярэй перад пюпiтрам. Нам карцела хутчэй даведацца, чаго там такога ён здолеў? бо мы памiж сабою пазакладалiся, цi дакажа ён тае штукi, а цi не. Па пыску мяркуючы, здавалася, што валох паставiў-такi на сваiм. Але мы мусiлi, хоць i ў нясьцерп, чакаць, пакуль закончыцца канцэрт. Як толькi князь адступiўся ад пюпiтра, адвярнуўся i згледзеў таго з дабраславёнай мiнай валоха, ён, не зважаючы на тое, што капэла ўсё яшчэ грала, схапiў яго i павалок у кабiнет. Мы, ня могучы iсьцi сьледам, павiнны былi чакаць князевых указаньняў. З твару валоха, прывыклага да маскiровак, нялёгка было што-небудзь вычытаць, затое з князевага, -- як з друкаванай, i тое вялiкiмi лiтарамi кнiгi. Калi пасьля амаль паўгадзiннай размовы мечнiк выйшаў у залу, усе адгадалi, што валоху пашыхавала. Трамантана iшоў за iм пакорлiвы, сьцiпленькi, як тое бывае кот, уласаваўшы смачнага з горшчыка. Капэла, скончыўшы граць, маўчала, але яшчэ стаяла. Князь загадаў паклiкаць прынцыпала, кiраўнiка, i граць марш Сабескага. Грымнулi марша, i ў мечнiка твар разьясьнiўся. Трамантана адышоўся ў кут. Пасьля музыкi падалi вячэру, весялосьць была вялiкая, але князь нi словам не прагаварыўся. Мы аблеглi валоха. -- Кажы! Але той бажыўся, што яшчэ нiчога няма, што... тое, што гэтае... i адпрэчыў нас за мiлую душу. Цiкаўнасьць аж палiла, а па князi толькi таго i вiдаць было, што зь нечагась рады, але казаць таксама не казаў. Празь некалькi дзён, з ранiцы, мечнiк сказаў клiкнуць мяне. -- Слухай ты, вусаты,-- сказаў мне, як звычайна ў добрым гуморы калi,-- ты адзiн маўчаць умееш. Пад вечар хай на ўсякi раз конi будуць напагатове... можа, кудысьцi адскочым... ты, Валадковiч, Карэнга i каторы там яшчэ. Вялiкага гамузу нам ня трэба, але апрануцца як на сьвята, каб сораму ня было.. -- Куды ж бо, пане княжа? -- А! куды? а табе на якi ляд -- куды? што, зараз мне тут iнквiзiцыю ўчыняцьмеш? Едзем i годзе. Я пайшоў да канюшнiка i перадаў распарады. Бралася на сутоньне, калi князь выйшаў ад сябе, убраны... Аж я дзiву даўся, бо строi надзеў старыя, вышараваныя, як бы наўмысна, а да iх гузiкi, запiнкi, розныя ланцужкi i падвескi вялiкага кошту. Адно аб адно бразгоча. Сказалi падаваць санi. Ад ганка князь толькi сказаў: -- Рушай! -- Куды? -- Наперад! на грэблю! даведаешся, пане каханку, мой ты дасьцiнiчак. I толькi ўжо за грэбляй загадаў ехаць да Забэлаў. Ня чуваць было, каб там сёньня гасьцiну ладзiлi, бавы строiлi, але ў iх мала калi без гасьцей было. Калi мы спынiлiся каля двара, ён сьвяцiўся як лятарня. На падворку людзей-людзей, усе дапалi да вокан -- паглядзець, што там усярэдзiне. Чулася музыка, совалiся пары,-- скокi, значыцца. Калi наш вазьнiца пачаў пугаю ляскаць, калi забрынькалi бомкi на санях, на ганак выбег сам пан Забэла. -- Што я бачу!-- закрычаў.-- Пан князь! о нячуваная ласка пана князя! А князь на тое: -- Па дарозе, пане каханку, да мiлага суседа... калi можна ўвайсьцi? Пачуўшы шум на ганку, выйшлi i iншыя госьцi, вялiкае зьдзiўленьне, подзiў, воплескi, келiхi -- i з налiтымi, сьпяваючы: "То пан, то пан, то дабрадзей наш!" -- трыумфальна павялi нас у залу. Ня было ў ёй такога тлуму, як апошнiм разам, хоць людзей было шмат, асаблiва жанчын. Я зiрнуў, Вайжбунуўна сядзела таксама, а ўгледзеўшы князя, пачырванела i ўстала, як бы хацела адысьцiся, але i толькi ж таго, што за iншай паннай стала. А мы ўжо мелi яе на воку. Капэла грала марш. Загадалi ўлупiць з мажджэраў. Шляхце канечне князя на руках унесьцi, але той ня даўся-такi. Падышла панi судзьдзёва, за ёю i iншыя дамы. Аднак усё гэта нiчога не дало, бо князь, таксама прыбылы сюды з праектам, хадзiў якраз так, каб спаткацца з Вайжбунуўнай, якая ўсяляк яго ўнiкала. А наступiла тое не раней, як па вячэры, калi ўжо ўсталi ад стала. Вайшчанка памкнулася была вышчамiцца, але мы мамэнтам заступiлi ёй дарогу. -- Якое ж бо то шчасьце маё, на якое сёньня нават i не спадзяваўся,-- усклiкнуў мечнiк,-- што сустракаю панну вайшчанку! -- I я тасама зусiм не спадзявалася нават, каб пан князь маё прозьвiшча памятаў. -- Прозьвiшча, можа, я мог бы i забыць, але твар -- нiколi,-- дадаў князь. Дзяўчо зарумянiлася, але можна было лёгка пазнаць, што не ад радасьцi, а ад гневу. Моўчкi паглядзела, расьсеяная, як бы шукаючы, дзе б гэта спрытней вышмыгнуць. На тое мы парадзiлi, каб пан князь хоць бы размовай задаволiўся. -- Як я зайздрошчу панству судоўству, што вы суседзi пана войскага,-- дадаў князь,-- бо да Нясьвiжа хай i недалёка, але сумняваюся, што далi б перавагi... Панна Фэлiцыя падняла вочы. -- Вашэцi княжа,-- сказала,-- высокiя парогi не на нашыя ногi; мы ў тых толькi бываем, каго i ў сябе пачаставаць маем. Бацька стары, а я ня вельмi да баваў ахвочая. -- А што ж, красунечка, любiш? -- спытаўся князь. -- Свой хатнi спакой,-- адказала Вайжбунуўна. -- Э-э!-- завёў мечнiк,-- грэх гэта, бо ў Сьвятым Пiсаньнi сказана, што сьвяцiльнi пасудзiнаю накрываць не гадзiцца. Лiчко ў панны такое прамянiстае, што хаваць яго ад сьвету -- крымiнал! -- Не магу пану падзякаваць за камплiмент, бо лiчу яго жартам,-- сказала Вайжбунуўна,-- а калi князь мяркуе, што гэта шляхцянцы галаву закруцiць, дык шкада мне, бо вельмi пан памыляецца. Мечнiк стаяў, раздумваючы, што сказаць далей; вайшчанка, ня могучы выйсьцi, бо мы абступiлi яе, толькi круцiлася, тупала ножкай i смыкала плечыкамi. -- Чыстая аблога!-- пачуў я, як сказала. -- Я думаў, што ўжо сёньня застану панну вайшчанку ў ласцы,-- сказаў князь. Яна нiчога не адказала, удаючы, што не пачула. -- Таго разу лёс пакпiў зь мяне,-- сказаў ён далей,-- бо здалёк паказаў мне надзею на шчасьце, а ўсё дзеля таго, каб жорстка мяне пакараць. -- Якi вялiкi жаль,-- адазвалася панна Фэлiсiя,-- такiя прыгожыя словы такой прастачцы, як я. Iншая, вяльможны княжа, умела б ацанiць iх, а я нават не разумею, што яны значаць. Зычыла б пану прыберагчы такiя дарагiя кляйноды на лепшы ўжытак. Мечнiк закруцiў вуса. -- А ўжо ж цi можа быць так,-- сказаў падумаўшы,-- каб тая, якая ўмее падабраць такiя вострыя слоўцы, маiх не разумела: але бачу, ня мелi шчасьця ўпадабацца нi яны, нi я! На твары дзяўчацi ўсё больш значылася нецярплiвасьць i абурэньне. Прызнаюся, мне ўжо было шкада яе; яна ўсё яшчэ спрабавала вырвацца, а князь падаваў нам знакi, каб ня выпускалi. Як бы ў роспачы, яна падняла галоўку, доўгiм позiркам паглядзела на мечнiка. Аднаму Богу вiдаць, з пагардай цi зь лiтасьцю, бо i тое i другое было ў яе вачах, яна выбухнула: -- Вяльможны князь толькi адным спосабам мог бы спадабацца сваёй слузе. -- А якiм бы гэта? навучы мяне, красунечка, ахвотна паслухаюся. -- Калi б ты забыў пра яе!-- тупнуўшы, закончыла панна. Князь анямеў, уваччу яму зацьмiла, слоў не знайшоў, забалбатаў нешта невыразнае, бесталковае, а ў канцы сказаў: -- Гэта цяжка, панна вайшчанка, дабрадзейка мая, мы нiчога рабiць ня прывыклi, а наадварот,-- заўсёды пастанаўляць на сваiм. Чым цяжэй, тым прыемней пастаяць на сваiм. -- Дык вяльможны князь пастанавiлi ўжо? -- спытала яна, -- што? ужо цi не выставiць мяне на сьмех людзкi? -- Не, панна вайшчанка, а каб схiлiць яе сэрца, каб мне болей спрыяла,-- сказаў мечнiк бязь нiякiх выкрутак. -- I дзiўную ж дзеля таго князь выбраў дарогу,-- жыва азвалася панна,-- слуга вяльможнаму князю. Яна пакланiлася, дадаўшы зь вялiкай прыкрасьцю: -- Чыстае вар'яцтва!.. -- Я ня дамся так лёгка адпрэчыць мяне!-- шапнуў мечнiк.-- Паглядзiм! У гэты момант, убачыўшы памiж намi нейкую шчылiну, панна высьлiзнула, выбегла i зьнiкла, i больш у залу не вярнулася. Забава зацягнулася далёка за поўнач, i мечнiк у вясёлага строiўся, але ж мы, добра ведаючы яго, бачылi, што ўсё ў iм ад гневу кiпела. Мы вярнулiся ў Нясьвiж сярод цёмнае ночы i сьнежнае завiрухi, бо князь нiчым угаварыць сябе ня даў, каб хоць да дня забавiцца альбо i застацца нанач, а то ж бо ўжо i пакоi падрыхтавалi. Мала таго, час быў тады самы воўчы, хэўрамi шасталi, пад самыя вёскi падбiралiся, i вельмi проста можна было на iх нарвацца. А мы ж i стрэльбаў з сабою ня бралi. Да дня, два разы ў дарозе вывалiўшыся, вярнулiся мы ў Нясьвiж, усе ў такiх настроях, што толькi кленiчамi акiдалiся, а ўжо колькi натрактавалi кулакамi слуг, дык i ня зьлiчыць. Усе мы пасьля гэтай выправы лiчылi, што на тым i канец ёй стане, што ня схочацца болей князю зорачкi зь неба, аж не, бо ў iм ня так каханьне зайграла, як зачэплены гонар. Нiкому нiчога не казаў; ужо на вясну бралася, бо таго года раньняя была, калi аднаго дня загадаў рыхтаваць верхавыя конi, назначыў некалькi дзесяткаў дваровых, i хоць гразка было i дарогi жахлiвыя, -- на вялiкi выезд... Урачыстасьцi нiякай ня было, нi пра якую-такую дастойную фiгурацыю мы нiчога ня чулi, нiякага запрашэньня князь не атрымлiваў, мы галовы круцiлi сабе,-- што за фантазiя. Да дня ўсё павiнна было быць гатова. Князь выйшаў з гардэробу ўбраны як на фэст, мы паселi на конi, ня ведаючы куды i чаго, аж: у Чырвоную Рабку!-- загадаў. У галаве нам такое не мясьцiлася. Усю дарогу князь наўмысна жартаваў з намi дзеля неспазнаку, што быў кiслы, прадчуваючы няўдачу адведзiнаў. -- I што ж ты на тое? пане каханку! -- зьвярнуўся ён да Валадковiча. -- Мне здаецца, што такiя штукi выкручваць варта было б прымусiць Трамантана,-- сказаў Валадковiч. -- Што ж гэта за выкручваньне штук? -- Усё ж такi ў Рабку едзем? -- Ну ў Рабку, i што тут за штука, пане каханку? прыняць нас такi прымуць. -- Хто ведае як! -- буркнуў Валадковiч. -- Думаеш, можа прыняць мяне кепска, пане каханку? а то ж бы запасную галаву трэба было б мець у куфэрку. I так па ўсёй дарозе зачэпваў то аднаго, то другога, а прыпалуднi мы ўбачылi дворык, i князь загадаў рушыць чвалам. Брама перад дваром стаяла вялiзная, цяжкая, замчыстая, але наша чэлядзь кiнулася да яе, адчынiла, i мы зь вялiкай помпай заехалi на дзядзiнец. Можна сабе толькi ўявiць, якое ўражаньне гэтая кавалькада, што як зь неба звалiлася, зрабiла там, дзе нiчога такога нiколi ня бачылi. Адны дваровыя паўцякалi, другiя паўзьдзiралiся на платы, на драбiны, каб лепей разгледзець. Птаства, што грэблася на дварышчы: куры, iндыкi, гусi пырхнулi з галасам на ўсе бакi. На ганку нiкога. Князь сядзеў на канi, а з двара да нас даносiўся толькi стукат дзьвярэй. Нiхто сустракаць ня выходзiў. Князь нарэшце сьсеў з каня, даў знак мне i Валадковiчу, каб мы праводзiлi яго, астатнiм загадаў заставацца каля коней. Адчынiлiся левыя дзьверы, i ў iх паказаўся войскi, лёгка кланяючыся князю, запрашаючы рукою ўсярэдзiну. -- Я ўжо, пане каханку, падумаў быў,-- сказаў мечнiк,-- што вашамосьцi ў доме не застаў, бо нас толькi гусi i куры прывiталi. -- Вяльможны княжа,-- сур'ёзна адказаў гаспадар,-- якое дзiва, што мы не сьпяшалiся прыняць; хто ж бо тое пад такой убогай стрэхай мог спадзявацца на такога госьця? Мяркую, што хiба выпадак прывёў сюды вяльможнага вашэцi князя. -- Не, пане каханку, я прыехаў наўмысна i сьвядома,-- сказаў мечнiк,-- на пачцiвасьць. Крыўдзiце вы мяне, што анi ў мяне ня бываеце, анi мяне знаць ня хочаце. Туркi кажуць, пане каханку, што калi гара не хацела iсьцi да Магамэта, Магамэт пайшоў да гары. Вось жа i я так, пане каханку. Пан войскi смутна ўсьмiхнуўся. -- Быў час, вашэцi княжа,-- адказаў,-- калi Вайжбуны i да Радзiвiлаў езьдзiлi на хату пад стрэхай, цяпер трэба на сваю пядзю мерыць, вяльможны княжа. Ня маю чым прымаць Радзiвiла. -- Пане войскi, каб жа толькi дачкi ягамосьцi тварык нам засьвяцiўся, i за ўсё гэта станецца. Вайжбун засоп, выпрастаўся i пасуровеў. -- Вяльможны княжа,-- сказаў ён,-- мая дачка створана не на забавы магнацкiя; прашу не спамiнаць яе! -- Чаму? -- спытаўся князь. -- Таму, што вяльможны вашэцi князь не ў канкуры да яе прыбываеш, а ў залёты я сам не дапушчу. Сказаўшы гэта, пакланiўся. -- Негасьцiнна прымаеш мяне, вашэцi! пане войскi! пане каханку... -- Iнакш не магу. -- Але ж, калi ня зь ветлiвасьцi, дык з рышпекту да Радзiвiла, якi мае столькi палкоў i людзей, што не дапусьцiць сябе да абразы, выпадала б, пане каханку, быць больш ветлiвым. -- Вайжбуны, вяльможны княжа, са страху прагiнацца ня прывыклi. -- Пане каханку,-- засьмяяўся князь,-- далi-панбог, пан мяне выклiкае? Войскi пацiснуў плячыма, рукi ў кiшэнi ад клопату засунуў i стаяў непарушны. -- Князь мне пагражае? Мечнiк пачырванеў. -- Ваша мосьць мяне ятрыць? Зрэшты ж бо карона з галавы панны вайшчанкi ня ўпала б, калi б выйшла паказацца нам. -- Анi яна, анi я сабе таго ня зычу,-- адказаў войскi. Князь прайшоўся колькi разоў па цесным пакоiку, як бы наогул таго да сэрца ня браў. -- Пане войскi, пане каханку,-- сказаў, вы тут так у вёсцы седзячы, сам-насам з курамi i гусямi, мабыць паначыталiся старых прыгодаў? Шляхцiц не зразумеў, паглядзеў на мечнiка i нiчога не адказаў. -- Га?-- спытаўся праз хвiлiну. -- Бо я, зрэшты, думаў, пане каханку, цi ня чыталi вы той цiкавай гiсторыi пра караля цi гiшпанскага князя, якi ўпадабаў быў бедную кастыльскую шляхцянку. Дык жа вось, пане каханку, калi дзяўчына пару разоў адвярнулася, а бацька ў яго перад носам бразнуў дзьвярыма, пане каханку, князь як ашалеў усё роўна, угневаўся i, кажуць, фатальная з таго авантура выйшла. -- Гэтай гiсторыi я i праўда ж ня чытаў,-- сказаў войскi,-- першы раз пра яе чую; але, вяльможны княжа, што там адбывалася ў Гiшпанii, за барбарскiм нейкiм часам, сёньня нiкому не абыходзiць. Сёньня такое княжатка звалаклi б у трыбунал, ды, як таму Збароўскаму, сьцялi б галоўку, альбо, як таго Дымiтра, таго, што сiлай захапiў Гальяшку Астрожскую, забiў бы першы стрэчны. Князь аж моцна пачырванеў. -- I... не, -- сказаў спакойна,-- i... не, пане каханку; я скажу ягамосьцi, што было б: сыпнуў бы грашыма i злагодзiў бы шляхту, i панавыя фантазii залiшнiлiся б. Войскi зьбялеў, а мечнiк крутануўся, надзеў на галаву шапку i спакойна дадаў: -- Дабранач вашэцi, пане каханку, дабранач, а, можа i да пабачэньня! да пабачэньня! Вайжбун стаяў як скамянелы, бо гнеў не даваў яму слова вымавiць, калi мы ўжо выйшлi, селi на конi i пагапатавалi да Нясьвiжа. З таго дня i пачалася ўнутраная вайна ў князi i няспынная спрэчка з тымi, што атачалi яго. Мы старалiся прывесьцi яго да памяцi, iншыя падбухторвалi, падлiвалi алею ў агонь. Сярод шляхты адразу разьнеслася вестка пра тое, адны бi-забi! стаялi за мечнiка, другiя ўсё на жарты i сьмех зводзiлi. У Нясьвiж даносiлi, быццам войскi пагражаў сабраць са шляхты на князя аблаву, быццам палявацьме на яго як на адзiнца, што ў полi ў шкоду лазiць. Мабыць, выдумкi, але князь абураўся i крычаў: -- Я яму пакажу адзiнца! Яшчэ пабачым, чым яно памiж намi скончыцца. Можа, самога адзiнец iкламi распора раней, чым ён упаляваць патрапiць! Спакайнейшыя каторыя, напэўна, угаварылi б князя нарэшце, калi б ня шайка тых, што падбiваюць усюды сеяць бяду, каб пажывiцца на ёй. Яны ж i прыносiлi новыя весткi, новыя пагрозы, i хоць князя ад iх асланялi i пiльнавалi, невядома якiмi шляхамi ўсё гэта пранiкала да яго, так, што ледзь толькi ад адной адыходзiў душою, як ужо невядома адкуль бралася другая, каб ня даць яму апамятацца i астыць. У такой няпэўнасьцi i страху мы прабылi да восенi, i бадай, не выпадала такога дня, каб не заходзiла гаворка пра Вайжбунаў, каб не спамiналi. Калi прыйшла пара на ловы, наказаў наш князь атабарыцца на ранейшым месцы, там, дзе мы раней лагер ставiлi. Уразiла гэта нас тым болей, што зьвяр'я на той дзялянцы пушчы якраз i не вадзiлася, а ў iншых мясьцiнах i больш яго, i ўпаляваць было лацьвей. Ледзь толькi мы там спынiлiся, як само суседства Рабкi нагадала пра Вайжбунаў. Пайшла гаворка пра iх, а пасьля кiлiшка нехта сказаў, што шляхцiц учынiў князю нядобры прыём. Мечнiк, дачуўшыся, буркнуў: -- Чакай, справа гэтая ня скончана, тады толькi вот, як скокне цераз плот... Назаўтра ранiцай лоўчы назначыў паляваньне за тры чвэрцi вярсты ад лагера. Князь адразу ж, зь вечара, чаго нiколi зь iм ня бывала, сказаў, каб паляўнiчыя iшлi сабе адныя, бо ён будзе спачываць. Нячуваная гэта была на той час рэч, каб мечнiк спачынку заўжыў. Зьдзiвiла тое неверагодна. Лоўчы хацеў быў нават адкласьцi эксьпедыцыю, але князь не дапусьцiў. -- Едзьце сабе без мяне, пане каханку, хай i людзям штось дастанецца, каб мелi чым пахвалiцца. Княжае таварыства, фаварыты i прыблiжэнцы атрымалi загад таксама адпачываць. З самае ранiцы ён быў маркотны, задуменны i не адзываўся нi да кога: выйдзе з намёта, паглядзiць на лес i вернецца. Прыпалуднi апрануся як на паляваньне, але багата i раскошна, залачоны рог на шаўковым шнурку павесiў цераз плечы, конi загадаў пасядлаць i прывесьцi i, сеўшы на свайго, загадаў: -- А што, пане каханку, паедзем з Вайжбунуўнай пабачымся. Знудзiўся я па ёй, перавёўся! Усiм неяк нямiла зрабiлася, усё выдавала на чыстую авантуру, але нiхто не сьмяяўся, заўваг не рабiў, не пярэчыў. Усе прыцiхлi, селi на конi i чвалам паляцелi за iм. Нi яму, нi нам гаварыць не хацелася, уся дарога прайшла ў маўчаньнi, аж вунь паказаўся i той дамок у Чырвонай Рабцы. Памятаю яго, як учора толькi бачыў. Стаяў, прыпершыся садам да бярэзьнiка, якi яшчэ далей iшоў добрым кавалкам. Шляхецкi ўбогi дамок з высокiм дахам, ганак на двух слупках, абапал яго па два акны. Адзiн плот агiнаў дзядзiнец здалёку, другi, акуратна сьплецены, пад самымi вокнамi асланяў кветкi ў гародчыку, каб не здрасавала быдла, iдучы да студнi. Старасьвецкая брама засланяла нам частку дома, бо была ня меншая за сам дом, з крытым саломаю дашкам, замчыстая, абарончая. Да яе вяла абсаджаная вербамi дарога. Ужо здалёк вiдаць было, што вароты стаялi зачыненыя. На ганку, рукi ў кiшэнях, стаяў, як здавалася, сам гаспадар, якога мы нiбыта пазналi па каптуры. Князь пусьцiўся ў поўны чвал, проста на браму; усе за iм, пад'ехалi; гайдук саскочыў з каня i кiнуўся, цуглi яму на карк заклаўшы, да форткi, каб празь яе дастацца на дзядзiнец i адчынiць нам вароты. Але тут з ганка пачуўся моцны голас: -- А каго ж гэта нам Пан Бог пасылае? Гайдук зь няпэўнасьцю азiрнуўся на князя: што адказаць. -- Дакладвай пра пана Гарабурду! -- крыкнуў яму мечнiк. Гайдук паўтарыў дрыготкiм голасам. Тады з ганка зноў спакойна загаварыў войскi. -- Гарабурда? пропадзь iх на белым сьвеце, тытул якi? -- Сын стольнiка смаленскага!-- загаварыў князь. Стары Вайжбун панура i дзiўна усьмiхнуўся. -- Ану! Адчыняй вароты. Запiшчалi старыя падвоi на драўняных падвесах, вароты пачалi адчыняцца, i перш чым мы даехалi да ганка, стары Вайжбун на хвiлiнку зьнiк i тут жа вярнуўся, спакойны, насуплены, паклаў побач з сабою на лаўку стрэльбу. Нiчога добрага нам гэта не зьвеставала. Першы з каня саскочыў сам мечнiк i, дакрануўшыся да шапкi, прадставiўся: -- Яцак Гарабурда, сын смаленскага стольнiка, праездам з пачцiвым рышпектам. -- Вельмi ўдзячны,-- панура адказаў войскi, пазiраючы на князя з такiм дзiўным выразам на твары, што на жарт гэта нiяк ня выцягвала. -- Гарабурдаў на сьвеце шмат ведаю; зь якiх жа гэта ваша будзеш, з тых, што бурды чыняць, а цi з тых, што шукаюць гуза на лоб? -- Я? пане каханку,-- адказаў князь, -- гузоў на лоб ня шукаю, а ахвотна iх раздаю, калi зручная нагода навiнецца. Войскi суха, пакеплiва засьмяяўся. -- Мой стольнiкавiч,-- сказаў,-- хто раздае гузы, той i сарваць сабе можа. Вiдаць, вы былi ў добрай навуцы ў князя мечнiка лiтоўскага, бо нават аж ягоную памянёнку перанялi. Вялiкi ён пан, але яму яшчэ двух гувернёраў даць ня шкодзiла б, каб навучылi яго абыходаў у сьвеце. Паглядзелi адзiн аднаму ў вочы. Мечнiк закусiў вус, войскi руку на стрэльбу паклаў. -- А ваша мосьць, пане каханку,-- сказаў Радзiвiл,-- з князем мечнiкам цi ня водзiце знаёмства? дык шкада; ён бы пана трохi падвучыў палiтыкi i сьвецкасьцi. -- Застары я, каб ужо мне вучыцца,-- адказаў Вайжбун,-- зь мечнiкам анi шмат не знаёмы, анi блiжэй пазнаёмiцца ня прагну. Высокiя парогi не на мае ногi... i... маладога пiва, пакуль не адстоiцца, ня п'ю. Князь аж здрыгнуў на тое маладое пiва. -- Я ж табе, як пэўна вашаць, пане каханку, сам здагадаўся, пан-мечнiкаў прыяцель,-- сказаў гнеўна,-- што ж будзе, калi данясу яму, пане каханку, што выстаўляеце яго такiм нявыстаялым пiвам? -- Будзе якраз тое, чаго, зрэшты, i сабе зычу,-- адказаў Вайжбун панура,-- князь мечнiк абыдзецца са мною гэтак сама, як i я зь iм. -- Не канечне,-- распаляючыся, падхапiў князь,-- неканечне, пане каханку. Я ведаю яго лепей, чым ваша ведае, можа, якраз захоча зьблiзiцца з кiм, хто яго i ведаць ня хоча! -- Але ж такi нiкога нельга змушаць на дружбу; на сьвеце даволi месца ўсiм, каб не патаўклiся локцямi. Я князя ведаю мала, але людзi ведаюць лепей i асудзiлi яго так, што я лiчу за лепшае трымацца далей. На тыя словы мечнiк ужо ня мог сьцярпець i, узяўшыся ў бок, не зважаючы на стрэльбу, на якую абапiраўся Вайжбун, крыкнуў: -- Людзi асудзiлi яго, але такiя людзi, як вы. Годзе ўжо нам той камедыi, пане войскi: я да вас i да вашай пекнай донечкi прыехаў на гасьцiну... Ведаеце мяне. У старога твар успыхнуў, i ўздрыгнула рука, па ўсiх мурашкi пабеглi. -- Да мяне дык да мяне, але да донечкi! а што вам да яе? Голя! голя, вяльможны княжа, яна такiх гасьцей ня клiкала. I ўсё яшчэ трымаючы адну руку на стрэльбе, паказаў другою на вароты. Князь хвiлiну памаўчаў, як бы ня ведаючы, што рабiць. Мы агледзелiся вакол, з гайдукамi i слугамi было нас чалавек зь дзесяць. -- Радзiвiл, васпане, пане каханку, так выгнаць сябе за вароты ня дасца! -- крыкнуў,-- калi прыехаў у госьцi, дык госьцем i буду. I ляпнуў па шаблi. Войскi, якi не чакаў нiякага гвалту i дзеля застрашэньня схапiў зь цьвiка толькi незараджаную стрэльбу, а ў хаце таксама, як пазьней выявiлася, нiкога ня было, апрача адной кабеты i падлетка, завагаўся, рука ў яго дрыжала, бровы ссупiлiся. Усе людзi былi ў полi, клiкаць iх i думаць было марна. Князь пёрся да дзьвярэй, а стары Вайжбун са стрэльбаю ў руццэ заступiў яму дарогу i голасам, дрыготкiм ад гневу, закрычаў: -- Ды што ж гэта такое? гвалт? набег? разбой сярод яснага дня? Нi кроку далей, вяльможны княжа. Дом -- мой прыбытак, ён сьвятым быць павiнен для ўсiх чужых, што права шануюць. Нi кроку далей! На гэты крык i галас, лёгка чутны ўсярэдзiне хаты, выбегла Вайжбунуўна, як была, як стаяла, убраная па-хатняму, з распушчанымi валасамi, але яшчэ прыгажэйшая, чым калi мы яе статнаю бачылi. У руцэ яна несла ў дапамогу бацьку шаблю, пра якую той быў забыўся, вочы былi агнiстыя, i яна сьмела зьмерыла iмi князя. Войскi схапiў шаблю другою рукою. Убачыўшы, што тут ужо на нешта нядобрае заносiць, бо i мечнiк трымаўся за тронку шаблi, таварышы сталi i пачалi прасiць князя i стрымлiваць, каб ня браўся за зброю. -- Калi вы баязьлiўцы, пеньцюхi, гаўнюкi! дык iдзiце ўсе да ста тысяч д'яблаў,-- адказаў ён, разгневаны,-- а я тут i бяз вас з гэтым шляхцючком разьбяруся... Войскi бледны, слова ня кажучы, з шабляй у адной руцэ, другою на стрэльбу абапершыся, стаяў i, здавалася, чакаў зачэпкi. За iм дачка, зусiм неспалоханая, мерыла нас поўнымi гневу вачыма, пагардлiва. Князь, павярнуўшы вочы на яе, засьмяяўся i паслаў рукою цалунак. -- А i ня трэба мне болей прабiвацца ў ваш негасьцiнны хляўчук,-- крыкнуў уголас,-- я пастанавiў на сваiм, бо такi ўбачыў вашую дзеўку, вашэцi войскi. Тым разам досыць i годзе, а пачакаўшы -- там i пабачым, пане каханку. Захачу, дык Рабка -- не фартэцыя, здабыць патраплю i Рабку i тваю зграбку... Чуеш, войскi, пане каханку, запiшы сабе гэта на памяць. Як Радзiвiл сказаў, так яно i будзе. Струхлеламу старцу ў першую хвiлiну слоў не хапiла, зьбялеў як труп i пахiснуўся. Вайжбунуўна, падтрымлiваючы яго, падняла на нас сьцiснуты кулак. Усе мы стаялi, як абамлелыя, калi мечнiк саскочыў з ганка i, хаваючы шаблю ў похвы, скамандаваў: -- На конi! -- i сам на свайго ўскочыў. Мы ўжо борзьдзенька бралiся за страмёны, калi войскi, крыху ахалонуўшы, цягнучы за сабою стрэльбу, падняўшы шаблю, бледны, дрыготкi, як шалёны зьбег з ганка. -- Слухай ты, мечнiк лiтоўскi, ты, якi сваiмi шаламi паскудзiш пачцiвае гняздо, валацуга ты апантаны, калi асьмелiшся нагой ступiць на мой грунт, дык, памажы мне Божа i Найсьвяцейшая пакутамi Ягонымi, як сабаку ў лоб усмалю! Нам ледзь жыцьця не забракавала, калi мы пачулi такое; мы ведалi, што князь абразы век не даруе, без адзьдзякi не пакiне; гэта быў выклiк, наступствы якога нам было лёка загадзя прадбачыць. Князь засьмяяўся, а хутчэй рыкнуў, як паранены мядзьведзь. Другi раз у жыцьцi мы чулi зь ягоных вуснаў такi голас, а першы раз --калi шляхцiца кудзеляй задушыў. -- Старая бязмозглая доўбня,-- рыкнуў,-- ты мне заплацiш, шчодра заплацiш. Да мiлага i скорага пабачэньня, да пабачэньня... I, ужо даўшы астрогаў каню, зiрнуў на панну, i рвануў да брамы, паўтараючы як няпрытомны: да пабачэньня! да пабачэньня! Мы -- за iм. Ляцелi як апантаныя, не разьбiраючы дарогi, можа, з чвэрць вярсты, адзiн гайдук разам з канём нават у роў убiўся, i толькi сярод поля мечнiк рыўком асадзiў каня, аж храпу закрывавiў, а заднiя ногi па костачкi ўселi ў пясок. Спынiлiся; князь ацiраў пот з лоба, дзiка сьмяяўся, нездаровым сьмехам, зубамi скрыгочучы. -- Чулi, з сабакамi мяне паслаў,-- крыкнуў,-- i каб я яму i ёй так перапусьцiў?.. як Бог жывы, пане каханку, ня можа таго быць, хiба што Радзiвiлам заўтра сьвiньнi пасьвiць. Дзеўку вазьму, а хай хоць галавой налажу, а старому храпы стулю на векi вечныя. Паглядзеў на нас, як бы хацеў, каб мы яму падтаквалi; але нiхто не аказаўся, усе маўчалi. I якое тут дзiва! мой дабрадзею, кожны з нас сваю хату, свайго старога бацьку i сястру ўспомнiў. -- Стары каркам заплацiць!--крычаў разьюшаны князь,-- такога прыёму не дарую! Гэта яму суха ня пройдзе, альбо я не Радзiвiл. Крывiцеся на мяне цi не,-- дадаў ужо нам,-- мне да халявы, ня пойдзеце са мною, зганю тысячы людзей на гэтага нахабнага мяцежнiка i... Адзiн стары Парчэўскi адважыўся выцадзiць праз зубы: -- Вольныя жарты, вяльможны княжа, шляхцiц языком малоў, дык што там у тым такога, але замахвацца на дом, гэта ўжо вязьнiцай пахне. -- А хай хоць бы i галаву на калодку! пане каханку,-- падхапiў мечнiк,-- хто любiць Радзiвiла, той не пакiне яго, а хто паршывая авечка, хай iдзе дахаты спаць, смалi вас д'яблы! I сперазаўшы каня плёткай, пусьцiўся зноў. Моўчкi, растрывожаныя, ехалi мы за iм аж да лагера. Там, яшчэ мы з коней не пазлазiлi, князь ужо загадаў здымаць лагер i зьбiрацца ў дарогу ў Нясьвiж. Але раней чым затрубiлi на збор раз i другi, перш чым усё пасьцягвалi i ўпакавалi, перш чым забралi коней з пашы, загрузiлi вазы, паскладалi намёты, пачало зьмяркацца. Усе хадзiлi як патручаныя, нiхто слова сказаць ня сьмелiўся, паглядалi толькi ў вочы адзiн аднаму, i кожны ўзважваў, што павiнен рабiць i што стацца можа. Пасьля князь загадаў падаць вiна, хоць нiкому не хацелася пiць, бо i так мы былi як п'яныя. Але сьцiнацца зь iм цяпер было нельга; калi паналiвалi келiхi, кожны рады ня рады мусiў хлябтаць. Гэта нас неяк мiжволi ажывiла, дадало адвагi, i мы пачалi памiж сабою раiцца, што ж такi рабiць? Старыя заклiналi не працiвiцца, ня ятрыць князя, аж бо ведалi натуру i кроў радзiвiлаўскую, што калi ёй запруды ставяць, яна грэблi рве. Казалi -- перабушуе; тым часам, калi сёй-той загаворваў зь iм, князь перапыняў яго, паўтараючы: -- Такая абраза Радзiвiлам!.. Трэба шляхцюка на розум наставiць. Парчэўскi пра вязьнiцу намякае; па мне, дык лепей сваё адседзець, чым заплёванаму хадзiць. Загадаў пiць i налiваць, а калi каторыя ўпiралiся i перапрашалiся, дайшло да таго, што пiсталетам пагражаў, такi яго шал апанаваў. I нам ужо таксама ў галаве зашумела. Вiно бывае добрым дарадцам, але бывае i самым здрадлiвым. Лагер ужо быў зьняты, а мы ўсё яшчэ, седзячы на калодках каля вогнiшчаў, пiлi i пiлi. Спаражнiўшы бутляка,-- бразь яго аб пень, князь сам келiхi ў кулаку душыў, выпiўшы, аж мы баялiся, што шкла ня хопiць. Каля паўночы князь устаў, шапнуў нешта лоўчаму, загадаў адпусьцiць людзей з аблавы, даўшы па талеры кожнаму. Дваровых паляўнiчых, прыяцеляў, служак засталося галоў, можа, зь пяцьдзесят. Ночы ўжо рабiлiся халодныя, але пасьля вiна гэта мала адчувалася; зоркi нiбыта i сьвяцiлi, але ўсё-такi было цёмна як у розе, бо месяц ня ўзыходзiў яшчэ. Раптам сказалi сядлаць конi, i-- сiгнал у дарогу! -- Чаго мне чакаць i пераймацца гэтай абразай i насiць яе, як камень запазухай? -- сказаў мечнiк,-- хто са мною, едзь са мною; хто ад мяне сёньня адступiцца, хай нiколi на вочы ня кажацца. Увоз i перавоз вольны кожнаму, пане каханку, дарога адкрытая, як хто пасьцелецца, так i высьпiцца. Нiхто з княскага двара i ня думаў яму паддавацца; чэлядзь, гайдукi, дворня, усё гэта былi людзi запамiнальныя, наперад вызначаныя, зь iм i за яго ў агонь i ваду! Для iх -- поўная ўдача i сатысфакцыя iсьцi на авантуру, бо пасьля яе заўсёды нешта за гузы перападала. Мы, шляхта i прыяцелi Радзiвiлаў, самi ня ведалi, што рабiць. Адступiцца ад яго ўсiм кагалам i дазволiць яму ехаць з той галайстрай самому здавалася самым небясьпечным. Кожны з нас уяўляў сабе, што ўдасьца ўтрымаць яго ад эксцэсу. Хвiлiна ў нас была, бачыць Бог, страшная, колькi жыву, такое не памятаю. Голавы падхмеленыя, трывога нейкая, няпэўнасьць, а разам з тым ятра i лiхамыснасьць нейкая. Дворня i служба заяглiлi ў адзiн голас: -- З князем -- хоць у пекла! -- Вядзi нас, мы з табою! -- Наперад, Радзiвiл!.. -- Наперад, нашыя! Выступiць супраць адважыўся адзiн малады Рэйтан. Мечнiк вельмi любiў яго. Ён ужо быў на канi сярод нас, але гнядога жарэбчыка, як зараз памятаю, асадзiў на некалькi крокаў. Як зараз во бачу: маленькая, задзiрыстая фiгурка, высокi лоб, чорны падкручаны вусiк, лупатыя вочы, шапка набакiр, падняў руку i закрычаў: -- Княжа мечнiк, напрамiлы Божа, што ты робiш! Апамятайся! Набег на маёнтак -- цi ж радзiвiлаўсякая гэта справа? Пайду за табою ў агонь i ваду, але ня ў гразь, але не на разбой супроць безабаронных. Што з табою! Княжа! Схамянiся, зьлiтуйся!.. Шляхцiцу вольнай хвiлiнкай спакойненька ўвалiм сто бiзуноў; але каб на двор, Божа вас баранi! Сёньня на яго дом наедзеш, а заўтра на мой, я ў гэта рук умачаць не хачу i ня буду. -- А! ты скура бычыная!-- крыкнуў мечнiк, схапiўшыся за шаблю,-- i ты бярэш рызыкi называцца маiм сябрам i ня хочаш, каб я баранiў свой гонар? -- Не дазволю паскудзiць яго! -- адказаў Рэйтан,-- выклiч на шаблi войскага, я паеду з табой, дам сябе засячы, але ад кабеты -- рукi прэч! Князь падскочыў да яго проста на канi, з аголенай шабляй; Рэйтан анi сьцепнуўся, стаяў. -- Бi, сячы, гэта ты можаш! прыму ад сябра; а на разбой з табой не пайду, i пакуль мне сiлы i голасу хопiць, трымацьму цябе, бо... так мне сумленьне кажа. -- Скруцiвяз ты якiсь,-- сказаў князь, усё больш загараючыся гневам i пагражаючы шабляй. Але падскочылi людзi i засланiлi Рэйтана i стрымалi князя. Рэйтан паволi павярнуў каня i ад'ехаў убок. Мечнiк схаваў шаблю ў похвы i крыху супакоiўся, нават ужо ня гледзячы ў той бок, куды Рэйтан з вачэй зьехаў. -- За мной! Хто з Радзiвiлам, за мной!-- крыкнуў i пусьцiў каня наперад, за iм усе астатнiя. Рэйтан як быў, так адзiн у лесе ў лагеры i застаўся, пасьля паехаў дамоў. Што пазьней было з намi, цяжка пераказаць. Увесь гэты вечар так зьмяшаўся мне ў галаве, што мала чаго з падрабязнасьцяў памятаю. Дворнi, гайдукоў, лесьнiкоў i паслухмянага князевым камандам тлуму, п'янага, разгарачанага, было ў чатыры разы больш, чым нас, сяброў мечнiка. Усе яна адразу ж акружылi князя i з гвалтам i кляцьбою кiнулiся да Чырвонай Рабкi. Ня было нiякай магчымасьцi адвярнуць князя, каб ухiлiць самае вялiкае няшчасьце i шаленства. Зямля дрыжала пад капытамi коней, мы ляцелi як бура, не адзiн бразнуўся разам з канём, не аднаго зрасавалi, так, навосьлеп перлi цераз цёмную ноч, хлешчучы коней бiзунамi. Галастра галёкала на ўсё горла. Удалечынi паказалася нам тая няшчасная Рабка; бо, хоць ноч i была позьняя, але ўсе вокны яшчэ сьвяцiлiся, а на дзядзiнцы ўсё яшчэ снавалi людзi зь лiхтарамi. Пад'язджаючы да двара, запаволiлi, але мечнiк усё яшчэ ня прыйшоў да памяцi, падганяў кожнага, хто сьмелiўся слова яму сказаць упоперак. Лоўчаму загадаў пацiху ачапiць увесь двор, як палюючы на ваўкоў, каб жывая душа не праскочыла. З таго, што вiдаць было на дзядзiнцы i ў хаце, мы лёгка здагадалiся, што напалоханы войскi з дачкою пасьпешлiва зьбiраўся зьехаць альбо ў Слуцк, альбо ў якое iншае мястэчка -- ведаў, што яго чакае. Так было на самай справе. Ужо якраз грузiлi падводы, калi мы наблiзiлiся да паркана. Мечнiк, засопшыся, з кленiчамi, ехаў наперадзе. У маўчаньнi падступiлiся мы пад самую браму, а тады раптам вакол разьлеглiся дзiкiя крыкi, княскiя людзi з усiх бакоў з галасам кiнулiся на падворак. Безабаронная чэлядзь, якая круцiлася каля вазоў, маленькая жменька, перапалоханая, дала лататы, хто куды, у аборы, у двор, у хмызоўе. А на ганку толькi паказаўся войскi з шабляй у руцэ i са стрэльбай. За iм дачка зь пiсталетамi. Нехта нават на чатырох залез пад услон на ганку. Браму выламалi мiгам,-- адна палавiна з грукатам бразнулася на зямлю, пачалi валiць i платы, людзi лезьлi з усiх бакоў, пеша, конна, абы хутчэй. Не зважаючы на стрэльбу ў руках у Вайжбуна, якi ўжо злажыўся i цэлiўся, князь з канём дапёр да яго. Тут, чую, стрэл; дым засланiў ад мяне князя, жахлiва залямантавалi людзi. Бы ўжо былi падумалi, што, крый Божа, пацэлiў мечнiка, бо той пахiснуўся ў сядле. Але не, гляджу, саскочыў з каня i з шабляй проста на войскага, за iм астатнiя, цi трымаць, цi памагаць, Бог яго ведае. Яшчэ ўбачыў, як Вайжбунуўна няцьвёрдай рукой падняла пiсталет i стрэлiла, -- мiма, i як Вайжбуна абчапiлi людзi з шаблямi. Той засланяўся, аж... чую: -- Езус, Марыя! -- упаў на зямлю, i ўсё на ганку закруцiлася, заклубiлася, не пазнаеш, дзе свой, дзе чужы, толькi жывы крык душу разьдзiрае. Судны дзень там настаў... Страляе той, страляе гэты, шалы шалеюць, б'юцца, падаюць, рвуць, крычаць. Вайжбунуўна прыпала да бацькi, якi ляжаў у сваёй крывi; гляджу, а тут яе з аднаго боку мечнiк, з другога лоўчы хапаюць, яна вырываецца, крычыць, лямантуе, -- i гвалтам валакуць да коней. Такi вярцеп усчаўся, аж мы адзiн аднаго ня бачылi i ўцямiць не маглi, што з намi робiцца. Я з каня ня злазiў, але i мяне лупцавалi, пхалi,-- галава пайшла, мой гняды пачаў, сам не разьбiраючы каго, брыкаць заднiмi нагамi. А тут чэлядзь, дай ёй толькi волi, папусьцi ёй -- дом рабуе, нясуць хто што зарваў, б'юць знойдзеных людзей. Я ня мог ужо далей на гэта глядзець; сорам, жаль, боль -- спасу няма, я пачаў з канём выбiрацца вонкi з тлумiшча гэтага... i зь вялiкай агiдай да ўсёй жорсткай калатнi павалокся да брамы, каб уцячы ад гэтай чартаўшчыны i ўжо ня бачыць нiкога i нiчога. Шкада мне было людзей гэтых, але шкада i пачцiвага князя, якi аж так фатальна забыўся ў сваёй зацятасьцi. У вачах засьцiлала, у галаве круцiла-муцiла, сьлёзы сьляпiлiзаслалi вочы, сам доўга ня ведаў, што раблю, i не заўважыў нават, цi тое конь мяне, а цi я яго вывеў на пагорак за двор, дзе я нарэшце спынiўся перавесьцi дух. Апошнiя хвiлiны князя ваяводы (Пане Каханку) (працяг) Юзаф Ігнацы Крашэўскі Спакваля разгледзеўся, скемiў, што, сам ня ведаючы як, заехаў на могiлкi, стаяў сярод крыжоў, i давай зь цьвiнтара выбiрацца ў поле. Нядобры гэта быў o m e n ! У той самы момант, цi тое ад кудзелi цi ад стралянiны, цi ад наўмысна падкладзенага агню занялося з аднаго боку двара, а з другога загарэлiся фальварковыя забудовы. Дзьмуў вецер, а як што ўсё тут было старадрэўнае, сухое як парахня, дык як цi не за тры пацеры ўсё гэта ўжо ясным полымем шугала, гарам гарэла! Я стаю i стаю, гляджу на садому,-- чорнымi шайтанамi гойсаюць ценi, ужо i ня ведаю, рабуючы цi ратуючы. А ў войскага, вiдаць, былi нейкiя там запасы пораху, бо раптам -- як грымне, як бухне! Езус! Марыя! -- iскры сыпанулi на будынкi, цэлыя галавешкi паляцелi, людзi -- у галас! Кроў у жылах стыне. Апусьцiўшы галаву, адпусьцiў каню цуглi -- iдзi, нясi мяне, мой косю, куды сам хочаш. Разгледзеўшыся, я ўжо нiдзе ня ўбачыў князя мечнiка, i ня мог уявiць, дзе ён мог быць. Усё ўва мне заплывала горкаю жоўцю; найбольшая злосьць брала на тых, якiя дурным дражненьнем, намёкамi, пад'юджваньнем давялi да няшчасьця. Я толькi добра ведаў, што хоць Радзiвiлу шмат чаго магло абысьцiся бяз кары, але толькi ня шляхта, паны Сапегi, Агiнскiя, Тышкевiчы, Масальскiя так яму гэтага не даруюць, плазам ня пусьцяць. Ноч стаяла глыбокая, бадай што ўжо i на золак бралася, пеўнi сьпявалi, калi я, апрытомнеўшы, пачаў, стоячы пад плотам, глуздаваць, дзе я i што я. За некалькi крокаў была толькi брама фальварка майго прыяцеля Шылэйкi, i насустрач мне ў кажушку выйшаў начны вартаўнiк. Я сказаў яму адчыняць, уехаў на двор. Шылэйка яшчэ на тым часе жанаты ня быў, ня было патрэбы разводзiць зь iм лiшнiх цырымонiй, i я загадаў вартаўнiку стукацца. Пакуль ён там дабудзiцца, было яшчэ часу падумаць, што сказаць. Зусiм не хацелася выдаваць, дзе i з кiм я быў, нi адкуль я ехаў поначы. Трэба было хлусiць. Шылэйка босы, у пантофлях, накiнуўшы воўчы кажух, вылецеў напалоханы. -- Што такое? -- крыкнуў ён, -- адзiн? адкуль? чаго так позна? што ў халеры? чагось начворыў? кажы! Мы зайшлi ў пакой; я наплёў яму нейкiх баек, як мы з князем палявалi ў суседнiх барах, як я з канём заблудзiўся, як, шукаючы дарогi, цэлую ноч блукаў па зарасьцях i лясах, i вось толькi пад ранiцу ўзьбiўся на ягоны двор. I адразу, як запалiлi сьвятло, я кiнуўся тварам на тапчан як няжывы. Толькi глянуўшы мне ў вочы, Шылэйка ўсрыкнуў: -- Ды ты як той Пятровiч з магiлы, так выглядаеш! Што з табою? страху наеўся цi што? -- Стамiўся я. -- А i, мусiць, галодны? Мне i марцыпана ў той момант не захацелася б, я папрасiў яго толькi што-небудзь паслаць ды хоць кульбаку, пад галаву. Той яшчэ спрабаваў распытваць, але слова зь мяне выцiснуць ня мог. Я папрасiў у яго салоных гуркоў, каб ператравiлi ўва мне вiно i жоўць, i хутчэй лёг спаць, каб ўратавацца ад хлусьнi i балбатнi. На сон зусiм ня брала, хоць i быў я вымучаны, як жахлiвай плягi набраўшыся, усе косьцi ў сабе адчуваў. Заплюшчыўшы вочы, праляжаў да ранiцы, думаючы i перадумваючы, што там магло стацца i што яшчэ з усяго гэтага можа скруцiцца. Шылэйка нiчога ад мяне не даведаўся. Ужо дзень быў ясны, калi, пасярбаўшы крупнiку, я разьвiтаўся зь iм i папрасiў падаць мне каня; пры сьвятле выявiлася, што на лапатцы ў мяне была садраная да жывога скура. Спаслаўся Шылэйку на лес i карчы... Паехаў адтуль памалу, бязь сьпеху, у Нясьвiж, хутчэй блукаючы, чым едучы, адпачываючы, па волi каня. Ня дужа рупiла да бяды... Дабраўшыся толькi на другi дзень, разам са шкапай, пацягнуўся да стайнi. У першага ж конюха, якога спаткаў, пытаюся: -- А князь? Конюх нiчога не адказаў. Гляджу на людзей: некаторыя з тамтых, што з намi былi, тут, iншых -- няма. Усе ходзяць насупленыя i маўклiвыя. Аддаўшы ў стайнi каня, я пацягнуўся ў свой пакой у флiгелi. Людзей на дзядзiнцы было мала, а ў тых, каго спаткаў, твары дзiўныя, адварочваюцца. Каго нi папытаюся, буркне сабе нешта пад нос, дзеля адчэпнага. Ня зьдзiўляюцца, што бачаць мяне, нiхто не дапытваецца, дзе я прападаў... У заднiх пакоях, у сенцах, нарэшце, сустракаю Пятроўскага, якi быў з намi... -- Што чуваць? зьлiтуйся... -- А ты ўцёк зь месца? -- спытаў ён. -- Сам ня ведаю, што са мною сталася, раскажы мне! Ён завёў мяне да сябе, i мы замкнулiся. -- Дзе князь? -- Няма яго! -- Але зь iм нiчога благога? -- Сталася самае горшае, што магло стацца, -- кажа Пятроўскi,-- бо глупства нарабiў шалёнага, якое калi i прыдасца на што, дык хутчэй каб распалiць супроць сябе людзкую нянавiсьць, каб пасьля самому ўгрызацца дакорамi... -- А дзе ён? -- На фальварку за мiлю адсюль. -- Зьвёз Вайжбунуўну?.. -- А ўжо ж такi... Падступiцца да яе ня можа, бо як дурная рве i з гразёю яго мяшае... -- А стары забiты? -- Калi i жывы, дык няшмат яму засталося, бо патаўклi яго як сьлед, як шчупака... Абодва мы пачалi ўбольвацца i войкаць, але чым такiя жалi памогуць, калi ня ў часе... Увечары я выбраўся ў харомы -- нiкога, пуста... Валадковiч сноўдаўся, пакручваючы вус, вочы долу ўнурыўшы. Хадзiў, як хмара зь перунамi, што вусны разамкне, -- толькi кляне... Паглядзеў на мяне, я на яго. -- А што?.. -- А што?.. -- А нiчога! -- пацiснуў плячмi,-- Божая кара i клямка табе! -- Скажы... зрабi ласку... як яно тут i чым тое скончыцца? -- Чаго ты хочаш? -- спытаўся нецярплiва.-- Дрэнна стала, i адзiн толькi Бог ведае, чым усё скончыцца. Ад яго яшчэ я даведаўся, што Вайжбунуўну завезьлi ў свой фальварак i што князь не адступаeцца ад яе. Частка людзей засталася i пiльнавала фальварак. А ў Нясьвiжы было пуста i цiха. Так мiнуў дзень, два, ба -- i тыдзень цэлы, а князь не паказваўся. Прысылалi толькi па розныя рэчы, i людзi на службе мянялiся. Чужым казалi, што князь на паляваньнi, але невядома, у якiя падаўся лясы. На восьмы дзень з ранiцы, калi я нясьпешна адзяваўся i яшчэ сядзеў у апанчы, а дзевятай гадзiне да мяне прыляцеў Пятроўскi. -- Князь вярнуўся! -- I што? -- Нiчога ня ведаю, але ён тут. Тады я пайшоў на службу. У харомах было шмат людзей, неўзабаве паявiўся i мечнiк. Я здалёк глянуў на яго: зьмянiўся; твар азыз, вочы чырвоныя, лоб пахмурны, князь быў змрочны i маўклiвы, як чалавек, якi сам сабе ня рады. Князю раiлi тое, князю раiлi сёе --анiякай увагi. Настрой быў магiльны. Толькi пасьля абеду, шнуруючы туды-сюды, я пачаў памалу i здалёк даведвацца i даведаўся,-- Вайжбунуўна ўцякла. Якiм гэта чынам ёй удалося, нiхто яшчэ ня ведаў, думалi шмат на каго, што ёй зь лiтасьцi дапамаглi, але ўсiх апраўдалi. Трымаў яе князь у фальварку, дом быў абстаўлены з усiх бакоў, пад дзьвярыма i вокнамi дзень-ноч варта. Нiхто апроч пакаёўкi да яе не ўваходзiў. I ўсё-такi праз тыдзень, як яе туды прывезьлi, -- зьнiкла. У алькове каля пакоя акно было вынятае, а тыя, што пiльнавалi, ляжалi п'янюткiя -- не дабудзiцца было. Пазьней выявiлася, што нарачоны панны Дулемба, ня могучы яе выратаваць сiлай, даўся на ўсякiя iншыя спосабы, аж такi вызвалiў. Паслалi пагоню на ўсе бакi i тракты; князь сам хацеў даганяць, але нiдзе ня было нiякага сьледу. Так тая смутная шляхецкая трагедыя скончылася зьнешне, пакiнуўшы сьлед на твары князя мечнiка i ва ўсiх ягоных паводзiнах, настроях. Ён зрабiўся рэзкi, раздражнёны, ганарысты, гнеўны, i ня скора яго гэта адпусьцiла. Была ў мяне таго часу на Нясьвiжчыне з ласкi пана князя вёсачка, я адпрасiўся i паехаў дадому адпачыць i каб забыцца лiхога. Па шляхце шырока разьнеслася вестка пра напад на Рабку; некаторыя кiдалi на князя перуны, пагражалi i наклiкалi, што яму калi-небудзь адплацiцца, а тыя, што з Радзiвiлаў жылiся, гэтак жа сама зацята баранiлi яго, пераводзячы ўсю тую авантуру на сьмех i жарты. Я маўчаў, Богу толькi вядома, чаго мне каштавала любiць князя i ня мець сiлы прабачыць яму. Тыдзень я сядзеў у вёсцы замкнуты, угрызаючыся сумленьнем, у поўнай роспачы. Прыехаў да мяне, даведаўшыся, што я дома, Шылэйка i адразу ж з парога: -- А, дык жа i ты там быў, а мне каб слова! Сораму ў цябе нама! -- Дзе? як? што? -- спрабаваў я выкручвацца, але дзе ж ты выкруцiшся. Шылэйка толькi буркнуў: -- Хай Богу падзякуе князь, што куля яго не дастала, якое сам заслужыў. Ад таго ж Шылэйкi я таксама даведаўся, што Дулемба выкраў панну i ў Вiльню яе зьвёз, дзе i Вайжбун ацаляўся ад ран i дзе дактары абяцалi, што паставяць яго на ногi. Жыцьця ў старым было столькi, што нягледзячы на раны i вялiкую страту крывi, нягледзячы на болесьцi, якiя спадобiлi яго, памалу ачуньваў. Усе навакол лiчылi, што вось цяпер якраз i пачнецца працэс супроць князя, i кожны дзень штогадзiны чакалi позваў на сьледства. Здавалася гэта такiм непазьбежным, што ўсе толькi дзiву давалiся з адцяжак. Але дарма пасылалi на выведы; колькi разоў, як толькi ў Нясьвiжы паяўляўся якi праўнiк, ужо й думалi, што ад Вайжбунаў. Мечнiк ведаў, што прыплацiць давядзецца, ды i нямала, калi заўгодзiцца яму адкруцiцца ад астрога, ад ганьбы, ад -- сабачымi вачыма на сьвет сьвяцiць. А тым часам працэсу -- анi слыху анi почуту. Пабыўшы крыху ў вёсцы, дзе мне ўжо i занудзiлася i засумавалася па Нясьвiжы, я вярнуўся туды, каб даведацца чаго-небудзь пэўнейшага, бо па вёсках хадзiлi розныя плёткi. I застаў там усё па-старому. Як на вока, дык i нiчога не зьмянiлася, звыклы парадак, звыклыя звычаi, шляхты, гатовай на ўсякiя паслугi, поўны двор i харомы. Пайшоў i я пакланiцца князю. Убачыўшы мяне: -- Згуба знайшлася,-- сказаў,-- а дзе ж ты быў, пане каханку? -- Дома крыху пагаспадарыў! Князь пакруцiў галавой i пайшоў ад мяне. Не выказаў мне анi жалю, анi гневу, увогуле, быў ласкавы са мною. Я даведаўся, што князь пасылаў Валадковiча да Рэйтана, каб той прыехаў у Нясьвiж, бажыўся, што слова лiхога ня скажа, бо крыўды на яго ня мае. Але няскора тут той паявiўся, бо сам крыўду меў, пазбыцца якое адразу ня мог. На другi дзень князь сам мяне зачапiў: -- А можа, табе чаго-небудзь трэба на гаспадарку? можа, добрага насеньня? дык скажы. Я падзякаваў за ласку, але, дзякуй Богу, было чым абсеяцца. Цэлы дзень здалёк прыглядваючыся да яго, чытаючы зь ягонага твару, я лёгка разумеў, што пакутаваў князь, толькi схаваць свой боль стараўся, бо ня любiў, каб яго суцяшалi, усё перапальваў у сабе. Планы розныя строiў, хоць i не ўдавалiся яны. Сьмяялiся зь iх толькi тыя, што былi гатовыя i плакаць дзеля ласкi панскай i на хаўтурах скакаць. Такiх ён ня любiў, хоць i трымаў пры сабе. Усё неяк ня ладзiлася, i паляваньне, i забавы, i тэатр, i музыка. Працэс, як дамоклаў меч, вiсеў над галовамi, бо здаваўся непазьбежным. Забавiцца, бывала, вазок на заднiм двары, альбо паявiцца новая асоба, якую можна здалёк прыняць за задрыпанага юрыста, князь адразу пасылае: хто? з чым? Толькi дзьверы адчыняцца, толькi новы твар у парозе, -- от i позвы. Рыхтуючыся да той справы, людзей, што былi на паляваньнi, каб ня было каму сьведчыць, парассылалi па розных радзiвiлаўскiх добрах; былi i нарады праўнiкаў, i парады, як абараняцца, i ўсякага роду папярэднiя захады i перасьцярогi. Так прайшло некалькi месяцаў, i спакваля людзi супакоiлiся. Аднойчы ранiцай увальваецца да мяне Валадковiч, дакладвае, што князь жадае, каб я суправаджаў яго ў Вiльню. -- А, ну дык добра, калi князь кажа. Я нават ня спытаўся, з чым i па што едзем, Што мне да таго? Валадковiч адказваў за ўсё, а я быў толькi дзеля большай бясьпекi, ахоўнiк шкатулкi. Я пайшоў у замак, князь адчынiў: -- Едзь, пане каханку з Валадковiчам, каб нуды ў дарозе ня было; будзеце на здароўечка сабе гуляць у мар'яж, у варцабы. I Валадковiч i князь сьпяшалiся; толькi ўправiлiся са снеданьнем, як ужо конi i служба напагатове. Да грошай заўсёды дадавалi гайдукоў, па адным, па два, плячыстых дзецюкоў, такiх, каб i чорта не ўбаялiся. Былi такiя i пры нас. Конi-- выдатныя бегуны, а косьцi нашыя мала каму абыходзiлi, так што язда пайшла рэзвая. Валадковiч са мной па-свойму забаўляўся, мы жартавалi, плялi, што са сьлiнай у рот набяжыць; пра Вайжбунуўну нiхто анi помыслу, бо ўсё такое на сьвеце хутка забываецца. Ужо пад самай Вiльняй мы спынiлiся на папас у лясной карчме, каб даць перадыхнуць коням. Тым часам набегла веснавая бура, як гэта яна мае звычай над лясамi гуляць i круцiць чубы соснам, калi мы ўжо думалi, што яна хутка адшумiць, бура шалела да вечара. Перуны валiлi адзiн за адным, ялiны гарэлi як сьвечкi, а мы толькi хрысьцiлiся, гледзячы на ўсё гэта, бо от-от, здавалася, улупiць па карчме. Ня было нiякай магчымасьцi вырушыць у дарогу, аж Валадковiч пачаў выклiнаць слоту. Я дагэтуль не здагадваўся, па што едзем. -- А i што ж бо табе так упiльнiлася?-- спытаўся я.-- Нiкуды твая Вiльня не ўцячэ. -- Ня мне яно пiльна,-- адказаў,-- а князю, i дзеля яго я ўжо й рады быў бы вярнуцца. Справа так яго ўгрызла, што спасу няма. -- Якая ж гэта справа?-- спытаўся я. Валадковiч быў у добрым гуморы, i язык у яго разьвязаўся. -- Альбо ж сам ня ведаеш? -- сказаў.-- Ты быў у той лiхаце з намi, калi i не да канца, дык, прынамсi, на пачатку. Дык тут зайшлося не пра што якое, а толькi пра няшчасную Фэлiсiю Вайжбунуўну i пра Чырвоную Рабку, бадай бы мы iх ня зналi былi! Толькi цяпер ён прагаварыўся, што князь усё яшчэ прападаў па Вайжбунуўне, што яму яе i бацькi шкада было, што сумленьнем князь неспакойны, што дагэтуль ня можа суняцца i дараваць сабе нанесенай iм крыўды. Яму канечне было паправiць усё, наколькi гэта было магчыма. Можа, будзь ён шляхцiц, паводле прынятых у грамадстве правiлаў пачаў бы супроць яго працэс, упёрся б усiмi капытамi i баранiўся б; але князю данесьлi, што стары Вайжбун, залізаўшы ўсе свае раны, калi ягоныя адвакаты ўгаворвалi яго пачаць працэс, нiбыта адказаў iм, ня раз, а шмат разоў паўтарыўшы: -- Не да людзкой справядлiвасьцi я апелюю, а да Божай. Навошта нам пачынацца? Галавы яму не сатну, а паганьбеньня дачушкi маёй, маiх утрапеньняў i пралiтай крывi ён не адшкадуе нiчым. Бог за мяне спытае. Не пашанаваў князь майго дзiцятка, сам ня мецьме дзяцей... без нашчадкаў сканае! Князю ўсё гэта перадалi; князь зрабiў выгляд, што сьмяецца, але моцна забраў да сэрца. Ён паслаў праз даверанага пяць тысяч чырвонцаў золатам, якiя войскi з пагардай i абурэньнем адкiнуў; цяпер, ужо другiм разам, праз Валадковiча паслаў цэлых пятнаццаць, каб толькi палюбоўна дайсьцi да злагады з Вайжбунамi. Вядома было таксама, што Дулемба хацеў ажанiцца з паннай, на каленях прасiў, каб не адмаўляла яму; але вайшчанка адказала, што нi ў чый дом сораму свайго не панясе i нiколi за нiкога ня пойдзе. Князь так з таго ўбольваўся, што нi спаць, нi есьцi ня мог, бясконца паўтараючы: -- А няхай бы ж хто мяне ад тых Вайжбунаў адкараскаў! Дам, чаго захоча. Валадковiч, давяраючы свайму красамоўству i ўмельству, даў князю слова, што вырве ў старога згоду, а мяне хацеў мець за сьведку, каб потым людзi языкамi не перакладалi, што iмпэту пашкадаваў. Мы доўга пра тое гаманiлi. Валадковiч даваў галаву на адрэз, што яшчэ нiколi разу такога ня было, каб князь што-небудзь аж так браў да сэрца. Я лiчыў, што мой таварыш залiшне на сябе пакладаўся; ён выехаў зь Нясьвiжа з той пэўнасьцю, што так цi iнакш, а Вайжбуна возьме; але калi я засумняваўся, дык i ён неяк прыцiх са сваiмi пахвалянкамi. Цяпер ужо i яму ўсё гэта здавалася ня надта лёгкiм. Бура ня суймалася да самае ночы. Перад намi былi лясы i непралазныя пяскi, па якiх трэба было прадзiрацца, перастаўляючы нага за нагу; але Валадковiч, пераначаваўшы, другi раз напаiўшы конi, калi ўжо бура перастала, на досьвiтку загадаў рушаць у дарогу. Так у дрымоце мы i дабралiся да Вострай Брамы, якраз калi ўжо пачыналася ютрань. Тут мы сьпешылiся памалiцца. Людзей было няшмат, перад мною толькi кленчыла кабета ў глыбокай жалобе, яшчэ маладая, твар у якое я ня мог разгледзець, але прыгожая постаць i нешта шляхецкае ў ёй дазвалялi адгадаць у ёй незвычайную асобу. Калi сьпевы скончылiся, а кабета ўстала i павярнулася да нас, я пазнаў у ёй Вайжбунуўну. У мяне сярэдзiна пахаладзела, калi яна зьмерыла мяне вачыма. Нешта было ў ёй такога, як бы яна ўстала з магiлы на помсту i да жывых ужо не належала; прыгажосьцi яна ня страцiла, але тая прыгажосьць i весялосьць, якiмi яна чаравала раней, саступiлi месца нейкай такой урачыстай сур'ёзнасьцi, што яна здалася мне як бы пакутнiцай зь першых стагодзьдзяў хрысьцiянства, пра якiя я чытаў у Жыцiях Сьвятых. Уся-ўсенькая яна была ў чорным, у чорных шатах, на чарнаце гэтай тварык яе сьвяцiўся белым мармурам. Я аж адступiў, а Валадковiч, таксама пазнаўшы яе, сьцяўся, як бы анёла помсты ўбачыўшы. Можа, i яна пазнала ягоны твар, бо таксама адступiлася, нiбы на вужа наступiўшы, i замест таго, каб iсьцi мiма нас, абышла здалёк, ужо нават вачэй на нас не падняўшы. Калi i мы ўсталi, каб iсьцi пеша за брычкай да бернардынаў, бо Валадковiч, ня хочучы спыняцца ў нiводнай гасподзе, дзеля чаго мы i грошы бралi, я сказаў яму: -- А што? кепскi знак, твар вайшчанкi i яе строi нiчога добрага нам не вяшчаюць. Валадковiч зрабiў выгляд, што куражу ня страцiў, але насамрэч ужо ня быў такi пэўны сябе. Мы пайшлi ў кляштар, дзе нас як нельга лепей прынялi айцы-манахi. Шкатулку адразу гайдукi занесьлi Гардыяну, а мы, умыўшыся i прыбраўшыся, рушылi, як той казаў, зоркi лiчыць. Прыяцелям Радзiвiлаў у Вiльнi зводу ня было, адданых i клiентаў -- цьма незьлiчоная. Найперш мы пайшлi ў кардыналiю, дзе князь параiў паказацца i параiцца зь нейкiм Гаркевiчам. На першы погляд цаца ня дужа якая, але вялiкiя рэчы ладзiлiся празь яго. Гаркевiча тытулавалi пiсарэвiчам, бо хоць i быў ён стары i сiвы, але ўласнага тытулу нiякага не насiў. У Радзiвiлаў ён таксама нi ў давераных, нi ў праўнiках, анi ў якiх афiцыялiстах не хадзiў. Гаркевiча, мала што з выгляду як бы нiчога такога ён i ня значыў, усе як агню баялiся. I тое дзiва -- самы нявiнны чалавек на сьвеце, здавалася, нiколi нiчога не рабiў, нi на што не зважаў, як бы i ня бачыў, а ведаў усё. Гаркевiча, распытаўшыся па тылах ягонай кватэры, мы не засталi, а ўсе дзьверы ягоныя былi пазапiсаныя крэйдай iмёнамi асобаў, якiя прыходзiлi да нас. Кавалачак крэйды дзеля гэтай мэты вiсеў пачэплены на шнурку. Мы мусiлi iсьцi шукаць яго пад ратушай, на Iмбарах. Па высокай шылаватай шапцы Валадковiч адразу пазнаў яго ў натоўпе. Падышлi. -- Чалом, чалом! адкуль Бог прывёў? -- ЗЬ Нясьвiжа. -- А князь? -- Здаровы, кланяцца казаў... Валадковiч падышоў да яго блiжэй i зашаптаў яму нешта на вуха, на што той, нiчога не адказаўшы, утаропiўся на латок перакупшчыка непадалёк ад сябе. -- Хай толькi пан падзiвiцца,-- сказаў ён, паказваючы на шнурок фiгаў,-- якая ў нас у Вiльнi валоская садавiна водзiцца, сама ў рот просiцца... Такое ў Нясьвiжы, нябось, ня бывае. Ведаючы дзiвака, Валадковiч зарагатаў. -- Мы сюды, пане пiсарэвiч, не па тое прыехалi. -- Ведаю, ведаю,-- гоцкi на клёцкi! але i тое знойдзецца. А тым часам мы iшлi далей. Валадковiч пачаў распытвацца пра дамок на Зарэччы, у якiм трэба было шукаць войскага. -- Вы толькi гляньце на дах,-- сказаў Гаркевiч,-- дзе ўдоды сядзяць, там iх, пэўна, i знойдзеце. Ня было магчымасьцi нiчога дапытацца, а час iшоў. -- Наказваў нам князь параiцца з васпанам,-- закончыў мой прыяцель, -- якое ж рады дасьце? -- Гм? рады якое?-- адказаў пiсарэвiч.-- Калi б князь папытаўся ў мяне рады з паўгода таму назад, можа, што i парадзiў бы; а цяпер кiшэня, у якой я тыя рады насiў, падралася, ўсе на бруку парастрасаў. Мы ўжо зьмерылiся былi адысьцi, калi Гаркевiч узяў Вавладковiча пад руку. -- Хочаш рады? iдзi, пад'еж флякаў зь iмбiрам, напiся добрага вiна, прайдзiся па Замкавай гары, выкупайся ў Вiлii, папасьвi каня, купi пернiка на гасьцiнец i вяртайся ў Нясьвiж, i пастарайся паслаць да маiх ног вяльможнага князя. Сказаўшы, адышоў. Мы падумалi, цi ў сваiм розуме стары,--i не аглядваючыся пайшлi ў Зарэчча. Войскi жыў у родзiчаў, у старым лядашчым дворыку, крывым i брудным. Ледзьве да яго дапыталiся. Вайжбуны жылi на паверху, да якога трэба было ўсьпiнацца i дзерцiся па цёмнай лесьвiцы. Пастукалiся ў дзьверы, i Валадковiч, не чакаючы запрашэньня i ня пытаючыся, увайшоў. Стары ляжаў на ложку, але апрануты, нiкога пры iм ня было. Побач на столiку малiтоўнiк, а на iм капуцынскi ружанец. Рукi закладзены за галаву, твар бледны i апалы, на скронях жылы, як шнуры. Глядзеў на нас доўга, i, вiдаць, пазнаўшы Валадковiча, якi яму кланяўся, хуценька ўстаў, як бы яго спружыны падкiнулi, задрыжаў, сеў, абапершыся абедзьвюма рукамi на ложак. -- Чаго табе тут трэба? Чаго? чаго?-- закрычаў ён.-- I тут ратунку ад вас няма? вы, радзiвiлаўскiя падбрэхiчы! Ведаю вас усiх, на тварах у вас напiсана, што зраклiся людзьмi звацца, ведаю, з чым прыйшлi! Ты, Валадковiч, прыехаў ад сэрца мечнiка, якi нi сэрца ня мае, нi сумленьня. Iмя носiш шляхецкае, шаноўнае, а лакейсую службу правiш. Чаго хочаш? што табе твой гаспадар загадаў сказаць? Валадковiчу кроў у твар лiнула. -- Пане войскi,-- сказаў ён, заiкаючыся,-- i веку панаваму i жальбе прабачаюцца абразьлiвыя словы. Я служу Радзiвiлу не за хлеб, а за дружбу. Паслухайце, пане: князь шкадуе сваёй хвiлiннай гарачнасьцi. Кожны чалавек можа паддацца запальчывасьцi i забыцца. Але ж усякая крыўда i гнеў маюць меру i межы. -- Ёсьць такiя крыўды, якiм меры няма,-- адказаў войскi, ўздыхаючы.--Прашу ў вас толькi спакою, больш нiчога. Я ўцёк ад вашай банды аж сюды, але вы i тут дасталi мяне, людзi без сумленьня, людзi бязь лiтасьцi. -- Пане войскi,-- перабiў яго Валадковiч,-- я толькi пасол, паслоў ня вешаюць, паслам ня сьцiнаюць галавы, князь мечнiк... -- Не спамiнай мне яго! Чаго гэты дзiкi зьвер хоча ад мяне? Хай будзе спакойны! Ня выведу яго на вочы людзкiя, ведаю добра, што Вайжбун у Радзiвiла, хай бы нават найсьвяцейшую справу меў, ня выйграе. Я не патрабую ад яго нiчога. Скажыце яму яшчэ раз вы тое, што мелi сказаць iншыя i што я заўсёды паўтараю: я, Вайжбун, выклiкаю яго на суд Усемагутнага i Справядлiвага Бога, за крыўду маю! А на зямлi зь iм i да яго ня маю нiчога, парахуемся ў iншым месцы. Ёсьць Бог! Ёсьць Бог! -- закончыў ён, падымаючы ў неба рукi. Уражаны Валадковiч хвiлiну маўчаў. -- Пане войскi,-- дадаў ён схамянуўшыся,-- я прыношу пану ад князя прызнаньне вiны, ад яго iмя прашу ў вас прабачэньня. Няма такога грэху, якога скруха душы не загладзiла б. -- Але ёсьць такiя, за якiя цэлага жыцьця ў пакутах ня хопiць,-- перабiў войскi. I паўтарыў з такiм выразам, што па мне дырыжыкi пайшлi. -- Ёсьць Бог! Ёсьць Бог! Зьбянтэжаны Валадковiч ужо i сам ня ведаў, зь якое бочкi пачынаць. -- Пане войскi,-- сказаў ён бесцырымонна,-- няма чаго тут доўга суслы распускаць. За панесеныя ў Рабцы шкоды, за спалены двор i забудовы князь празь мяне шле пятнаццаць тысяч чырвонцаў золатам. Пачуўшы гэта, войскi ўвесь у шале сарваўся зь месца з паднятымi кулакамi i давай рукамi раскiдацца. -- Грашыма, грашыма хоча сплацiцца!-- закрычаў,-- у вас усё на дукаты зводзiцца: слава, пашана, раны, сьлёзы, спакой, сорам, гонар,-- усё! Сапселыя магнаты навучылi вас усё прадаваць i за ўсё браць грошы, але я яшчэ ня вырадзiўся, мы iншыя былi i ёсьць,-- i паказаў нам на дзьверы.-- Прэч! Валадковiч аж спацеў, а што ўвесь гэты час рабiлася са мною, i не скажу, кроў ува мне агнём твар пякла. Але як што мы зь месца не краналiся, войскi падняў галаву i паўтарыў: -- Вымятайцеся, вашамосьцi, прашу, тут не карчма, за дзьверы! за дзьверы! -- Пане войскi,-- закрычаў Валадковiч,-- лiтасьцю Божай заклiнаю вас, ахалоньце, дзеля Хрыста прабачце. -- Нiколi!-- панура сказаў войскi,-- нiколi! За свае раны i кроў я прабачыў даўно, асуды ў сэрцы не нашу, але ганьбы iмю майму, але агiднага гвалту, рабаваньня майго дзiцятка, нiколi, анiколi бо! Канаць буду, дасьць мне ксёндз дараваньне грахоў на збавеньне, дык ад збавеньня адмоўлюся, а не дарую, бо не магу! бо калi б сказаў: прабачаю, дык схлусiў бы, а Бог бачыць сэрца маё! Зуб за зуб, дзiця за дзiця. Бязьдзетны сканае, так i перадай яму! Ён ужо i гаварыў i паўтараў тое самае, як непрытомны, а рукою паказваў на дзьверы... Упарты Валадковiч анi зь месца, анi руш. Тады з другога боку пакойчыка адчынiлiся дзьверы, i ўвайшла Вайжбунуўна ў чорным, такая, якою мы яе бачылi ў Вострай Браме. Глядзець на яе было немагчыма, уся была -- жалоба i роспач. Калi б такая яна выйшла перад трыбунал, складзены з самiх Радзiвiлаў, i тады мечнiка за яе асудзiлi б. Вочы запалыя, выплаканыя, твар бледны, губы сiнiя, бровы ссунутыя. Адзета як па-манаску, увайшла празь дзьверцы, нахiлiўшы галаву, пасьля ўстала, выпрасталася, склала рукi на грудзях i стала, адважна гледзячы на Валадковiча, якi адступiўся на некалькi крокаў. -- Ня турзайце бацьку майго,-- сказала голасам, у якiм як бы чулiся сьлёзы,-- цi не даволi вам таго, што на дом i нашыя галовы нанесьлi? Хочаце яго дабiць? мяне дабiць, каб не засталося сьледу злачынства? Ня могучы шаблямi, дасякаеце словам i сорамам. Куды падзецца ад вас? дзе схавацца? i так на гэтай зямлi кутка зацiшнага ня маем. I павярнулася да бацькi, якi, бледны, стаяў i дрыжаў. -- Хадзем адгэтуль,-- сказала яму,-- калi самiх пазбыцца нельга. Войскi зноў падняў руку i паказаў на дзьверы. Мы пераглянулiся: больш тут нiчым не пажывiшся; Валадковiч пакланiўся злосны i кiслы, i мы пайшлi. У абодвух нас халодны пот па лобе кацiўся; мы прайшлi добры кавалак Зарэчча, перш чым слова з вуснаў спаўзло. -- I што ж мне было рабiць? -- выбухнуў нарэшце Валадковiч. -- Ты сам сьведка. Зь iмi нiякай рады не дасi. Усё марна! лiха ўчынiлася, трэба пра ўсё забыць, пакуль яны самi не астынуць i ня прыйдзе iм лепшая рэфлексiя. Не прайшлi мы i пары крокаў, бачым -- стаiць у падшытай шапцы Гаркевiч, нiбыта нас якраз i чакаў. -- Добранькi вам дзянёк, моцпаночку,-- яшчэ здалёк закрычаў, мабыць, хадзiлi ў лазьню? У Зарэччы за колiшнiм часам ладныя лазьнi былi i стрыгалёў багата жыло. Ня было чаго яму расказваць, i ён далучыўся да нас, а праз хвiлiну спытаўся ў Валадковiча: -- Я так сабе быў падумаў, што вы мусiлi прывезьцi з сабою залаты пластыр. Якiх жа ён памераў, цi накрые ўсю рану? Нам ужо было так маркотна, што Валадковiч безь нiякiх цырымонiй адказаў: -- Маю пятнаццаць тысяч чырвонцаў золатам. Гаркевiч аж за галаву схапiўся, а болей за шапку. -- Езус Назарэйскi,-- усклiкнуў ён,-- колькi ж бо тое пачцiвай шляхты i шляхцянак на такiя грошы купiць можна! Мы iшлi i маўчалi. -- Ведаеш, пане, што? -- дадаў Гаркевiч,-- ёсьць тут нейкi Дулемба, беднае пачцiвае хлапчыска, якому адна панна адмаўляе рукi пад тым выглядам, што яе адзiн раз мядзьведзь падраў. Цi яна ў тым вiнаватая, цi ён у тым вiнаваты, ня ведаю. Калi б таго Дулембу неяк прылашчыць, можа б ён на што i прыдаўся? Нi мяне, нi Валадковiча гэта не пераканала, але мы ня ўпiралiся i пайшлi да бернардынаў на абед. Валадковiч не, каб шукаць Дулембу, да якога невядома як было падступiцца, узяў на розум i пайшоў да Гардыяна, якому мог выкласьцi ўсю гэтую справу. Пачаў прасiць яго, цi ня мог бы ён, як асоба духоўная, паспрыяцца пасрэднiцтвам да згоды. I ўжо браў на сябе, што калi ксяндзу ўдасца тая iнтэрвенцыя, дык аддзячыць яму -- пяцьдзесят фураў снапоў i дваццаць пяць бараноў. Гардыян адразу вельмi ахвотна ўзяўся, момантам завiнуўся i паляцеў. А мы тым часам пайшлi ў горад, да знаёмых, на агледзiны. Але Валадковiчу карцела назад у кляштар i, нядоўга забавiўшыся, мы абодва пайшлi. Спыталiся ў брамнiка, цi не вяртаўся яшчэ Гардыян? Той адказаў, што яшчэ не. Чым даўжэй яго ня было, тым большую надзею гэта нам давала. Ужо i нешпар адслужылі, калi нарэшце пачулiся ягоныя крокi i паявiўся наш пасол; але па твары адразу вiдаць было, што нiчога добрага нам ён ня прынёс. Ён моўчкi адчынiў дзьверы цэлi, мы ўвайшлi за iм, ён адкiнуў на плечы каптур, дастаў з рукава хустачку, ацёр лоб, уздыхнуў. -- Прапалi снапы i бараны!-- сказаў,-- я нiчога ня здолеў! I разьвёў рукi. -- Бачыць Бог, я больш дзеля княжацкай ласкi стараўся, чым за мiласьцiну, гаварыў з бацькам душэўна i шчыра i з дачкою (зноў ацёр пот з лоба). Каменныя людзi, скажу я вам, каменныя! Наўядаўся я, намучыўся, нагаварыўся,-- усё марна... Што ж там далей распытваць было? На другi дзень прыйшлося скаштаваць Дулембы; пачцiвы хлопец увесь з намi сьпiўся i сплакаўся. Валадковiч пабажыўся яму, што панна апроч таго, што яе звалаклi гвалтам... i кiнулi на людзкiя языкi, ня мела чым папракнуць князя, бо той шанаваў яе i пашкадаваў. Шкада было Дулембу i яе, i тых пятнаццацi тысяч, але спрабаваў ён дарма, заклiнаў, прасiў; адправiлi i яго. Мы два днi чакалi карысьцi зь ягонай паслугi. Панна нарэшце выслухала яго, але дзеля таго толькi, каб прысягнуць яму, што ўжо нiчыёй ня будзе... -- Гадоў у дваццаць,-- сказала яму,-- людзi маглi б дзецям нашым нагадаць, што мацi iхняя была захоплена дзiкiм магнатам i заставалася ў ягонай уладзе. Хай памяць пра тое няшчасьце на нiкога не спадзе, хай яна загiне разам са мною. Так закончылася наша няўдалае падарожжа, i здабылi мы ў iм толькi таго, што прывезьлi нясьвiжскiм паннам пернiкаў зь кiрмаша. Валадковiч як у Вiльню ляцеў, так потым ракам поўз у Нясьвiж. Дарога, мала што на самы спрыяльны i прыгожы вясновы час прыпала, прайшла ў нас смутна i нудна. Мы прыбылi ў Нясьвiж i яшчэ не пасьпелi вылезцi з брычкi, а князь ужо паслаў дваровага, каб Валадковiч, як стаяў, на адной назе ляцеў да яго. Я не пайшоў, бо чаго было нарывацца на буру. Увечары князь не паказваўся, таварыш мой хадзiў маўклiвы, пакручваў вус i паглядваў на столь. Толькi таго я i даведаўся ад яго, што князь загадаў пакласьцi тыя пятнаццаць тысяч на дэпазiт у бернардынаў, а войскаму праз даверанага паведамiць, што грошы ляжацьмуць там датуль, пакуль калi-небудзь ён не захоча ўзяць iх. Але прайшло пасьля таго гадоў пяць цi нават i болей, калi князю прыйшлося камусьцi плацiць па кантрактах, а пад рукою на той час ня было нiякай наяўнiцы; i вось выпадкова неяк узгадаў ён пры тыя пятнаццаць тысяч. Загадаў папытацца, цi былi яны яшчэ? Бернардыны адказалi, што нiхто па iх не зьяўляўся. Дайшло да князя, што стары Вайжбун пазываў яго на суд Божы i выкляў на бязьдзетнасьць; спачатку ён ня браў гэтага да сэрца, пасьля ўсё больш i больш. Пасьля першай жанiцьбы князя, якая не ўдалася, як вядома, ён пачаў успамiнаць Вайжбунуўну i перад усiмi бажыўся, што яна яму нiколi з памяцi ня выходзiла, анi на хвiлiну. Сам быў фамiльярны, але ўздыхаў i паўтараў: -- Няма мне, ня было i ня будзе такое жанчыны, як тая адзiная. Мала яе бачыў, мала ведаў, а ў сэрца мне ўпiсалася, што i сьцерцi не магу. У далейшыя гады князь досыць спаважнеў i ўтаймаваўся, гулянкi ў Нясьвiжы былi рэдка. У Чырвонай Рабцы некалькi гадоў нiкога ня было апроч дзяржаўцы, якi яе нанава адбудаваў. Пазьней мы даведалiся, што войскi з дачкою вярнулiся ў вёску. Князю адразу пра тое данесьлi. Жылi Вайжбуны так замкнута, што стары войскi, якi ўжо ледзьве ногi перастаўляў зь кiем, наўмысна загадаў за дваром паставiць малую каплiчку ў бярэзьнiку, каб ня трэба было езьдзiць у касьцёл. У сваiм доме жывога духа ня прымалi, самыя таксама анi за вароты ня выходзiлi. Нiхто iх ня бачыў, апроч вяскоўцаў i аднаго афiцыйнага. Пра панну казалi толькi, што як узяла жалобу адразу пасьля выпадку, дык ужо яе i ня скiнула i заўсёды хадзiла ў чорным i ў крэпе, у як бы манаскай сукенцы, з пацеркамi на поясе. Добрых колькi гадоў сплыло з часу таго набегу на Чырвоную Рабку, калi князь увосень з малым початам выбраўся ў тыя самыя лясы на паляваньне. Загадаў мне ехаць з сабою, шляхты таксама было даволi, не бракавала i стралкоў з фузеямi. Неяк увечары, у суботу, калi ўжо мы адпачывалi пасьля паляваньня, на якiм нiхто з нас зьвера i на вочы ня бачыў i адзiн на сьмех забiў вавёрку, князь сказаў клiкнуць мяне ў намёт, у якiм, пазбыўшыся кампанii, сядзеў адзiн. Я застаў яго адзетага, але ня так, як на паляваньне: шабля пры баку, кантуш, жупан, твар нейкi ўсхваляваны i неспакойны. -- Вiсьнёўскi,-- сказаў ён,--шыкуйся, паедзеш са мною. -- Куды, вяльможны княжа? -- Ага, зараз: куды? што табе да таго, пане каханку, паедзеш са мною і годзе; апранiся прыстойна, каб Радзiвiлам сораму не нарабiць. У адведзiны едзем, ты i я. Коней ужо загадаў вывесьцi за бор, каб не заўважылi нас, як ад'язджаем, бо непатрэбна гэта... Знойдзеш мяне за Пакутай Гасподняй, на дарозе. Толькi жыва, пане каханку. Я пайшоў хуценька пераапрануцца, хоць i ня дужа было ў што, i пабег, не здагадваючыся, куды i па што едзем. Калi задыханы дабег да Пакуты Гасподняй, князь ужо сядзеў на канi. Азiрнуўся толькi на мяне, i перш чым я ўзяўся за страмёны, пачвалаваў полем. Я дагнаў яго. Ехалi без дарогi. Князь некалькi разоў сперазаў плёткай каня, i мы паперлi нацянькi, не разьбiраючы дзе роў, дзе мяжа. Ехалi доўга, пачало ўжо паволi шарэць. Навакольле я ведаў выдатна: i тут жа скемiў, што едзем у Рабку, i адразу мне зрабiлася страшна i прыкра. Якога лiха будзiць такiя ўспамiны, калi рана ўжо прысохла i перабалела? А вось i новая Рабка паказалася. Князь напралёт кiраваў на двор. Я вачам не хацеў верыць, думаючы толькi, што з таго будзе? Пад'ехалi пад вароты, каля iх стаяў мужык. Князь, ня кажучы нi слова, сьсеў каля брамы, кiўнуў мне, я таксама саскочыў, аддалi мужыку конi, а самыя цiха ўвайшлi праз бакавую фортку на падворак. Там нiкога ня было, сарокi сядзелi на плоце, некалькi гусей пiлi з лужыны каля студнi. У адным акне ўжо сьвяцiлася. Аканiцы яшчэ ня былi зачыненыя, так што мы нават маглi бачыць, што рабiлася ўсярэдзiне. На крэсьле сядзеў войскi перад камiнам, а дачка гэтак сама ўбраная, якою мы яе ў Вiльнi бачылi, уся ў чорным, стаяла каля яго, абапершыся на бiла. Князь паглядзеў, здавалася, разважаючы яшчэ, я ўбачыў, як ён перахрысьцiўся i рушыў у сенцы. Мне, рады я быў цi не, адступаць ня было куды. Толькi зьлёгку пастукаўшыся ў дзьверы, князь адчынiў iх i ўвайшоў, здымаючы каўпак з галавы. -- Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус. Вочы войскага i дачкi паднялiся на яго, абое аслупянелi. На iх тварах я ўбачыў трупную бледнасьць i жудасьць; Вайжбунуўна ўздрыгнула i пахiлiлася назад, як бы вачам ня верачы. Войскi, ня могучы ўстаць, неспакойнымi рукамi хапаўся за бiлцы крэсла. Маўчаньне трывала некалькi хвiлiн, князь стаяў у парозе, гледзячы на панну, з выразам благаньня пра лiтасьць, амаль з пакорай, хоць гэта i ня было цнотай Радзiвiлаў. -- Вашэцi войскi,-- пачаў ён паволi,-- перад табою няўзброены вiнаваўца твой. Прыйшоў я сюды ўдвух, каб ты папомсьцiўся на мне, як сам таго захочаш, а вiну мне дараваў.. Я праўда быў шалёны, пане каханку, але бачыце, што за шаленства сваё пакутаваць умею. Нездарма тут каля вашага парога стаю; ведаю, што ўчыненай крыўды iнакш сплацiць не магу, як... поросячы рукi панны Фэлiцыi... i вось я, Радзiвiл, пане каханку, унiжаюся перад васпанам, прагнучы, каб васпан прыняў мяне за зяця. Сказаўшы гэтыя словы, князь перавёў дух, як бы вялiкi цяжар зьняў з сэрца, глядзеў i чакаў. Войскi маўчаў як прыбiты, вушам ня верачы. Я прыгледзеўся да панны, бледнасьць зь якое паволi праходзiла, вярталiся яе жывыя калёры, вочы пачыналi iскрыцца. Бацька паглядзеў, як бы на ёй адказ вывяраў. Вачыма, нiчога ня кажучы, павiнны былi паразумецца; i войскi пачаў: -- Вялiкi гонар майму дому, вялiкая гэта учта на самай справе, пасьля вялiкай сараматы, але я ня судзьдзя ў гэтай справе. Паказаў рукою на дачку. -- Гавары ты. У Фэлiцыi вочы запалымнелi. -- Каб я аддала руку таму, хто ў мяне гонар забраў,-- сказала яна, нiколi! У сэрцы замест павагi i каханьня я нашу пагарду i нянавiсьць, якая ўрасла ў яго i якое вырваць зь сябе нiколi ня здолею. Ня жонкаю была б, а хатнiм ворагам i помснiкам за гонар мой. Не, нiколi! Запозна, вяльможны княжа! -- Бог мне сьведка, пане каханку,-- заблагаў князь,-- гавару шчыра, прыбыў сюды як скрушлiвы пакутнiк. Вобраз васпанны, не даючы мне спакою, перасьледаваў мяне ўвесь час, у сумленьнi маiм я насiў... кахаю панну Фэлiцыю. Вайшчанка вокам помсным i гнеўным кiнула на князя, перасмыкнула плячыма i хацела нiчога ня кажучы выйсьцi. Войскi, якi, вiдаць, таксама не хацеў заставацца, працягнуў да яе руку, бо ўжо без падпоры i дапамогi хадзiць ня мог. I яна падышла да яго, каб ён абапёрся на яе плячо. Бачачы, што абое хочуць выйсьцi з пакоя, князь сумеўся i пачаў прасiць: -- Пане войскi! мiлажалем Божым, ранамi Гасподнiмi заклiнаю вас, панна Фэлiцыя, майце ж васпанства лiтасьць да мяне, каб яе Бог меў да вас. Ня хочаце мяне, адпiхваеце, i я прымаю гэты афронт як заслужаны, хоць яго нiколi нiхто з маiх атэнтатаў не зазнаў, калi дамагалiся княскай крывi; але скажыце мне, прынамсi, што прабачаеце мне. Прабачэньня просiць Радзiвiл! Войскi i вусны разамкнуць не пасьпеў, як Вайжбунуўна акiнулася: -- Вяльможны княжа, не да нас, а да Пана Бога па выбачэньне iсьцi трэба. За спаняверку жыцьця людзкога i гонару належыць пакута. Пацярпi, вашэцi княжа, як i мы цярпелi i церпiм. Бачыш жалобу, якою ты акрыў мяне на ўсё жыцьцё; насi яе таксама, хай цябе сумленьне дагрызае, як мяне сорам гняце; хай табе Бог даруе, а я не магу...-- I павярнуўшыся зусiм, дадала:-- Хiба што калi б цябе пры сконе бачыла!-- дадала, можа, нават бяз намыслу. Кiнуўшы гэтыя словы яму ў вочы, выйшла, ведучы немачнага бацьку. Мы засталiся адны ў пустым пакоi. Князь хвiлiну стаяў як скамянелы, паглядаючы то на агонь, то на пустое крэсла. Але апамятаўся, пацёр рукою лоб; каўпак ляжаў на зямлi, упаў, я падняў яго i падаў. Князь машынальна скамячыў яго ў руцэ, агледзеўся, перавёў дух, i мы выйшлi на падворак. Было цёмна i цiха. Князь, якi на тым часе быў сама ў сiле веку i ня хiстаўся нiколi, ледзь на нагах трымаўся; мы навобмацак выбралiся зь сенцаў, ён не сказаў мне нi слова, павольна мы скiравалiся да брамы, я за iм. I ўжо падыходзiлi да яе, калi павярнуў да мяне галаву i сказаў суха i парывiста: -- Анi слова пра гэта, разумееш, пане каханку, маўчаць. За форткай мужык стаяў з коньмi ў руцэ, князь сунуў руку ў кiшэню, дастаў жменю, ня гледзячы колькi там было, i кiнуў яму; мы селi на конi i павольна рушылi. Я крадком азiрнуўся на дворык i асьветленыя вокны, нi у хаце, нi каля ганка нiкога ня вiдаць. Усю дарогу князь нiчога мне больш не сказаў, з апушчанай на грудзi галавой ехаў, папусьцiўшы каню цуглi; зноў жа конi нас, а ня мы iх вялi назад. Калi мы выбралiся на гасьцiнец, князь адышоў крыху духам i, затрымаўшы каня, даў мне параўнацца зь iм. -- Цяпер, пане каханку, я ўжо нiчога ня вiнен: у сумленiнi чуюся свабодным i праклёны iхнiя даставаць мяне ня могуць. Чаго ж у халеры iм яшчэ трэба? Што скажаш? -- Што ж магу сказаць?-- сказаў я,-- калi князь адчувае сябе спакайнейшым, дык i дзякуй Богу. -- Я зусiм спакойны, пане каханку. Шмат мне гэта каштавала, але я сябе перасiлiў. Калi б дзеўка падабалася мне,-- ажанiўся б; Радзiвiлаўская мiтра даволi вялiкая, каб накрыць усё, нават iх лайдацкае шляхецтва! пане каханку! Дужа мне абыходзiць -- Вайжбуны! чорт бы iх пабраў! Так ён супакойваў i загаворваў мяне некалькi разоў, хоць вiдаць было, што ўсё яшчэ маркоцiўся i ня рады быў таму, што здарылася. Цёмнай ноччу мы даехалi да лагера. Конюх ужо нас чакаў, мы сьселi з коней, перадалi яму iх i пайшлi ў намёты; на разьвiтанiне князь яшчэ раз падышоў да мяне, паклаў мне на плячо руку i цiха сказаў: -- Анi слова пра тое, пане каханку, нiкому, прашу. Ранiцай загадаю, каб табе ад сьв. Войцаха перадалi напажыцьцёва Вiскiткi. Я пакланiўся яму да каленяў, але ён, ужо ня глядзячы на мяне, увайшоў у намёт. Знаёмыя цэлы вечар шукалi мяне ў лагеры, па лесе гукалi, думалi, што я дзесьцi на паляванiнi заблудзiўся i застаўся ў пушчы. Калi я аказаўся, сыпанулi да мяне з пытанiнямi, дзе я быў? Але я, дзеля князя i Вiскiткаў, адбрахаўся, што, папёршы напралом i на скрут галавы, заблудзiўся ў лесе. На другi дзень мы вярнулiся ў Нясьвiж. Бог ведае, што сталася з князем: напала на яго неўзабаве вялiкая ахвота да вялiкiх забаваў, да гулянкi, ён строiў зь сябе такога вясёлага, якiм яго мы даўно ўжо ня бачылi. У замку дзень у дзень правiў балi, гасьцiны, канцэрты. Можа, яму здавалася, што заглушыць у сабе памяць пра тую нешчасьлiвую прыгоду, хоць усё гэта разам толькi яшчэ больш ажыўляла яе. У краiне пачалiся падзеi, якiя маглi б прымусiць забыцца на ўсё на сьвеце, калi б у князя ня было пачцiвага сумленiня, якое яму ўвесь час напамiнала пра ягоную вiну. Няраз пасьля вiна i ў найвялiкшым запале ягоным чулi мы, як вымаўляў ён iмя Фэлiсi. Яно было заўсёды зь iм у нашых бадзянках па сьвеце i вярнулася з намi дадому. Мiналi гады, князь колькi разоў, як толькi ў памяцi ўсплывала Рабка, сьцiскаўся i стагнаў, згадаўшы сабе Вайжбунаў. Часам, выпадкова сказанае слоўка, падобнае iмя, твар, самая пустая акалiчнасьць, нават паляванiне, нагадвалi яму пра вайшчанку... вочы адразу апусьцiць,-- i вiдаць было, што ўсё яшчэ сам з сабою не паладзiў. Трапiўся неяк на вочы нейкi хлопец, толькi-толькi таго, што меў прозьвiшча Вайжбун, але ж анiякага пакравенства з тымi ня меў: князь узяў яго ў двор, вызначыў у войска, назначыў яму ўтрыманiне i не забываў яго як роднае дзiця. У Рабцы ж Вайжбунаў ужо анi сьледу. Войскi празь некалькi гадоў пасьля тых нашых начных адведзiнаў памёр: панна Фэлiцыя, казалi, адразу ж камусьцi прадала фальварак i выбралася, не пакiнуўшы па сабе нiякага знаку. Пагаворвалi нешта глуха, нiбыта паехала ў Вiльню ў кляштар. Калi ж мы пасьля нашай доўгай адсутнасьцi вярнулiся ў Нясьвiж, якога ўжо i ўбачыць не спадзявалiся, на другi ж дзень паслаў мяне князь у Рабку распытацца пра Вайжбунаў, бо пра сьмерць старога казалi нi тое нi сёе. Я паехаў да шляхцiца, якi купiў вёску, каб крыху даведацца праўды. Ён толькi паўтарыў мне, што я i безь яго ад людзей чуў, быццам панна Фэлiцыя адразу пасьля бацькавай сьмерцi пайшла ў кляштар. З тым я i вярнуўся, але князя гэта не супакоiла; сказаў мне, што дасьць сто чырвонцаў таму, хто дакладна даведаецца, што сталася з Вайжбунамi, але гэта ўжо былi старыя падзеi i, паабяцай князь хоць усе дзьвесьце, нiхто на iх не спакусiўся б. Я паехаў у Вiльню па нейкай княскай справе, а час быў гарачы, i собiла мяне лiхое, змучанага, здарожанага, галоднага, дапасьцi да халаднiка, як няма ладу да чаго. Ледзьве ад мiскi падняўся, як адчуў, -- нешта мне далягае, нешта нядобра пачуваецца. Я ўзяўся за сваё звычайнае лекарства-- гарэлку зь перцам, але i гэта ўжо не дапамагло. I таго ж дня мяне кiнула ў такую шалёную гарачку, што на ранiцу ў лiхаманцы людзей не пазнаваў. Калi параксiзм крыху ўлёгся, ня было iншай рады, як загадаць везцi мяне ў шпiталь Мiласэрных Паненак. Далi мне там як княскаму слузе асобны ўтульны пакоiк, i толькi я ў iм лёг, увайшла панна старэйшая з другой сястрою агледзець мяне, што ў мяне ёсьць i што мне яшчэ трэба. Яны адразу пазналi, што мяне фiбра трасе. А хвароба аж на хвiлiнку адступiлася, калi я глянуў на панну, якая прыйшла са старэйшай. Вачэй адвесьцi ня мог, так мне нешта нагадвала ў яе твары. Але дзе i калi я бачыў яе, таго я анiяк ня мог узнавiць у памяцi. Яна таксама паглядзела на мяне, як бы i ёй пра нешта гаварыў мой твар, але тут жа i зьвярнулася да панны старэйшай, якая, зрэшты, i вырашала, што мне даць, што рабiць са мною. Празь некалькi гадзiн шпiталяванiня настаў другi пякельны параксiзм той трасцы, а найперш такi азноб, што ў мяне зубы званiлi малiнавым звонам, пасьля страшэнна забалела галава i гарачка аж да немарасьці. Што ў гэты час рабiлася са мною, я ня ведаў, але назаўтра, калi аслабелы прачнуўся, расьплюшчыў вочы i зноў убачыў тую сястру -- яна сядзела каля майго ложка. Я прыгледзеўся да яе, перш чым яна заўважыла, што я прачнуўся, i мяне як бы раптам альсьнiла,-- я пазнаў у ёй вельмi Вайжбунуўну -- божухны! як жа перамянiлася! Яна ж гэта i была. Узрост пакiнуў на твары сьлед, але нешта з даўняй прыгажосьцi ўсё ж засталося. Я i быў упэўнены i сумняваўся адразу; то часам бы нават прысягнуў, а то вагаўся. Рашыў праверыць яе. На другi дзень, калi мне ўсё яшчэ мроiлася тая Вайжбунуўна, я азваўся да сястры, папытаўся, як яе завуць. -- У законе Марыя,-- адказала i ўважлiва паглядзела на мяне. -- Дзесьцi я бачыла васпана, але не памятаю, дзе? -- I мне так здаецца,-- адказаў я,-- але калi б сястра была тою, пра якую я думаю, я лёгка сказаў бы, i дзе, i як, i калi мы бачылiся. Мне здаецца, нiбыта перад мною панна Фэлiцыя Вайжбунуўна, дачка пана войскага з Чырвонай Рабкi. Яна пачырванела, уздрыгнула, пачуўшы тое iмя, крыху павагалася, але тут жа сьмела сказала: -- Гэта так, я была ёю, але цяпер я служу Богу i ўбогiм... у законе Марыя. Апусьцiла вочы, мы памаўчалi. -- Няма чаго ўжо тут успамiнаць мiнулае, -- сказаў я,-- але я бачыў панну ў дзьвюх гадзiнах яе жыцьця, якiх да скону не забудуся. Яна задрыжала, з вачэй пакацiлiся сьлёзы, схапiлася за хустачку, але не сказала нi слова. -- Я быў у той няшчасны вечар у Рабцы, за якi князь наш дагэтуль пакутуе i забыць яго ня можа. Праўда, што ня хочучы глядзець на ўсё тое, што там рабiлася, сышоў з пляцу. Быў я i таго вечара, калi ён сам са мною прыйшоў прасiць прабачэнiня i рукi васпанны, анi таго анi другога не атрымаў. Здавалася, сястры Марыi не хапiла слоў, толькi пацiху цяклi сьлёзы, на складзеныя на каленях белыя рукi. Я, крыху з гарачкi, а крыху ад сэрца, гаварыў далей: -- Калi ўжо Пан Бог так усё зладзiў, што я тут спаткаў сястру, бо бачу ў тым ня што iншае, як выразную волю Божую, дык хай мне будзе дазволена скрыстацца выпадкам i сказаць, што князь да гэтага дня непакоiцца за лёс панны сястры. Пан Бог мне сьведка, што калi мы пасьля многiх бадзянiняў вярнулiся дамоў, ён адразу паслаў мяне ў Рабку, каб я даведаўся пра вас, а калi там мне нiхто нiчога сказаць ня мог, назначыў узнагароду за тое, хто прынясе яму пэўную вестку. Сястра Марыя доўга маўчала, апусьцiўшы павекi. -- Усё гэта прайшло,-- сказала,-- забыта, пахавана. Я сама столькi адпакутавала, што даўно навучылася прыносiць палёгку пакутнiкам. Вы бачыце мяне шчасьлiвую. Бог ведаў, што рабiў, ведучы мяне да сябе цярнiстай дарогай. I вось гэтак, усё цiшэй i цiшэй гаворачы са мною, закончыўшы амаль нячутным шэптам i падаўшы мне лекi, яна адразу выйшла. Праз хвiлiну пры мне ўжо была iншая сястра, вiдаць, наўмысна, выйшла, баялася, каб я зноў ня прыгадваў ёй даўнiх успамiнаў. Сястра Валерыя была вельмi вясёлая старая жанчына, аж залiшне гаваркая. Я пачаў распытваць яе пра сястру Марыю, -- цi даўно яна ў законе i цi з навiцыяту пачала яна ў Вiльнi, паведамiўшы толькi тое, што яна паходзiла з нашых мясьцiнаў. Сястра пачала разводзiць зь вялiкiмi пра яе пахваламi, якая гэта была прыкладная асоба, пабожная i поўная цнотаў, што ў законе яе паважаюць i шануюць цi ня больш за каго iншага, i што яе больш як два разы ўжо спрабавалi выбраць старэйшай паннай, але яна не схацела. Дадала, што калi якi кляштар патрабуе парадку i клопату, туды яе i пасылалi, i рэдка калi яна там доўга заставалася, -- усюды была прыстойная i паважаная. Разбалбаталася старэнькая, складаючы рукi, мала ня чынячы ёй сьвята. Я пераканаўся зь яе слоў, што ў кляштары нiчога ня ведалi. Паскудная лiхаманка два тыднi трымала мяне ў шпiталi, але ўжо сястры Марыi я больш ня ўбачыў, даглядалi мяне iншыя, але на адыход я такi ўпёрся -- падзякаваць i разьвiтацца. Яна выйшла да мяне ў калiдор. -- Калi там хто ў сутнасьцi на сьвеце займаецца мною,-- сказала,-- як васпан сьцьвярджае, Хрыстом Богам прашу вас i заклiнаю, не гаварыце ўвогуле пра мяне. Хай людзi забудуць, як бы я ўжо ў магiле была. -- Гэтага я зрабiць не магу,-- адказаў я,-- калi ж вестка гэтая, пераказаная князю, нiкому ня можа пашкодзiць, сястры нiякай прыкрасьцi не прынясе, а кляштару толькi карысьць. I з гэтым мы разьвiталiся. Калi я, як з крыжа зьняты, вярнуўся ў Нясьвiж, застаў нашага пана ў добрым гуморы; ён пачаў жартаваць зь мяне, што я, як баба, паддаўся трасцы i пайшоў на лацiнскую кухню. У Нясьвiжы ня так лекавалi, толькi крупнiкам з гарэлкi зь iмбiрам i турэцкiм перцам; бывала, што часам з хваробай уганялi ў магiлу i хворага, але хто моцны, той вытрымлiваў i ўставаў здаровы. Увечары, бачачы яго ў такiм добрым настроi, калi мы засталiся адны i ён пачаў распытвацца ў мяне пра Вiльню, цi пакланiўся я нябожчыкам Радзiвiлам, пахаваным у бернардынаў, я адазваўся: -- Усё гэта добра, вяльможны княжа, але я за вяльможным панам запазыку маю! -- Ты, у мяне, пане каханку! гэта ўжо нешта адмысловае!-- усклiкнуў ён,-- ужо цi ня сьлед табе яшчэ i прыплацiць за тое, што ты ўзяў у мяне Вiскiткi? -- Не, вяльможны княжа, але Радзiвiлава слова для мяне закон, а я даведаўся, дзе Вайжбунуўна, i маю сто дукатаў. Князь аж падскочыў i, падступiўшыся да мяне, паклаў мне рукi на плечы. -- Што ж ты, пане каханку, даведаўся? I тут я яму ўсё i высьпеваў. Ён слухаў моўчкi, прасiў паўтарыць яе словы, апiсаць, як выглядала, i пасмутнеў. -- У iмя Вайжбунуўны,-- сказаў,-- трэба вызначыць кляштару пасiлак, пакуль жыцьме. Васан мне гэта ўладзiш, каб яна пра тое ня ведала, толькi панна старэйшая. Сто дукатаў ты сабе выслужыў, i гэта табе, пане каханку, заўтра ж i сплацiцца, калi ў касе грошы будуць, бо ты сам ведаеш, што ў мяне цяпер гроша са сьвечкай шукаць трэба. Такую гiсторыю расказаў мне Вiсьнёўскi, дадаўшы яшчэ пра Дулембу, што, доўга дарма канкурыруючы за панну, узяў нарэшце абшыд з войска i закапаўся ў вёсцы каля старога бацькi. Пасьля ўжо ўвогуле не ажанiўся. Сядзеў у вёсцы верны той першай мiлосьцi, якой нiколi так i не пазбыўся. Князю даносiлi пра яго i той нават рады быў бы якiм-небудзь чынам здабыць яго ласку, але спосабу на тое не знайшлi. * * * Мы заседзелiся зь Вiсьнёўскiм да позьняга за кiлiшкамi, бо я яшчэ адну бутэльчыну ў склепе выпрасiў. Ранiцай князь пасьля доўгага сну меўся пачуць сябе крыху падмацаваным, а прачнуўся яшчэ слабейшы. Фiнке вызначыў, што пульс быў вельмi слабы, ледзьве яго дамацаўся. На абед крыху зьеў булёну, кавалачак мяса ў рот узяў i выплюнуў. Прынесьлi яму печанай аленiны, дык яе крыху скаштаваў i полiўкай крыху пасiлкаваўся, полiўка дужа яму ўсмакавала. Пасьля абеда князь зноў задрамаў, а пад вечар як звычайна прыйшла гарачка i зь ёю ахвота пагаварыць, як i раней. Мяне ж такая цiкавасьць разьбiрала, што хоць пакута была сядзець i вартаваць, я сам напрасiўся на дзяжурства, замест Абрамовiча. Гэтым разам мы заўчасна разьдзелi яго да кашулi, толькi футру накiнулi яму на плечы, i як што адзежына была дужа шырокая, мы маглi яго ахiнуць усяго цалкам. На нагах былi футравыя боты, бо iншых ужо было не нацягнуць. Шыю абвязалi шаўковай хусткай, а ад бiлаў абклалi падушкамi. I як толькi сеў перад печчу, спытаўся: -- Глiнка? а гэта зноў ты? -- Я, вяльможны княжа. -- Якiм жа правам? што на тое кажа маршалак, пане каханку? цi ж там мала iх, каб адзiн увесь час хадзiў на дзяжурства? -- Але я сам папрасiўся. Князь доўга пакачваў галавою. -- Чаго ж гэта ты? ласьцiшся да мяне? га? Але ж я ўжо голы! Параздаваў усё, дзе што было. Учора у кухарчука талера пазычыў ў сакрэце ад касiра, i то ледзьве мне яго пакрэдытаваў, мусiў даць яму расьпiску i аблiгацыю пад пячаткай! Такiя часы! пане каханку. -- Я, вяльможны княжа, хачу служыць князю зь любовi, а ад нiякай не ад хцiвасьцi. -- Маўчаў бы i ня брэндзiў абы чаго, хто можа любiць такую старую гнiлiзну? Але тут жа падумаўшы, што гэта магло пакрыўдзiць мяне, з усьмешкай паправiўся: -- Хай Бог табе заплацiць за добрае сэрца... але чым я табе аддзячу? бо заўсёды дабром за дабро, у даўгу не хачу заставацца, пане каханку. Ведаеш што, бадай, як старая баба, казкi табе правiць буду, хоць мне ў горле перасохла. Як навучышся iх ад мяне, на старасьць будзеш хадзiць зь iмi па дварах, пане каханку. Але ты, можа, ведаеш казкi мае? га? -- Няшмат iх чуў, вяльможны княжа. -- Казкi, казкi, пане каханку,-- пачаў, буркочучы,-- Усё гэта казкамi лiчыцца. Калi б я расказаў табе, што нас з Празорам, Рэйтанам i Сыруцем напаткала, i тое прыняў бы за казку. -- Князя гэта мучыць. -- Што табе да таго? ты ж ня доктар, пане каханку. I, як бы сьпяшаючыся, хуценька пачаў: -- Мы выбралiся ў Панфлагонiю адкрываць новыя землi, пане каханку. Ведаеш, дзе Панфлагонiя? -- Не, вяльможны княжа. -- Панфлагонiя гэта там, за Месапатамiяй, цяпер ведаеш? пане каханку. -- Ведаю. -- Там мы якраз натрапiлi на такi край, дзе людзi раптам карлiкамi парабiлiся, зьмiзарнелi. Пацеха была, бо ўнукi ў дзядоўскiх ботах вель мi раскошна маглi жыць, з усёй гаспадаркай. Ня сьпiш, Глiнка? -- Не, вяльможны княжа. -- Калi прыйшлося зьняць зь цьвiка, дык адной старой шабляй, iх пятнаццаць станавiлася i рады даць не маглi. Але гэта ня казка, пане каханку, я раскажу табе лепшую, яна табе прыдасца. Тут князь крыху задумаўся. --Жыў сабе аднаго разу хлопец, сiрата; а было ўсё перад пато пам. У той час на сьвеце ўсё рабiлася iнакш, пане каханку: с ёнiня людзi людзей ядуць, а тымi часамi з жывёламi былi стасункi самыя найлепшыя, такiя, як сёнiня ў нас у Польшчы з Прусамi. Хлопец быў адзiн як палец, мацi ягоная заўчасу памерла, а хатка стаяла ў пустэльнi, у лясiстым краi, пане каханку, дзе ўжо нi людзей ня было, анi на лякарства. Багабаязныя жывёлы, даведаўшыся пра няшчасьце сiраты, адразу ж прыйшлi да яго з паслугамi i апекай. Краты выкапалi нябожчыцы магiлу, бабры зрабiлi труну, мядзьведзi паднялi яе на плечы, i, колькi было птаства,-- з жалобнымi сьпевамi праводзiлi да магiлы. Калi адбылася гэтая цырымонiя i хлопец сеў, пане каханку, каля сьвежай магiлы i заплакаў, лiс яму хвастом сьлёзы выцiраў. Але ты сьпiш, Глiнка? -- Баранi Божа, вяльможны княжа, я слухаю. -- Дык слухай, бо толькi цяпер i пачынаецца, пане каханку, гэта яшчэ нiчога, пабачыш далей. Дзе хлопец сядзеў i плакаў, абселi яго апекуны i зладзiлi раду -- што хлопцу i з хлопцам рабiць далей. Спачатку яму прапанавалi, каб, ня шукаючы людзей, застаўся зь iмi,зьвярамi, што будуць дапамагаць яму ў гаспадарцы; але калi хлопцу мусова захацелася да людзей, яны згадзiлiся i на тое, каб правесьцi яго. -- Як сабе, пане каханку, пасьцелеш, так i высьпiшся,-- сказаў яму воўк. Зрабiлi нам такую рэпутацыю, што ўжо горшай i быць ня можа, а цi людзi лепшыя за нас, зьведаеш на сваёй скуры. Iдзi з Богам, пане каханку. Сарока перад табою ляцецьме i дарогу табе да людзей пакажа; сам сабе рады шукай. А як што хлопец, пане каханку, быў галодны, мядзьведзь паказаў яму борць i сам выдраў мёду, вавёрка арэхаў дастала, кажан засьведчыўся, што ведае недалёка закапаны скарб, зь якога сiрата мог сабе ўзяць жменю, каб было з чым вандраваць. Вось так тады гэта сталася, але ты сьпiш, Глiнка? -- Не, ня сьплю, вяльможны княжа. -- Калi разьвiталiся, сарока ляцела перад хлопцам i прывяла прасьцютка да самай Варшавы. -- Перад патопам, вяльможны княжа? -- Перад патопам Варшава была такая самая як i сёнiня,-- адказаў князь,--а ты мяне, Глiнка, такiмi пытанiнямi не перабiвай... Ну вось, пане каханку, так да заставы i прыйшлi. Тут сарока прысела на калочку i закрычала: ад'ю, каханку! Хлопец i Богам не падзякаваўшы ёй, рады, што дабраўся да людзей, да горада, якi курэў тысячамi комiнаў, шпаркiм крокам укруцiўся ў натоўп. А там якраз iшлi манаскiя фурштаты, i, вось, убачыўшы, пане каханку, бледнае стварэнiне з пашараванымi локцямi, бяз ботаў, у латанай кашулi, манахi запрасiлi яго з сабою ў кардыгардыю. Хлопец думаў, што на абед, пане каханку, а тут апынуўся перад панам пiсарам, якi зь пяром за вухам пачаў iнквiзiцыю. Але перш чым гэта наступiла, хлопца абшукалi i знайшлi пры iм дзьве жменi кажановых дыямантаў. Cоrpus delicti, пане каханку. Босы чалавек, натуральна, павiнен быў украсьцi. Хлопец, перакананы ў сваёй невiнаватасьцi, пачаў сьмяяцца, пане каханку, i расказаў усю сваю гiсторыю са зьвярамi. А пiсару таго толькi i трэба было; дыяманты ён схаваў у кiшэню, а хлопца адаслаў да братоў-мнiхаў. Апынуўшыся пад замком, небарачыска давай наракаць, пане каханку, што не застаўся зь мядзьведзямi. Браты-мнiхi, чуючы, што хлопец трызьнiць, давай лiць яму на галаву халодную ваду i па мардасах хлястаць, каб да розуму прывесьцi. I разбудзiлi ў iм шал. А пасьля ж трэба было лечыць яго, дык i лекавалi яго так пасьпяхова, што ад таго толькi скура, косьцi засталiся ды недзе пад пупам -- душа. Пасьля гэтага яго каленам папрасiлi на вулiцу. Хлопец, не азiраючыся, вярнуўся ў лес, а там ваўкi яго i задралi,-- кара за тое, што не паверыў iм, пане каханку. Ну што, Глiнка, файная казка? -- Цудоўная, вяльможны княжа, але князю, можа б, i спаць пара? -- Маўчаў бы, ат! Нават не падзякаваў мне за яе, а раскажы я ксяндзу бiскупу Вармiнскаму, што ён зь яе зрабiў бы! Цяпер, Глiнка, твая чарга. Наброiў я ў жыцьцi розных казак, раз мушу i паслухаць. Паспрабуй, раскажы. -- Анiводнай, вяльможны княжа, ня ўмею. -- А што ж ты ўмееш? праўду? ну дык гавары праўду? Прыпёр мяне, аж я i ня ведаў, што рабiць. Мусiць, яму зноў хацелася адкруцiцца ад пасьцелi i неяк прабавiць ноч. -- Цi ж бы я асьмелiўся, княжа ваявода, альбо байкi плесьцi, альбо праўду казаць?-- адказаў я, крыху ўсьмiхнуўшыся.-- Не мая гэта справа. З байкi сьмех, а з праўды гнеў. -- Якi ж ты стаў разумны! Глiнка, -- азваўся князь,-- вой, ня вырасьцеш, бо гэта ў цябе не па ўзросьце. Ён засьмяяўся i ўздыхнуў адначасова. Тае ночы мы ня былi ўпэўненыя, цi прыдасца гэта на што-небудзь, мы склалi невялiкую змову супроць князя. Як што ўжо аднаго разу пеўнi i iх сьпяванiне схiлiла князя да сну, бо ён баяўся заснуць ноччу, а пасьля пеўняў, над ранiнем, засынаў хутчэй; Мiньчак, хлопец з кухнi, якi ўмеў выдатна пераймаць галасы птушак, што не патрэбен быў яму i вабiк, быў прызначаны сьпяваць пеўнем. Загадалi яму па знаку пакручвацца каля фальварка. I ён загаласiў, як стары пеўнiска; князь наставiў вуха. -- Го! го!,-- усклiкнуў,-- як час ляцiць! ужо першыя пеўнi! што iх там пабаламуцiла? ня можа быць такога. Мiньчак тоненька засьпяваў другi раз i трэцi, адзiн раз крыху iнакш, як бы малады невук спрабаваў голасу, пасьля зноў першым голасам, а наперамену рознымi iншымi. Я таксама прыслухоўваўся са зьдзiўленiнем, бо калi б я ня ведаў, што гэта чалавек, можна было пабажыцца, што сьпявалi пеўнi. Толькi ж сьпявалi неяк надта мудра; князь, падняўшы галаву, зь вялiкай цiкавасьцю прыслухоўваўся да гэтага разнагалосага пяянiня. -- Нейкiя вучоныя куры пайшлi,-- сказаў нарэшце,-- выдаюць канцэрт. Ужо цi не адкрыла iм тут панi Стшалкоўская акадэмiю? Глiнка! -- Што князь загадае? -- Iдзi, прашу цябе, i пашлi ў фальварак, хай даведаюцца, адкуль там адразу аж столькi пеўняў завялося? Сеймiк нейкi сабралi, пане каханку, хто ведае, што яны там радзяць. Можа, на згубу Рэчы Паспалiтай. Кат iх там разумее. -- У фальварку ўжо ўсё пазамыкана, вяльможны княжа. -- Страху баiшся цi што? -- спытаў ваявода.-- Вазьмi з сабою Абрамовiча, пабярыце стрэльбы; i перабiце тых трутняў, бо толькi верашчаць сярод ночы, а самыя ж нават на пячысту ня прыдатныя, а мне думаць заважаюць. -- Але, вяльможны княжа, -- адказаў я,-- Абрамовiч шалёная палка, ану ж, баранi Божа, дзе-небудзь у стрэху пальне i пыжа з агнём пусьцiць? можам нарабiць пажару, i людзей папалохаем. Князь уздыхнуў. -- Ну добра, добра, што ўжо цяпер, -- сказаў,-- нi паслушэнства табе, нi набажэнства; што Радзiвiл скажа, тое Глiнка замажа. Я змоўчаў, а пеўнi ўсё гарлалi, князь кiваў галавой i маўчаў. -- Вучоныя куры,-- сказаў пасьля, -- вунь жа як сьпяваюць, трэба спаць, няма рады. I ўклаўся, як бы каб падрамаць. Але сон не задоўжыўся; толькi захроп князь, як тут жа i прачнуўся, схамянуўся. -- Глiнка? -- Я тут, вяльможны княжа. -- Iдзi мне зараз, скажы маршалку, канюшнiку, каб ранiцай усё канечне было гатовае ў дарогу. У гэтых Славацiчах выжыць немагчыма, трэба хутчэй уцякаць у Белую. Мой час надыходзiць, гадзiны палiчаны ўжо, а ў гэтых зачуханых Славацiчах памiраць нiякага сэнсу няма, нават пахаваць тут па-людзку не пахаваюць. У Белай усё падрыхтавана, сьвечак у рэфарматаў хопiць, ну i базыльяне таксама ж нешта падкiнуць. -- Ай! Вяльможны княжа, цi ж бо варта думаць пра такое?--сказаў я. -- Ня рэзанiруй, iдзi, iдзi, пане каханку, я табе кажу. Заўтра каб да ранiцы i рушылi. Мне ўжо гэтыя пеўнi Стшалкоўскай косткай у горле сталi. У дарогу, пане каханку, чуеш? -- Вяльможны княжа,-- сказаў я,-- ранiцай усё i перадам, а цяпер усе сьпяць. -- Нiбыта ўжо дзеля мяне i разбудзiць iх нельга, калi я ня сьплю! -- адказаў князь.-- Калi б ты так адказваў князю ваяводу, дастаў бы ад яго, а цяпер на пахiлае дрэва i козы скачуць. Голас яго паступова мяняўся, аж раптам князь, выдабыўшы яго з грудзей, штосiлы крыкнуў: -- На коней! у дарогу! служба! пане каханку; хто жывы, ратуйце Радзiвiла ад пеўневай змовы! Эгэй! Ад гэтага голасу ўсё, што жыло ў суседнiх пакоях, прачнулася i паўскоквала з ложкаў, пабегла, хто як стаяў, босыя, у кажухах, у коўдрах, у сьвiтках. -- Што тут такое? Што з князем? Што князь загадвае? -- крычалi ўсе. -- Зьбiраць абоз! Закладаць конi, з ранiцы ў дарогу. У Белую. Sic volo, jubeo, ня слухаю нiкога, пане каханку, а не, дык вам кашы нагатую. -- Але, вяльможны княжа! -- азваўся Фiнке. -- Нiякiх але, пане каханку,-- амаль гнеўна перабiў таго стары,-- у Белую i квiта. Дысцыплiна i паслушэнства. Князь гаварыў запальчыва, усе замоўклi, не працiвiлiся. Доктар, зрэшты, быў тае думкi, што лепей ужо паслухацца, каб не разьятрыўся зусiм, бо гэта магло пашкодзiць яму больш за само падарожжа. Пасьля выбуху, якi Мараўскi суняў абяцанiнем, што выканае ўсе загады, князь буркнуў яшчэ нешта невыразнае, задрамаў, i ўсе на пальчыках цiха павыходзiлi. Ранiцай пачаўся вялiкi рух у фальварку, на стайнях, на дзядзiнцы, бо ўжо неадкладна трэба было вырушаць да Белай. Падарожжа са Славацiчаў ня было доўгае, але ўтрапёнае, з прычыны тутэйшых дарог. Край гэты пляскаты, нiзiна, пяскi, балоты i лясы, як ня грэбля, дык песчына, а ў лесе па сасновым карэнiнi, па долах i купах таксама не нагарцуешся. Князя найбольш мучыла, што, выехаўшы са Славацiчаў, мы мусiлi добры кавалак дарогi церабіцца праз чужыя маетнасьцi, землi Сапяжынскiх маёнткаў, жонкi князя ваяводы Мсьцiслаўскага, дзе ўжо цяжка было распараджацца як дома, а ў корчмах таксама панавала бязладзьдзе i нэндза. Стрэхi паабдзiраныя, хлявы поўныя гною, нi заехаць, нi адпачыць, нi коням падаслаць. Усю гэтую дарогу князь толькi i дапытваўся: -- А што? А ўжо цi мы на сваiх сьметнiках, пане каханку? А цi далёка яшчэ? Калi яму нарэшце Мараўскi сказаў, што ўжо замак паказаўся, а было тое пад вечар другога дня, князь выглянуў у акно карэты, нiбыта мог нешта разгледзець, накрэсьлiў у паветры рукою крыж i ўздыхнуў. -- Далей ужо мяне нiкуды не завезяце, пане каханку,-- забурчаў,-- са сьвятым Ёсафатам у кампанii спачывацьмем. Нам таксама ад сэрцв адлегла, калi мы здалёк па-над дрэвамi ўбачылi замкавую вежу i званiцу рэфарматаў. Пасланыя наперад людзi паведамiлi ў мястэчку, i неўзабаве ад Вулькi паказалiся падводы, у касьцёлах ударылi ва ўсе званы, а ў канцы грэблi мы ўбачылi сьвятарства, мяшчан i жыдоў з рабiнам i балдахiнам. Калi мы сказалi пра гэта князю, той пакiваў галавой. -- Навошта мне ўсё гэта! I адразу паслаў наказаць, каб званiць перасталi. -- Чаго ж гэта яны мяне як бiскупа вiтаюць? Гэта ўжо экспартацыяй пахне, пане каханку. Навошта? навошта? Калi конi застукаталi ў брукаванай браме, ваявода падняўся, адчуўшы, што ён ужо ў горадзе, i мы ўехалi на дзядзiнец. -- Дзякуй Богу! Тут ужо чакала цалюсенькая служба. Усе харомы сьвяцiлiся, людзей было багата, усе пазьязджалiся вiтаць князя, асобы афiцыйныя, суседзi, шляхта, але Мараўскi папрасiў перапрасiцца перад усiмi, бо князь нездаровы i, рады ня рады, а мусiць у ложак. Унiзе ўжо стаяла крэсла, i гайдукi, пасадзiўшы на яго хворага, патарабанiлi ўгору ў харомы, якiя ён звычайна займаў. Падстаросты, бурграфы, чыноўнiкi, афiцыйныя дарма чакалi, каб каго-небудзь запрасiў да сябе, каб пра што-небудзь спытаўся. Князь загадаў маршалку пачаставаць iх усiх па-панску, а ўсе размовы i iнтэрасы адкласьцi на потым. Хто ў тыя часы ня ведаў Бельскага замка, перш чым ён памалу запусцеўся, той па ўжо пазьнейшым яго стане нiякага сабе ўяўленiня скласьцi ня можа. Ня быў ён такi разьлеглы, як Нясьвiжскi, хоць месца ў iм хапала i на ня меншы двор, але ў цэлым быў асталяваны па-панску, мала цi не па-каралеўску, хоць i на старасьвецкi лад. Велiзарныя залы, кабiнеты, люстраныя пакоi, прыбраныя на розныя густы карцiнамi, скульптурамi, каштоўнасьцямi аздаблялi яго шыкарна. Шмат пакояў было замкнута. З вокнаў вялiкай залы, дзе ня так даўно адбывалася вясельле князёўны з князем Масальскiм, выгляд быў на ставок на Кжне, якi яшчэ ў той час не зарос чаротам, сiтнiкам i татарнiкам. Князевыя пакоi былi ўтульныя, i ў iх было ўсё патрэбнае. Чаго там магло нехапаць, тое даўно ўжо зь Нясьвiжа перавезьлi фургонамi. Ледзь толькi мы спынiлiся i паволi ў замку ўсё пачало суцiшвацца, як зазванiлi ў касьцёле Анёла Божага. Князь уздрыгнуў, але, зьняўшы з галавы ядвабную шапачку, пабожна склаў рукi i пачаў малiцца. Тут на мяне зноў прыпала начное дзяжурства, i я з таго быў рады, бо любiў свайго старога пана, я адчуваў, што ён дагарае, i мне вельмi хацелася перахапiць апошнiя словы зь ягоных вуснаў. Пасьля падарожжа са Славацiчаў князь моцна падупаў i з твару i зь сiлы. Шчокi яго набрынялi, а скура на iх i на шыi сьцягнулася, паморшчылася, аж страх, пакрылася нейкай жаўтлявасьцю. Князю прынсьлi кулеш i печаную курапатку; ледзь скаштаваўшы, князь усё гэта адапхнуў. Яго нельга было нi адгаварыць, нi заняць чым-небудзь, ён змрочна маўчаў. Я сядзеў у парозе, чакаючы загадаў, калi ён раптам клiкнуў: -- Гэй, ёсьць тут хто? -- Глiнка, вяльможны княжа. -- Даволi, што я з той глiнкi, угразнуўшы ў ёй, вылезцi не магу, пане каханку,-- сказаў ён цiха,-- але ж, васпане Глiнка, загадай там гукнуць Напюркевiча. Хай зойдзе да мяне. Напюрка, альбо Напюркевiч, даўно нам усiм быў вядомы, колькi мы нi бывалi ў Белай, бо, апрача бурграбаў, iншых дазорных i рознай службы, быў гэта адзiны, сапраўдны ахоўнiк i пан-Бельскага замка. Здаўна ён тут жыў i ўпраўляўся, кiраваў, сам таго дакладна палiчыць ня мог. Здавалася яму, пэўна, што з ключамi нарадзiўся. Давалi яму гадоў дзевяноста з гакам, а ён, хочучы неяк адкруцiцца ад такой старасьцi, толькi плёў i баламуцiў. Калi часам закруцiць, дык атрымлiвалася, што нарадзiўся за часоў Сабескага, чаго анiяк быць не магло, бо то ж было б яму за сто. Але часы Аўгуста Дужага памятаў выдатна. Колькi жыў, зь Белай не адлучаўся, i да замка, можна сказаць, прырос. Прызвычайкi быў дзiўнай, бо апрача нядзелi i сьвятаў, калi хадзiў у Фарны касьцёл, больш нiкуды ня выбiраўся. У пагоду часам выйдзе над стаў пад дрэвы, альбо на вал -- i досыць. Затое па замку дзень i ноч бадзяўся, як дух закляты. Удзень -- гэта яшчэ нiчога, але часам на яго нападала нешта такое, што ён зь лiхтаром сярод ночы да ранiцы блукаў згары ўнiз, зьнiзу ўгору, па стрэхах, па лёхах, лiха яго ведае чаго. У адных пакоях сядаў, у другiх пахаджаў, там крэсла пасуне, тут столiк паправiць, акно адчынiць, замок нашмаруе, i нiколi канца таму ня было. Пра замак i Радзiвiлаў, калi хто залiшне разбалабонiцца, сьмяяўся i плячыма пацiскаў, часам бурчаў i пароў хвiгi. -- Што вы, малакасосы, ведаеце пра гэта? Што вы ведаеце? Яшчэ кашулi ў зубах зацiскалi, на траўку сюсяючы, як я ўжо тут упраўляўся. Баранi Божа, каб хто калi ў замку адважыўся бязь ведаму Напюркевiча нешта парушыць, пераставiць, узяць, нават акно цi аканiцу адчынiць цi замкнуць безь яго... Тады ён упадаў у такi гнеў, што ўсе разьбягалiся. Пад добры гумор i пагоду, калi ў яго язык разьвязваўся, можна было сяго-таго паслухаць пра былыя дзеi, можна было многага навучыцца. Але гэта ўдавалася рэдка i ня кожнаму, бо калi яму чый-небудзь твар, убор, мiна не падабалiся, слова зь яго ня вырвеш. Усе тут шанавалi старэнькага, князь яго ашчаджаў i дазваляў яму больш, чым iншым. Калi мне было загадана паклiкаць яго, я сумеўся, ня ведаючы, дзе яго гэтай парою шукаць. Але ледзь толькi выйшаў у сенi, гляджу, аж цягнецца нешта ўгору, трымаючыся за парэнчы лесьвiцы адной рукою i нашэптваючы пацеры,-- аж гэта мой Напюрка. -- Князь ваявода просiць пана. Ён паглядзеў на мяне зьнiзу ўгору, аж бялкi заблiшчалi. -- Ано, бачыш, iду, бо сам ведаў... Як, адкуль? пра тое я ўжо ня пытаўся. Стары iшоў не сьпяшаючыся. Як звычайна зьвязка ключоў у руцэ. Я даў яму дарогi. Перад дзьвярыма, зьняўшы шапку, стары пачаў прыгладжваць падголеную галаву i папраўляць навiслыя густыя бровы. Паглядзеў яшчэ на свае боты, запыленыя былi, дык, дастаўшы зь кiшэнi вялiзную хустачку, ацёр iх. -- Хай будзе пахвалёны...-- I толькi калi князь адказаў яму "На векi вякоў!", дадаў:-- Чалом князю ваяводу... -- А што ж там у цябе чуваць, пане каханку? -- спытаўся князь цiхiм голасам, але весела.-- Колькi там старая сава на вежы яек выседзела i цi здаровае патомства ў яе мосьцi?-- I, нiбы тут нешта сабе ўспомнiўшы, хуценька адвярнуўся i крыкнуў:-- Глiнка? А ты тут? Iдзi сабе прэч, ты мне ўжо не патрэбны; падыхай там на калiдоры сьвежым паветрам. Мне зрабiлася страшна маркотна; я быў цiкаўны i быў пэўны, што нiякiх там у iх сакрэтаў, ды хоць i ведаў, што грэх, але, стукнуўшы дзьвярыма, застаўся за iмi, каб паслухаць размовы. Было цiха, i таму я ня ўпусьцiў нi слова. -- Ну, што там у цябе, пане каханку, у нашым старым гнязьдзе?-- паўтарыў князь уздыхаючы. З хвiлiну нiякага адказу ня было, стары толькi соп i выцiраў нос. -- Усё па-старому, княжа ваявода, па-старому ўсенька,-- сказаў,-- трымаемся, абы далей. -- Ведаеш, Напюрка! -- уздыхнуў князь,-- ведаеш? Не гавары гэтага перад людзьмi, каб не карысталiся; iншым я нiколi не казаў, а табе скажу: вочы мне, пане каханку, зусiм заслала, ня сьвецяць ужо, ледзьве бачу, амаль нiчога!... ...Я ўжо нашага замка не разгледжу, а прыгожы, а любы мне быў, i пасьля Нясьвiжа любiў яго я найбольш. Там я быў князь ваявода, а тут проста -- Радзiвiл. Калi трэба было адпачыць, я ўцякаў, пане каханку, у Белую. Цяпер Бог ведае: прыехаў хворы, можа, ужо з вамi i застануся. Тае бяды --i тут у Фары ёсьць склеп! Напюрка перапынiў вокрыкам: -- А крый Божа мiласэрны! У нас князь паправiцца, няма такога паветра як у Белай! Я вунь, i сам ня ведаю на шмат колькi гадоў старэйшы, а яшчэ ж ня выбiраюся. Радзiвiлы доўгiя, жывушчыя. -- Э! пане каханку, iншыя былi часы,-- сказаў князь.-- Па сабе мяне ня мерай, ты жывая мумiя, пражывеш гадоў дзьвесьце. Я, пане каханку, жыў так, што страшна сабе бакi патоўк. Успомнi ад Радамскай, ад Барскай па сёнiняшнi дзень, цi мала зьедзена, цi мала выпiта, ня мяса i вiна, а жоўцi i воцату i здрады i нягоднiцтва людзкога. Маўчаў Напюрка, не пярэчыў, не гаварыў нiчога, бурчаў нешта медзьведзявата. Князь замоўк i галаву апусьцiў. -- За мною, бадай, пане каханку, мой ты Напюрка, апошнi дух Радзiвiлаў сыдзе ў магiлу; тыя, што застаюцца, пашкадуй iх Божа, нават добрыя людцы, але сьлiмачая кроў у iх цячэ. Убачыш, мой Напюрка, як мяне ня стане, замак твой пойдзе ў руiны, вычысьцяць скарбец, высушаць лёхi... уся гэта нашая велiч рассыплецца пылам... Князь памаўчаў, потым зьмененым голасам спытаў: -- А што ж? нiдзе там у цябе псоты няма? -- Не, дзякуй Богу,-- сказаў стары,-- на сьвятых Пятра i Паўла, праўда, бура пад вечар сарвалася, перуны бiлi ў стаў жахлiва. На шчасьце, усе вокны я пазачыняў, i пярун, хоць i гракнуў каля вялiкай залы, але псоты тае, што толькi крыху асыпалася тынку. -- А такi гракнуў? пане каханку,-- сказаў Радзiвiл,-- гэта таксама знак... -- Найлепшы знак, вяльможны княжа,-- зазначыў Напюрка,-- бо нiчога не нарабiў, апроч страху. Я заўсёды перад навальнiцай абыходжу замак з ларэтанскiм званком. Князь маўчаў, праз хвiлiну павярнуў галаву да старога. -- Што там, пане каханку, робiцца з той старой труною князя ваяводы? стаiць яна там? Наважваўся на нешта Напюрка, але ў канцы сказаў: -- А стаiць, вяльможны княжа. -- Дзе, пане каханку? -- На гарышчы. -- Насыпана? можа там у ёй мышы паскудзяць? -- У мяне ў замку няма нiводнай мышыны,-- адказаў Напюрка,-- акрым тых дурных, бурых, што набягаюць з поля. Але да вечара нiводная не дажывае. -- Труна сухая?-- спытаў князь,-- якая яна? дубовая? -- Стаiць, пэўна, паўвеку, i як мае быць сухая? -- А цi не патрэскалася? жыта ў яе сыплюць, пане каханку, цi не? -- Шчыльная, вяльможны княжа. -- А якiх жа яна памераў? пане каханку. Напюрка хацеў перамаўчаць i адказваў неахвотна, ваявода гэта заўважыў. -- Нешта бо ты, стары, круцiш, мулiшся? -- загаварыў,-- балбачы, як трэба. Адзiн раз, хай сабе ў Белай, хай дзе яшчэ, а памерцi трэба. Якiх яна памераў, цi лягу я ў ёй свабодна? Напюрка вусны аддуў i сказаў нарэшце: -- Яна была роблена на старога князя ваяводу, а той тушы быў значна большай ад князя. Ай, ды што пра тое разважаць? -- А чым табе гэта папярок, пане каханку? гм,-- сказаў ваявода,-- я такi павiнен ведаць, што ў мяне ў гаспадарстве робiцца!.. А ў князя канцлера? Як таму яго? -- Усё ў парадку, усё гладка,-- сказаў Напюрка. -- А ў княгiнi Ганны? -- Яе пакоi я сам даглядаю, вяльможны княжа, i ключоў нiкому не даю, нiхто там пылiнкi не сатрэ безь мяне. -- А ў князёўны Каралiны? -- Гэтак сама,-- сказаў Напюрка. -- Фiгура цэлая? -- Як жывая, вяльможны княжа. Тут ужо я не зразумеў, пра што iшла гаворка, нейкi час яны маўчалi. -- Сэпэцiк апячатаны,--сказаў ваявода праз хвiлiну,-- той, якi я табе сам прывёз i аддаў, памятаеш? -- У мяне пад ключом, пад асобым наглядам,-- адказаў Напюрка. -- Сэпэцiк той, калi б я памёр,-- закончыў князь,-- вазьмi, пане каханку, i спалi, разумееш? Спалi яго з усiм. Там розныя грахi мае, пра якiя ня трэба каб ведалi людзi. Досыць iм будзе i тых, пра якiя вераб'i на дахах цьвiркочуць. Навошта iм яшчэ больш паняверыца ў Радзiвiлах. -- Але як жа мне яго спалiць?-- спытаў Напюрка. -- Пане каханку, ты ня дзiця! Хай грахi iдуць на агонь! Сэпэцiк падары каму хоч, а з папераў i хламу, якiя там, каб нiчога не засталося, разумееш? пане каханку. Калi б я каму-небудзь iншаму даверыўся, не заснуў бы спакойна, думаючы, што паквапiўся той на якi сьвiсток там цi фрашку, а то ж грахi мае. Князь уздыхнуў. -- Чуеш? Напюрка? -- Чую, i хай князь будзе спакойны, але ж i я стары. -- Нiчога, перажывеш мяне, пане каханку. Крыху памаўчаў. -- Мой Напюрка! я кожнага дня магу козьлiкам брыкнуць; пасьля мяне тут, ведаю, хаос настане, судны дзень, гармiдар, хватанiна, рады сабе не дасi зь iмi. Але ж, пакуль я яшчэ жывы, дык што б я хацеў, гэта каб вашэцi альбо фамiлii тваёй зрабiць, скажы, пане каханку, што. Каб ужо потым мяне шкадаваньнем з магiлы не даставаў. На гэтыя словы стары адказаў дзiўным посьмехам, аж мне холадна зрабiлася, калi я пачуў яго. Напюрка засьмяяўся, ня прывычны сьмяяцца ўвогуле, i ўвогуле сьмех яму ня ўдаўся. Было гэта нешта як бы i крык, i енк адным часам. -- Вольныя жарты вашай княскай мосьцi,-- сказаў, узвышаючы голас,-- альбо ж у мяне тая фамiлiя ёсьць! Анiкагусенькi на божым сьвеце, апроч рыжага ката. Нават ня ведаю, цi была калi. Я нiчога не патрабую, у мяне з ласкi вяльможнага князя ўсё-ўсяго досыць, а калi б чаго мог жадаць, дык хiба што, каб вяльможны князь не дапусьцiў прагнаць мяне адгэтуль, каб не адабралi ў мяне ключоў. Гэтым бы мяне на месцы забiлi. -- Божа баранi! пане каханку! -- сказаў князь,-- i хто б гэта асьмелiўся ўчынiць такое?.. За гэта будзь спакойны, нiхто ў цябе ключоў не адбярэ. Вiдаць, пасьля гэтай размовы князь кiўнуў на разьвiтаньне старому, якi ўжо i нагою шаркнуў, але князь яшчэ цiха азваўся: -- I прашу цябе, Напюрачку мой, пане каханку, што я казаў пра сэпэцiк, памятай, i слухай, агледзь мне заўтра старую ваяводзкую труну, цi цэлая, цi сухая, цi ня сталася там чаго зь ёю? хто ведае, можа, яна i спатрэбiцца. Без запасу нядобра. Напюрка ўжо меўся выйсьцi, i я адскочыў ад дзьвярэй. Той неўзабаве высунуўся, насоўваючы шапку на вушы, задуменны, а як я вярнуўся ў пакой да князя, маючы поўную галаву ўсякiх гэтых трунаў, сэпэтаў i розных рэчаў, якiх нават ня мог добра зразумець, што яны такое. I адразу я сказаў сабе: што трэба зьблiзацца з Напюркевiчам, каб ён спатолiў маю цiкаўнасьць i каб паказаў мне рэшту замка, у якой я яшчэ ня быў. Князь таго ж вечара, стомлены падарожжам, заснуў раней звычайнага i даўся завесьцi ў ложак пад коўдру. Я ж таксама, паслаўшы на зямлi сьвiтку, лёг i заснуў каменным сном. Адзiн толькi раз сярод ночы разбудзiў мяне князь, бо праз сон пачаў гаварыць i засьмяяўся. Сьмех быў як за даўных, лепшых часоў, вясёлы i свабодны, а мова такая хуткая i жывая, як калiсьцi. -- Князю апосталаў князь Радзiвiл цалуе ножкi,-- гаварыў праз сон,-- маю гонар прадставiцца, апошнi вiленскi ваявода. Маю надзею, пане каханку, вяльможны княжа, што мне гэтыя завалы адчыняцца, бо там мяне чакае княскi кардынал Сiротка i мiладайнiк, якi прасiў за мяне ў Вашай Вялiкасьцi. ... Ну, так, вяльможны княжа, грашылi, але каб зноў жа зь любым хамам у чыстцы сядзець, дык гэтага Радзiвiлу ня сьлед, хiба што ў асобнай каморцы. ... Я адпiсаў на касьцёлы. Хай вяльможны князь прыслухаецца, як яны там за мяне моляцца. ... Sodalis Marianus! а так! i канфедэрат барскi, пане каханку, аман. На ранiцу, як толькi мяне зьмянiлi на дзяжурстве, прыгадаўшы сабе ўчарашнi шэпт i розныя iншыя цiкавыя рэчы, я рашыў напомнiцца Напюрку, якi раней да мяне быў даволi такi ласкавы. Але толькi трэцяга дня я застаў яго ў доме, за сьнеданьнем. Як што дзень быў посны, дык ён еў сьледзя прыпраўленага воцатам i цыбуляй з хлебам. Можа нават адразу падумаў, што мяне прыслаў князь ваявода, бо прыняў бурклiва, але досыць па-людзку. Але зь першых маiх слоў атрымалася так, што нiбыта я прыйшоў ў адведзiны i не бяз мэты. Калi я прызнаўся яму, што добра ня ведаю замка, што шмат якiх закуткаў яшчэ не агледзеў, i што цiкавы агледзець усё, стары паморшчыўся, сеў зноў за сьледзя i ўжо на мяне глядзець не хацеў. Але неўзабаве, бачачы, што я не адступаюся, зiркнуў i востра сказаў: -- А нашто такая цiкаўнасьць, от мусова яму носа ўсьцiбiць? Я ня прывык нiкому паказваць замак. Што адчынена, можаце хоць цэлы дзень аглядаць, а што замкнута, людзi хай ведаюць, што яно замкнута. -- Але я, пане Напюркевiч,-- сказаў я,-- ня прэтэндую нават, каб мне замак паказвалi. Калi б вось, часам ходзячы, дазволiлi мне хадзiць за вамi, вось бы я чаго-небудзь i навучыўся б. Я такi самы Радзiвiлаў слуга, i нiякiх таямнiцаў не прадам. -- Э! э!-- усклiкнуў той нецярплiва, -- нiякiх тут таямнiцаў! а ходзiць за мною рыжы кот, нiкога больш браць з сабою ня маю звычаю. Што ўбачыш?-- сьцены, муры, дзiркi... На тым усё i скончылася; я лiчыў, што зьбiралася на дождж, так што з Напюркевiчам ня было сэнсу i пачынацца. Назаўтра пасьля слотнай ночы распагодзiлася i гумор у Напюркевiча паправiўся. Пад вялiкiм ганкам каля дзядзiнца стаялi дзьве велiзарныя лавы, дзе мы сядзелi, то ў варцабы граючы, то проста так балабонячы. Я якраз пра нешта перапiраўся з Абрамовiчам, загнаўшы яго ў куток, калi памаленьку падгробся Напюрка з ключамi i катом. Я пакланiўся яму, ён спынiўся i даў мне знак. Мы загаварылi пра надвор'е, а калi ён пачаў падымацца па сходках, я пайшоў за iм. Угары, колькi там было адчыненых пакояў, тыя, натуральна, я добра бачыў, ня было ў iх нiчога асаблiвага, апрача княскай велiкапышнасьцi; я спадзяваўся ўбачыць больш цiкавае менавiта ў пазамыканых. Усё яшчэ гаворачы далей пра хмары, вецер i надвор'е, Напюрка давёў мяне да дзьвярэй, у якiя ўставiў ключ. I не адправiў мяне; дзьверы адчынiлiся, першы ўскочыў кот, Напюрка паказаў, каб i я заходзiў зь iм, i, увайшоўшы за мной, дастаў ключ i ўжо зь сярэдзiны замкнуў iх. Пакой, у якi мы ўвайшлi найперш, быў цемнаваты, калiсьцi прыгожы, але ў iм усё як бы прызамглiла нейкая завалака старасьцi. Фарбы прыбляклi, пашарэлi, выцьвiлi; на сьценах у драўняных рамах, шаўковыя шпалерыны ў кветачкi, месцамi папрадзiраныя i вiселi шматамi, мусiць, сатлелыя ад вiльгацi. Вялiкi мармуровы камiн, як бы ўчора пастаўлены; агонь у iм быў пагашаны, побач яшчэ ляжалi няспаленыя паленцы i каля iх абцугi. Параднае ложа зь зялёным павiльёнам, засланае капай, здавалася таксама някранутым пасьля кагосьцi, хто на iм спаў, падушка прымятая, яшчэ як бы захавала сьлед галавы, якая на ёй спачывала. На маленькiм столiку побач ляжала грамнiчная сьвечка, перавязаная зялёнай стужкай. Каля аднаго акна стаялi кросны з ткацтвам, прыкрытыя сурвэтай; у куце стаяў услончык зь пюпiтрам для малiтвы з прыгожым абразам сьв. Ганны, на iм разгорнутая кнiжка i ружанец. Тут, там параскiданыя жаночыя рэчы. Каля ложка на мядзьвежай скуры, я ўбачыў пару чаравiчкаў на корках, як бы скiнутых учора, толькi пабляклых i запыленых. На адной палавiне стала пад люстрам ляжала пара памятых пальчатак, а каля iх у парцалянавым пухары тырчалi сухiя даўно апалыя сьцяблiны. Я разгледзеўся ў гэтым пакоi з трывогай, ня сьмеючы спытацца. -- Тут яна памерла! -- сказаў, зьлёгку паказваючы мне на партрэт сур'ёзнай жанчыны на сьцяне, убранай у чорнае, у вуалi на валасах i княскiм плашчы на плячах. Гаворачы гэта, ён схiлiў галаву перад рункам, партрэтам. -- З той гадзiны, як цела нябожчыцы вынесьлi ў нiжнюю залу, апроч мяне нiхто тут ня быў i нiхто не адважваўся што-небудзь тут чапаць. Сьвятая была панi! Гаворачы гэта, правёў мяне да ўслончыка, асьцярожна высунуў шуфлядку i паказаў у ёй нешта пальцам. Я ўбачыў кальчасты пасак i невялiкую плётку з драцянымi кольцамi. Стары ўздыхнуў i паўтарыў: -- Сьвятая была панi! строгая да сябе, лагодная зь людзьмi. У гэтую хвiлiну ён схiлiўся да пасткi, якая стаяла пад акном, каля якога з той самай хвiлiны, як мы ўвайшлi, заступiў на варту Рыжык. У пастцы бегала неспакойная мыш, Напюрка падняў угору дзьверцы, Рыжык -- скок! толькi нешта хрупнула, i стары зноў наставiў пастку. Мы павольна прайшлi пакой, Напюрка адчынiў дзьверы насупраць, кот зноў першы смыкнуў туды, я за iм, а за намi ключнiк, якi зачыняў за сабою. Пакой, у якi мы ўвайшлi, быў прахадны i пусты, каля адной сьцяны мармуровае куфро, даўно ўжо пустое, цмокам губя разьзяўляла, як бы адвеку пазяхала; насупраць яго вiсеў стары партрэт мужчыны у замежным чорным убраньнi, з рыскаю каля шыi, рукавiчкамi ў руцэ, бародкай i вусамi па-шведзку. У гэтай сьцяне з абодвух бакоў былi дзьверы, аж двое, акладзеныя мармурам. Мы пайшлi направа, i тут ўжо ня было патрэбы ў ключы, ён тырчаў у дзьвярах, а пакой стаяў незамкнуты. Гэтак сама як i ў першым пакоi тут здаўных давён, здавалася, нiчога не чапалi, але выглядала ўсё iнакш: гэты здаўся мне больш запусьцелым за той. З пасткi спускаўся велiзарны медны павук, такi лапасты i пузаты, якi сёньня можна ўбачыць хiба толькi ў касьцёлах. Ложак стаяў як катафалк, чорны, просты, невысока пасьцелены, а над iм каля сьцяны спалавелыя дываны. Тут жа каля ўзгалоўя ўслончык для маленьня з расьпятым Хрыстом са слановае касьцi, а пад iм надпiс: S p e s u n i c a D e u s Над камiнам вiсеў партрэт жанчыны ў авале, маладой, усьмешлiвай, з высокай фрызурай на галаве. На карнiзе камiна крышталёвае начыньне i багаты рэлiквярый з дабраславёнымi шчэнтамi, прынамсi, дваццацi розных патронаў. Каля адной сьцяны я ўбачыў разьбёны куфар, накрыты запыленым каберцам; каля другое гданскую шафу на якой замест звыклых анёлаў i фруктаў, былi знакi пакутаў Гасподнiх, пальмы, вянкi i розныя iншыя рэлiгiйныя сiмвалы. Каля аднаго акна пастаўлены вялiкi пiсьмовы стол, а на iм акладзеныя ў пергамент кнiгi, паперы i канцылярскiя пячаткi у шаўковым з прозалацьцю мяшэчку. Дзьве васковыя, ужо надпаленыя сьвечкi, як бы толькi ўчора пагашаныя. Тут жа i крэсла стаяла i абабiты скурай падножнiчак. Паўаркуша паперы, з напiсанымi некалькiмi фразамi, прыцiскалi iх мужчынскiя рукавiцы, такiя самыя як на абразе ў пакоi насупраць. Скура толькi ад сонца, вiльгацi i старасьцi зьбеглася на iх i скурчылася. Магiльным смуткам веяла з усiх кутоў. Напюрка аглядаў, не дакранаючыся нi да чога, як бы правяраючы, цi на месцы кожная рэч; мы прайшлi некалькi разоў у маўчаньнi. Каля шафы на нiзкiм сядзеньнi бязь бiлаў, як бы толькi што скiнуты, ляжаў чорны плашч, замежнага крою, i капялюш з шырокiмi палямi i шаўковымi кутасамi. Усё запыленае. -- Варта было б усё гэта выцерцi!--- сказаў я. -- Я табе вытру! -- абурыўся Напюрка,-- дастаў бы ваша, калi б тут мне што хоць пальцам крануў! Але хадзем, хадзем, даволi нагледзеўся. I паказаў мне на другiя дзьверы i празь iх мы выйшлi на пусты калiдор, абапал якога мноства дзьвярэй. На сьценах дзе-нiдзе можна было i тут разгледзець шмат чаго цiкавага. Тут вiселi партрэты карлiкаў-фаварытаў, паляўнiчых сабак i коней. На некаторых палатно вылезла з рамаў i абвiсла; сям-там вiселi кепска прыбiтыя аленевыя i ласiныя рогi, пад якiмi былi панадпiсваныя гады. Напюрка, прабiраючыся сярод ключоў, здавалася, раздумваў i пазiраў на дзьверы. Пайшлi направа да ўваходу, у якiм былi белыя дзьверы з залатымi па iх лiсьцямi. Стары ключнiк паволi адамкнуў. Увайшлi ў сенцы, асьветленыя праз запыленую шыбiнку з-над другiх дзьвярэй; стаялi тут два табурэты для службы, а пасярэдзiне iх адчынялiся падвоi у пакой сьветлы i вясёлы. Быў ён калiсьцi абсталяваны зь вялiкай пыхай, але i сюды завiтала сьмерць, а пасьля яе сюды апроч ключнiка, мабыць, нiхто ўжо i не заглядваў. На сьценах белая матэрыя, крыху ўжо пажоўклая, у рознакаляровыя кветкi, на якiх дзе сонца падала, там фарбы высмактала, толькi ў цянi iх па кутах яны яшчэ сьмяялiся, як жывыя. Рамы вакол былi залатыя, мiстэрнай разьбы, дзе-нiдзе ў iх люстры. На палiцах кiтайскi посуд, стаялi i срэбныя пухары, i слоiкi пад кветкi зь венецыянскага шкла. У куце каля акна стаяў малы клавiкордзiк, на якiм яшчэ ляжалi раскладзеныя ноты. Тут жа на мармуровым столiку кiнутая белая жаночая хустачка, таксама, вiдаць, уся ўжо прасяклая вiльгацьцю i пылам. Шкляныя дзьверы ў другi пакой былi заслоненыя зялёнай фiранкай. Напюрка, паклiкаў мяне i крыху iх адсланiў: я зiрнуй i ледзь ня крыкнуў ад зьдзiўленьнЯ i страху. Душой клянуся, я ня ведаў, цi жывую там угледзеў фiгуру, якая мала што толькi ня рухалася. Каля столiка сядзела нейкая панi, з такiм высокiм мастацкiм кунштам вырабленая, як бы з сапраўднага цела i косьцi, нават колер твару быў натуральны. Страх было глядзець, каб не заварушылася i ня крыкнула. Калi Напюрка адчынiў дзьверы, каб я блiжэй прыгледзеўся да гэтага цуду, я ўбачыў кабету гадоў дваццацi зь нечым, у шаўках, яна сядзела з кнiжкай у руцэ, з апушчанымi вачыма, як калi б чытала. Адной рукой зь белымi пальчыкамi падпiрала сябе пад падбародак, а вусны былi як бы сьцягнутыя для ўсьмешкi. Валасы, убор, пярсьцёнкi, кнiга, сам твар i рукi былi такiя натуральныя, што можна было толькi дзiву дацца. З кожнай хвiлiнай здавалася, што зараз вось устане, павернецца, загаворыць. Нiколi нiчога падобнага ў жыцьцi ня бачыў, ужо толькi пазьней у Варшаве, калi немцы свайго Фрыдрыха прывозiлi, вылепленага з воску, на якога ўся Варшава хадзiла падзiвiцца. Напюрка падпусьцiў мяне блiжэй, каб я мог разгледзець гэтую адмыслоту, а сам парога не пераступiў. Прызнаюся, што i я зь нейкай апаскай, толькi здалёк абышоў гэтую прыгожую панi, дзiву даючыся, на якiя толькi куншты людзi здольныя. У другiм канцы гэтага пакоя на ложку, ляжалi раскладзеныя шлюбныя строi, зь якiх асыпалася пасохлае лiсьце. Усё гэта ў жалобным чорным крэпе. Калi я дзiваваўся, стары сказаў: -- Грэшная гэта справа людзкое рукi, бо што заўгодзiлася Богу забраць, таго ў такiм выдуманым жыцьцi выстаўляць не гадзiцца. Даўно ўжо бедная князёўна ў тло абярнулася. Пан Бог тое, можа, толькi прабачыў мацi, якая, страцiўшы дзiця, нiколi не магла суцешыцца. I прыходзiла сюды, сядзела, плакала, малiлася, i бачачы гэты падманны цень дачкi, крыху супакоеная адыходзiла; аж аднаго дня i самое мацi на сьвеце ня стала i нiхто ўжо, апроч мяне, не адчыняў гэтага пакоя... Трагедыя гэта, васпане, фамiльная, князёўне ўжо шылi шлюбныя сукнi, калi захварэла, зьлегла i на руках у мацi Богу душу аддала. Суцешыўся малады, забылi сябры... а матчына сэрца нi жалю нi памяцi пазбыцца не магло... Мы нарэшце выйшлi, а калi дзьверы зачынiлiся, мне палегчала, бо выйшаў я адтуль як з магiлы. Адзiн праход у рагу вежы мы ўжо былi мiнулi, калi стары павярнуўся i пачаў даставаць зь кiшэнi ключы. -- Калi ўжо ты сюды ўдзёрся, што з табой рабiць? трэба, каб ты ўбачыў i тое, што апроч мяне мала хто быў дапушчаны бачыць, -- адазваўся ён цiха.-- Але не раззвоньвай! не хвалiся! Старыя гэта дзеi. Гаворачы гэта, завярнуў у вузкi калiдор, у канцы якога былi прыступкi i заглыбленыя жалезныя дзьверцы. У заржавелым замку мы ледзьве павярнулi ключ, а потым i зь цяжкасьцю папхнулi самыя дзьверы. За iмi былi iншыя, зь якiмi пайшло трохi лягчэй, бо на iх вiсела толькi вялiкая калодка. Калi мы, адчынiўшы i iх, увайшлi ў пакой, папалавiну падземны, з адным акном, агарнулi мяне вiльгаць, холад, i пакуль вочы не асвоiлiся, я ня мог нiчога разгледзець. Цёмна было, пад нагамi каменная падлога, над галовамi амысловае скляпеньне, выгненае i ў складках. Было падобна на нейкую вязьнiцу. Маленькае акенца ў тоўстым муры з кратамi, пакрытымi павуцiнай i сьмецьцем. Ад шыбаў у iм толькi асколкi засталiся. Спакваля я разгледзеўся. Турма была прасторная. З аднаго боку стаяў голы нiзкi тапчан, на якiм згнiў сяньнiк, толькi зь яго рэшткi сьмецьця засталiся; у галавах падушка з грубага палатна, сьпляшчаная, чорная, таксама прабуцьвела ўся. Збоку на простым столiку перавернутыя збанок i мiскi, драўляная лыжка, лiхтар, ляжалi ў беспарадку, з крошкамi збуцьвелага хлеба i белымi рыбнымi касьцямi. Калi я прыгледзеўся, убачыў яшчэ на зямлi чорны плашч, падзёрты i пацёрты, i пас. Каля другое сьцяны тырчала жалезнае кальцо, як бы ад ланцуга, i тут жа пад iм на зямлi парваны жалезны заржавелы ланцуг з кайданамi, цi то ручнымi, цi то нажнымi. Калi я з трывогай азiраўся ў гэтай вязьнiцы, бо гэта не магло быць нiчым iншым, убачыў над тапчаном на счарнелым муры, накрэсьленыя знакi, пашкрабаныя лiтары i нейкiя надпiсы; але ледзь толькi я наблiзiўся да iх, спрабуючы прачытаць, ключнiк сiлай адарваў мяне, не дапускаючы роспытаў. Я не адважваўся пытацца ў яго пра тое, што ўсё гэта азначала. Ён падвёў мяне да акна i паказаў пальцам; акно выходзiла так, што празь яго вiдны былi дзьверы каплiцы, а калi iх адчынялi, дык, мабыць, можна было ўбачыць i ксяндза каля алтара, калi правiў iмшу. -- Старыя гэта дзеi,-- паўтарыў Напюрка,-- i баранi Божа, каб вашэцi асуджаў за жорсткасьць тых, якiя ўсё гэта будавалi... Хатнi сорам замыкалi, каб людзi за яго не плявалi на ўвесь род. Не адна тут сьляза высахла... Ня судзiце, каб i вас ня судзiлi,-- дадаў ён панура.-- Старыя дзеi, старыя дзеi. Вечнае сьвятло хай сьвецiць i судзьдзям i пакутнiкам. I падштурхнуў мяне да выхаду, i калi мы выйшлi ў калiдор, сказаў зь дзiўнай усьмешкай: -- I што ж? не пачаставаў я вашэцi? ня можаш скардзiцца. Цяпер ты ведаеш вантробы замка, якi ўжо ня мае ад цябе таямнiц, праўда? Iдзi ж здаровенькi, i не распускай язык. Выйшлi мы другiмi дзьвярыма на сьвежае паветра, мне стала лягчэй, бо ва ўсiх гэтых пазамыканых пакоях, хоць iх i праветрывалi, стаяў нейкi асаблiвы пах тухласьцi, трухласьцi, магiльных сьвечак, вiльгацi, я сказаў бы нават -- сьмерцi. * * * Князю ваяводу таго ж вечара зрабiлася горш, паднялася гарачка, i ён альбо маўчаў, альбо гаварыў абы-што. Пры iм сядзеў доктар, i надворны фельчар i пан Мараўскi. Вiдаць, гэта была рада, я чуў з другога пакоя, як Фiнке настойваў, каб каля хворага садзiлi жанчын, бо яны ўмеюць лепей даглядаць, яны цярплiвейшыя i трымаюцца лепей. -- Калi трэба кабета для дагляду,-- азваўся Мараўскi,-- дык што прасьцей? хай каторы сходзiць у кляштар Паннаў Мiласэрнасьцi, а i прышлюць хоць бы i дзьвюх i трох самых здольных. Лепшага нiчога на сьвеце ня знойдзеце. Вiдаць, думка гэтая пераканала ўсiх, бо палкоўнiк выбег адразу i, выпадкова сустрэўшы мяне першага, сказаў: -- Мой пане Глiнка! дзеля мiласьцi Божай, зьбегай у кляштар да паннаў, хай прышлюць сюды адну цi дзьве, для прыгляду за хворым. Князь нецярплiвiцца, кiдаецца, а мы, хоць i доктар з намi, ня мажам даць сабе зь iм рады. Тут патрэбны дасьведчаныя. Я адразу пабег па шапку i плашч, бо на дварэ крапаў лiстападаўскi дождж, i ня доўга думаючы -- у кляштар. Ужо быў вечар, калi я пазванiў у браму. Адразу адчынiлася фортка. -- Я да панны старэйшай,-- сказаў я,-- з замка, ад ваяводы. Мяне ўпусьцiлi левую залу. Чакаў нядоўга, выйшла i панна старэйшая; асоба была ў веку, але яшчэ даволi жвавая i рухлiвая. Даведаўшыся, што я з замка, яна пачала зь вялiкай клапатлiвасьцю дапытвацца ў мяне пра князя, сказала нават, што кожнага дня за яго моляцца. -- Нам, -- сказаў я,-- пры хворым цяжка ўпраўляцца; палкоўнiк прыслаў мяне да панны дабрадзейкi, цi не ўдзялiла б нам панна ў дапамогу каго-небудзь зь сясьцёр. Панна старэйшая аж рукамi пляснула. -- А мой ты Божа, чаму ж бо i не? А дзеля каго ж i абавязкi маем найбольшыя? Здам сястры ахмiстрынi кляштар, сама пайду з другою. Чакайце васпан чвэрць гадзiны, толькi надзенем плашчы i мы гатовыя. Пасьля, падумаўшы i, вiдаць, ня хочучы пакiдаць мяне аднаго, панна старэйшая паклiкала кагосьцi са сваiх таварышак; мне прынесьлi вiна i смажаны кавалак мяса па-татарску закусiць, а тым часам ўсё там спасобiлася. Я амаль што быў сьведкам збораў, бо панна старэйшая адразу прасiла клiкнуць сястру Марыю. Калi я пачуў гэтае iмя i ўспомнiў расказ Вiсьнёўскага i агледзеўся, дзе быў, мне стукнула, як бы нейкая дзiўная распарада Божая. Я адразу нават падумаў, а ну ж тая сястра Марыя будзе якраз Вайжбунуўна? Магу сказаць, што ад гэтай думкi несамавiта зрабiлася, i так я сабе ў думках засеў зь непамыснымi выракамi Божымi, што аж спынiўся, слова ня кажучы i ня бачачы нiчога перад вачыма. Тут увайшла паклiканая сястра Марыя; я паглядзеў на яе, асоба была не маладая, твару даволi мiлага i супакоенага, прывыкла, вiдаць, суцяшаць людзей i гаварыць толькi салодкiя словы. Нешта падказвала мне, што гэта Вайжбунуўна. -- Сястра Марыя, -- пасьпешлiва азвалася да яе панна старэйшая,-- пойдзеш са мною ў замак, пану князю пагоршала, дык наказваюць, просяць пашай паслугі. Калi яна гаварыла гэта, я прыглядваўся да твару сястры Марыi, i ўбачыў, як яна ўздрыгнула, як мiжволi заламала рукi. Падняла вочы на панну старэйшую, як бы перапалоханая. -- Можа б, сястра Ганна, я... я ня ведаю, цi здолею,-- азвалася цiха. -- Сястра Ганна мусiць застацца пры iнфiрмерыi. Тут патрэбна лагодная, як вы, i дасьведчаная, нiхто мне так не дагодзiцца, як вы. Я i самая iду. У законе першая цнота -- паслушэнства; выбраная не супрацiвiлася, але з выразу яе твару я ўсё больш i больш набiраўся ўражаньня, што Бог так распарадзiў сваiм празарэньнем, каб менавiта гэтыя дзьве асобы яшчэ раз у сваiм жыцьцi сустрэлiся. Мы пасьпешна рушылi да замка; уся дарога прайшла ў маўчаньнi, я быў пагружаны сам у сябе, i ўвесь час на вочы нагортвалiся сьлёзы. Я толькi чакаў, калi прыйдзем у пакоi, дзе мусiў быць Вiсьнёўскi, там я яе i пазнаю. Ужо таго ж вечара нiхто хвiлiны спакойнай ня меў -- апасалiся за здароўе князя ваяводы. Перад спальняй, у якой ён ляжаў, у прыхожай было шмат народу, i хоць нам нават працiснуцца цяжка было, стаяла такая цiшыня, што быў чуцен цiхi шолах сукенак. Шапталi толькi на самае вуха, гучней нiхто не адважваўся. Уваходзячы, я здалёк заўважыў Вiсьнёўскага i падаў яму знак. Перад сёстрамi ўсе расступiлiся, i доктар адразу прыбег пагаварыць зь iмi. Калi Вiсьнёўскi падышоў, я шапнуў яму на вуха: -- Паглядзi на тую сястру, якая спакайнейшая, i скажаш мне, што табе здалося? -- Што? у такую хвiлiну ты мне кажаш прыгледзецца да маладой сястры?-- абурана агрызнуўся той. -- Глiнка, як бога кохам, такога ад цябе не чакаў. Мяне таксама злосьць ўзяла. -- Але, што чорт пабяры,-- я яму,-- хто табе сказаў, што яна маладая? што вашэцi ў галаве? Iдзi i паглядзi! а потым будзеш казаць! Вiсiнёўскi закруцiўся, пайшоў бачком i бледны вярнуўся да мяне назад. -- Перапрашаюся, Глiнка... -- Гэта Вайжбунуўна? -- спытаўся я. -- Яна,-- адказаў, -- але як гэта здарылася? -- Божы палец,-- адказаў я,-- хто ж патрапiць адказаць, як яно ўсё так здарылася? Бог прымеркаваў. Мы абодва замоўклi, патрывожаныя. Сказаў я тады сабе, што, дазволяць мне цi не, але буду пiльнаваць дзьверы i ў спальню ўцiснуся. Сясьцёр упусьцiлi адразу, я таксама ўвайшоў за iмi. Князь ляжаў на ложку, страшэнна соп i енчыў. Наблiзiлiся да яго на пальцах, наперадзе панна старэйшая, пасьля сястра Марыя, пазiраючы на хворага. Першая адразу ж паправiла падушкi: крыху падняла тую, на якой ляжала галава, пасьля ўзялася за другую. Князь забурчаў. Я пачуў, як ён азваўся: -- Хто гэта тут каля мяне завiхаецца? А хоць бы раз мне спакою далi, пане, хо... хто тут каля мяне? Панна старэйшая цiха азвалася: -- Сёстры мiласэрнасьцi. Князь уздрыгнуў, заварушыўся, i цэлую хвiлiну ня мог гаварыць. Потым сказаў: -- Як завуць? -- Сястра Юстына i сястра Марыя... Усё гэта гаварыла старэйшая, папраўляючы падушкi. На твары Вайжбунуўны я бачыў вялiкае замяшаньне, рукi ў яе дрыжалi i яна выцiрала сабе вочы. -- Я пытаю прозьвiшчы,-- сказаў князь ваявода як не сваiм голасам. Панна старэйшая хвiлiну нешта разважала i азвалася, ня бачачы, што яе таварышка спалохана падае знакi. -- Сястра Юстына ў сьвеце звалася Барташэўская, а Марыя -- Вайжбунуўна. Князь раптам заварушыўся, як спалоханы, абапёрся на рукi. -- Езус, Марыя, Юзаф! -- крыкнуў -- Фэлiцыя Вайжбунуўна!!! Склаў рукi. -- Неспасьцiгальныя выракi Гасподнiя. Пачуўшы гэта, панна старэйшая, якая не магла зразумець нiчога, а ўсё гэта прымала за гарачку, шапнула: -- Супакойцеся, вяльможны пане. -- Але я спакойны, я спакойны i памру цяпер зусiм спакойны. Бог яўна ласкавы да мяне. Як жа яе завуць у законе? -- Каго?-- спытала старэйшая. -- Вайжбунуўну,-- хуценька азваўся князь.-- Дзе яна? Хай скажа слова. Панна старэйшая стаяла зьдзiўленая, ня могучы адазвацца. Сястра Марыя спачатку як бы крылася i здавалася няпэўнай, што зробiць; потым раптам падышла блiжэй i сказала дрыготкiм голасам: -- Я тут, вашэцi княжа. Ваявода павярнуў да яе галаву. -- Сястра Фэлiцыя! -- Маё iмя Марыя. -- Так, так, прашу вас, дайце мне сваю руку. Вайжбунуўна павагалася, пасьля павольна ўзяла выцягнутую далоню князя, якi, адчуўшы яе руку, схапiў яе i паднёс да вуснаў. Панна старэйшая глядзела на гэта са зьдзiўленьнем, блiзкiм да аслупяненьня. -- Сястра Марыя,-- пачаў князь.-- Сястра Марыя! Бог так рашыў, каб без твайго прабачэньня я не адышоў у лепшы сьвет. Слава Богу мiлажальнаму ў вышынях. Прыйшла тая гадзiна, пра якую прароча гаварыў ў Рабцы... прабачэньня прашу... Маўчаньне было страшнае i доўгае. Вайжбунуўна заплюшчыла вочы, зьбiрала думкi, вуснаў адкрыць адразу не магла, аж паволi ясным i выразным голасам сказала: -- Хай табе Бог так прабачыць, як i я прабачаю... Князь ваявода перавёў дух,-- руку, якую трымаў, да вуснаў прыцiснуў i ўздыхнуў, адпускаючы яе.. Панна старэйшая, не разумеючы значэньня гэтых праяваў, стаяла, стараючыся даўмецца толькi, што ў гэтую хвiлiну яна была толькi прыладай нейкай волi Божай, i думка гэтая ўзрушала i трывожыла. -- Дайце мне вады, пане каханку,-- слабым голасам сказаў князь.-- Панна Вайжбунуўна хай не адыходзiць, вельмi прашу, Пан Бог паслаў яе... Была ў гэтым воля Божая... Калi ўсё гэта адбывалася ў спальнi, Вiсьнёўскi, увесь працяты i напалоханы, ня мог у сабе стрымаць таямнiцы i пабег зь ёю да князевага сястранца, палкоўнiка Мараўскага. Той падышоў да ложка. -- Як дзядзечка пачуваецца?-- спытаўся,-- можа хацеў бы застацца адзiн? -- Мне вельмi добра, пане каханку, -- пасьпешна адказаў князь,-- як гэта адзiн? навошта?-- I тут жа дадаў:-- А i ня думай мне тут распараджацца, пане каханку. Я яшчэ жыву. Вайжбунуўна стаяла як статуя над яго ложкам, углядалася ў гэты твар, па якiм ужо блукала сьмерць. Па схуднелых шчоках плылi сьлёзы. Зьбянтэжаны Мараўскi адступiў. Была ўжо позьняя ноч, цiшыня ў замку, я стаяў каля дзьвярэй. Князь, як гэта бывае перад сконам, хвiлiнамi то драмаў, то засынаў, то зноў прачынаўся. I кожны раз, паварушыўшыся, пытаў: -- Сёстры тут? На што старэйшая адказала: -- Мы тут. -- А сястра Фэлiцыя? Дык i яна сама была вымушана адказаць: -- Я тут. -- Прашу, не пакiдайце мяне. Ледзьве могучы прамовiць гэтыя словы, засынаў зноў i неўзабаве зноў прачынаўся, i гэта паўтаралася ўвесь час, усю ноч. Назаўтра з ранiцы запанавала трывога, бо ўжо i лекары i сёстры, i хто толькi наблiзiцца мог да хворага, сумняваўся, што ён можа выжыць. У касьцёлах у той дзень, у Фары, у рэфарматаў, у базыльянаў правiлi набажэнствы з вынасам найсьвяцейшых сакраментаў, абы каб Бог ацалiў князю жыцьцё. Паслалi таксама на набажэнства у Лясную i ў Кодзень. Для двара асобную мшу справiў капелан у каплiцы, што ў замку каля вала, у якой калiсьцi спачывала цела сьв. Ёсафата да таго, як яго перанесьлi да базыльянаў. Падвечар, адчуваючы сябе яшчэ горш, князь ваявода зажадаў апошняй споведзi i астатняга прычасьця, але сказаў, каб адбывалася гэта бязь нiякай помпы i пышнасьцi. Калi прыйшоў канонiк з Фары i ўсе выходзiлi са спальнi, князь папрасiў у панны старэйшай, каб яна не вярталася ў кляштар i засталася зь сястрою Марыяй пры iм. -- Яно ўсё ўжо не задоўжыцца!-- сказаў ёй,-- прашу вас, зрабiце гэта, ня дзеля мяне, дзеля Бога. I тыя мусiлi пагадзiцца, перш чым упусьцiлi канонiка. Споведзь трывала з-паўгадзiны, i хоць князь быў вельмi аслабелы i сваёй сiлай падняцца ўжо ня мог, але такi пажадаў, каб да камунii ўстаць i ўкленчыць. Канонiк хацеў адгаварыць яго ад гэтага, але той ня даўся. -- З Панам Богам жартаў няма, пане каханку,-- сказаў.-- Радзiвiл, цi просты халоп, павiнен бiць чалом. Я чалавек грэшны. I вось накiнулi на яго футру, i ўзялi падпахi, падтрымлiваючы дзеля сьвятой камунii, перад якою князь бiў сябе ў грудзi ў скрусе вялiкай. Паклалi мы яго потым назад у ложак, i праз хвiлiну ён ад стомы i ўражаньня ня мог ужо сказаць нi слова. Пасьля ўздыхнуў i сказаў-такi: -- Усё цяпер скончылася, адыходжу, пане каханку, ad patres! Бывайце здаровыя! Канонiк, якi застаўся, пачаў абнадзейваць, шматкроць падаючы сьвятыя сакраменты ня толькi дзеля душы, але i дзеля цела. Князь толькi ўсьмiхаўся з гэтага. -- Хай дзеецца воля Божая, пане каханку,-- сказаў ён цiха,-- у мяне вялiкай ахвоты да жыцьця няма. На нiчога ўжо больш ня прыдамся, я сьляпы выварацень, уломак стары, дык пара ўжо i ў склеп... Ён яшчэ папытаўся пра паннаў, а як што канонiк сядзеў каля яго i пачуваўся даволi жвава, дык князь сказаў яму, каб ягоным даглядчыцам, прынамсi, далi есьцi, каб падсiлкавалiся. Па сутнасьцi яны да таго часу мацавалiся цi не адной толькi вадою зь вiном i бiсквiтамi. Пайшоў я, праводзячы панну старэйшую i Вайжбунуўну у бакавую залку, дзе загадаў хуценька накрыць стол, а на кухнi заўсёды было што-небудзь гатовае. Я карыстаўся выпадкам, каб лепей прыгледзецца да панны Вайжбунуўны, якая амаль нi да чога не дакранулася i сядзела задуманая i, вiдаць, толькi вялiкай сiлай душы баранiлася, каб ня выказаць узрушэньня. Пазнавалiся ў ёй яшчэ i даўняя прыгажосьць, асаблiва ў вачах, i энергiчны характар, глядзела сьмела, павагу мела вялiкую, але жыцьцё злагоднiла яе, i слодыч у ёй спалучалася з моцай характару. Ледзь прыгубiўшы столькi, каб толькi не адчуваць голаду, абедзьве ўсталi i вярнулiся ў пакой да князя. Канонiк неўзабаве сышоў, а як што князю, здавалася, крыху палепшала i нават забiрала на сон, а доктар запэўнiў, што гарачка адпусьцiла, панны маглi пайсьцi i адпачыць, мяне ж i Пулькоўскага пакiнулi дзяжурыць. Ноччу, здаецца, гарачка зноў вярнулася, бо князь будзiўся, падхоплiваўся, то сьцягваў зь сябе коўдру, то папраўляў яе, трызьнiў, сьмяяўся, пасьля ўпаў у санлiвасьць i хроп так страшна, як бы ўжо апошнiя гралi арганы. Панны у такiя моманты прыходзiлi, i мы абкладвалi яго падушкамi, падымалi, каб яму зручней было. I ўвесь час дыхаў цяжэй i цяжэй. З апоўначы панны пайшлi ў свой кабiнет адпачыць, Пулькоўскi моцна заснуў, я, каб крый Божа не задрамаць, узяў у Напюркi у паперку моцнага тытуню i амальувесь час соваў яго сабе ў нос, так што назаўтра ён у мяне апух як труба.I дасталася мне зь iм нямала бяды, бо мне ж сьвярбела чыхаць, а чхнуць тут было крымiналам; я зацiснуў нос у кулаку, i пакута была зь iм жахлiвая. Папоўначы я пачуў невыразнае ўзрушэньне. Сьвечкi гарэлi як звычайна за зялёнай шырмачкай, i на твар яму падала толькi невялiкае сьвяцельца. Я глянуў,-- усьмiхаўся як за добрым часам, па твары разьлiлася як бы нейкая даброць, як бы пазбыўся ўсялякага клопату. Вусны паволi варушылiся, спачатку цiха, пасьля гаварыў усё больш выразна, вельмi жыва i хутка, як бы прысьпешваў словы, каб выгаварыць усё. -- Каторая гадзiна? га? не прабiла яшчэ? я гатовы ў дарогу! З панам Богам рахунак хроблены. Бывайце здаровыя, пане каханку, бывайце здаровыя! ...Радзiвiлаўшчызны мне тут глядзiце пiльнуйце, прашу вас, i шчэзнуць ёй не давайце. Памятайце, бо ж, пане каханку, з таго сьвету адпрашуся, вярнуся i папытаюся калькуляцыi. ... Ужо мне плечы апухлi столькi часу на iх насiць... i арлы з трубамi. Гэй! гэй! пане каханку! арлы тыя колiсь высока лёталi, а трубы зычна larum сьвету гралi; аж птушкам крылы паабцiналi, як курам, а трубы ўжо хiба што на пахаваньне зайграюць. ... Скончылася, пане каханку. Ваяводаў мундзiр занасiўся да нiткi. Дайце мне яго ў труну, нiхто ўжо ў iм не хадзiцьме: на гэтых здыхлякоў занадта шырокi. Але Бог вялiкi зьлiтуецца з Радзiвiлаў! а калi пераважаць грахi нашыя i прыйдзе кара, пане каханку, умейце насiць няшчасьце так, як ня ўмелi насiць шчасьце! Толькi ня згiнацца, ня лезьцi ў гразь. Лахман пурпурай стаць можа, лепей дзiркi, чым плямы! Замоўк, як бы чакаючы ад кагосьцi адказу, а потым пачынаў нанава. -- Ужо iду, ужо iду. Бачу, чакаюць мяне ў парозе, ваяводы, гетманы, канцлеры, бiскупы... клiчуць да сябе, iду, бацькi каханыя. Дайце мне толькi яшчэ раз зiрнуць на мае замкi, сады i пушчы, на вёскi i зямельку. Тры локцi зямлi хопiць Радзiвiлу. ...Каб толькi тая ваяводзкая труна цесная ня была: я люблю ляжаць раскошна, пане каханку, асаблiва, што пасьцель гэтая не на адну ноч, а да самага суднага дня, пане каханку! ... Ружанец Сiроткi дайце мне ў руку, не пашкадуйце яго. Я ж таксама быў сiрата i сiратою сыходжу са сьвету, як палец адзiн! Бог з вамi, пане каханку, ня плачце. Ён заснуў, але пад ранiцу падхапiўся i закрычаў: -- Грайце хаўтурную ў радзiвiлаўскiя трубы! Мядзьведзь упаў, але скура яго засталася. I, як звыкла, клiкнуў мне: -- Глiнка? ёсьць там каторы? каторая гадзiна? Я пасьпяшаўся да ложка, а панны, таксама пачуўшы голас, надбеглi. Абудзiўся ў памяцi i папрасiў пiць. Падала яму панна старэйшая, але князь, ледзьве ўмачыўшы вусны ў кубку, апусьцiў галаву на пасьцель. Папрасiў ружанца Сiроткi i пачаў малiцца. Ужо вiдаць было, што надыходзiць апошняя гадзiна. Цэлы двор на нагах, у вялiкай цiшынi чакаў, што Бог зрадзiць. Пад ранiцу зноў вады папрасiў у Вайжбунуўны, але такiм голасам, што яго ледзьве можна было пачуць. Беручы кубак, пацалаваў ёй у руку i адразу зашаптаў: -- У рукi Твае, Божа... А потым: -- Езус, Марыя, Юзаф! Твар пакрыўся бледнасьцю, на лобе выступiў пот, а вусны як бы ўсьмiхалiся. Князь ня жыў. Мы ўсе ўкленчылi вакол яго ложка, i ксёндз пачаў гаварыць малiтвы. На сьвiтаньнi ва ўсiх касьцёлах зазванiлi званы, i ў мястэчку плач i лямант разьлёгся вялiкi. Вечны спачынак дай яму, Пане, i вечная сьветласьць хай сьвецiць яму на векi вякоў. Аман. Пераклаў з польcкай мовы Васiль Сёмуха